У далёкім ужо 2011 годзе Аляксандар Лукашэнка назваў тагачаснага старшыню Эўракамісіі Мануэль Барозу «казлом».
Нагодай стала адкліканьне тагачасным прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам запрашэньня для беларускага калегі на буйную канфэрэнцыю ў Кіеве, прысьвечаную гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Тады гаварылася, што Барозу, які ў той час быў ганаровым госьцем украінскага прэзыдэнта, паставіў катэгарычную ўмову — ці ён ці Лукашэнка. Умова, нагадаем, была пастаўленая праз 4 месяцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, разгону пратэстоўцаў у Менску, арышту соцень людзей, крымінальных справаў супраць кандыдатаў у прэзыдэнты.
Ва Ўкраіне зусім іншы прэзыдэнт, які вядзе краіну ў Эўропу. Папярэднік, кажуць, вёў у нейкім іншым кірунку. Між тым, сытуацыі даволі падобныя. Роўна месяц і адзін дзень таму ў Беларусі зноў быў разгон, хапун, таксама заведзена крымінальная справа.
Але гэтым разам Пётра Парашэнка запрасіў Аляксандра Лукашэнку прыехаць на ЧАЭС, пагаварыў аб двухбаковых адносінах, аб вострых праблемах Украіны, аб супольнай бядзе двух суседніх народаў.
Бяда і праўда вялікая. Але яна была ня меншай і ня большай і ў 2011 годзе, калі з Кіева Лукашэнку папрасілі не прыяжджаць, і, скажам, летась, і сёлета. Бяда адна, а прыём розны. Значыць, прынамсі не ў адной бядзе справа.
Як мы памятаем, усебеларускі сакавіцкі сёлетні хапун суправаджаўся шалёным антыўкраінскім параксізмам беларускага афіцыёзу, казалася і пра лягеры баявікоў ва Ўкраіне, і пра прарыў аўтамабіля з вайсковым аснашчэньнем у Беларусь з Украіны (і дзе, дарэчы, арыштаваныя пасажыры і кіроўца таго аўтамабіля), ну а ўжо Майдан як сынонім нацыянальнай катастрофы памінаўся ледзь не праз слова.
Але нічога — сардэчна запрашаем, Аляксандар Рыгоравіч. Як сказаў прэзыдэнт Парашэнка, «на падмурку нашага сяброўства, майго і Аляксандра Рыгоравіча, — мы сапраўдныя сябры».
Было таксама сказана, што «сёньня супраць Украіны вядзецца неаб’яўленая вайна», пры гэтым украінскі лідэр выказаў упэўненасьць, што «што мы разам утаймуем і гэтага дэмана». А Лукашэнка ў адказ заявіў — «мы родныя людзі».
«Дэман» па імені праўда ня быў названы. Але здагадацца нескладана. Варта прыгадаць, што зусім нядаўна сёньняшні госьць украінскага прэзыдэнта называў «родным братам» Уладзімера Пуціна. І разам з тым — «родны чалавек» для яго і Пятро Парашэнка. Складна ўсё ж з роднасьцю ва ўсходніх славянаў.
Чаму гэтая сустрэча адбылася?
Прасьцей адказаць пра беларускага кіраўніка. Думаю, што прычына — якраз у 25 сакавіка, менавіта рэакцыю Захаду, Эўропы і павінен нэўтралізаваць гэты візыт. Маўляў, ну так, мы паказалі, хто ў Беларусі галоўны, з дамоўленасьцямі наконт правоў чалавека атрымалася ня гладка, але свой геапалітычны курс Беларусь не мяняе, цалкам ужо ў фарватэр расейскай палітыкі адносна Ўкраіны не ўстае.
Паездка ў Чарнобыль — жэст, дэманстрацыя менавіта гэтага. Прычым, дэманстраваў гэта не адно Лукашэнка, але і Парашэнка: «Ніхто і ніколі Ўкраіну і Беларусь не пасварыць. Я падкрэсьліваю, што атрымаў цьвёрдае запэўненьне і пацьвярджэньне ад прэзыдэнта Беларусі — ніхто і ніколі ня зможа ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Гэтага не дапусьціць міралюбівы народ Беларусі і дасьведчаны, высокадастойны прэзыдэнт Лукашэнка».
Наконт «ніхто і ніколі ня зможа» — гэта бабуля надвое сказала, як той казаў. Як атрымаецца. Але гаварыў тое нават не Лукашэнка, а Парашэнка.
І падаецца, што будзе пачуты і ў Эўропе і ў ЗША. Мэта дасягнутая. Парашэнка не камандуе Захадам, але ролю пэўнага адваката свайго «высокадастойнага» госьця ён згуляў.
Гутаркі і ў Чарнобылі, і на беларускай зямлі, у Ляскавічах, будуць пачутыя і ў Маскве. І наўрад ці выклічуць там задавальненьне. Але «ўпакавана» ж ўсё прыгожа — «суседзі», «агульная бяда», ды і Парашэнка нават не называў «дэмана» па імені. Асабліва злавацца Маскве таксама не выпадае. Ну так, ёй прадэманстравалі, што Менск пагадненьні ў Стрэльні ад 3 красавіка наконт палагоджваньня двухбаковых праблемаў не ўспрымае як капітуляцыю па ўсіх франтах. На газ зьніжку паабяцалі, нафта ізноў пайшла ў Беларусь — за гэта дзякуй, ну а канфліктаваць з украінскімі «роднымі людзьмі» (як і з менш родным Захадам) Менск не зьбіраецца.
Халодны палітычны разьлік — нічога асабістага
Напэўна, крыху складаней патлумачыць матывацыю ўкраінскага лідэра. Але можна — празь аналёгію. І лідэр першага ўкраінскага Майдану Віктар Юшчанка, і лідэр грузінскай «рэвалюцыі ружаў» Міхеіл Саакашвілі даволі хутка пасьля прыходу да ўлады ня толькі адышлі ад рэвалюцыйнай рыторыкі адносна Беларусі, але і перайшлі да ролі адвакатаў на Захадзе афіцыйнага Менску.
Чаму? Як ні парадаксальна, у тым ліку і таму, што іх прыхільнасьць праэўрапейскаму шляху сваіх краінаў нікім ня ставілася пад сумнеў. Гэта Януковічу трэба было даказваць, што ён не марыянэтка Крамля, што ён таксама падзяляе высокія эўрапейскія каштоўнасьці. Таму і не запрасіў Лукашэнку ў 2011 годзе.
Менавіта як выразна праэўрапейскія лідэры Юшчанка і Саакашвілі спадзяваліся, што іх паслугі афіцыйнаму Менску паспрыяюць аддаленьню Беларусі ад Расеі.
У Саакашвілі быў і яшчэ адзін матыў. Якая б шкода была Грузіі ад прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — гэта пытаньне, але Саакашвілі ня мог сабе дазволіць, не захацеў правяраць. Дарэчы, і пасьля драматычнай зьмены ўлады ў Тбілісі стаўленьне да Беларусі не зьмянілася ні на каліва.
Ну дык дакладна тыя ж матывы ў Пятра Парашэнкі. І яго адданасьць эўрапейскаму выбару бясспрэчная, і ў яго ёсьць свая бяда — Крым, Данбас.
Канапныя стратэгі могуць разважаць, што Лукашэнка і сам па сабе не хацеў бы, каб расейскія войскі з поўначы хлынулі ва Ўкраіну. А таксама, што захоча Пуцін — то і хлынуць, і зь меркаваньнем беларускага ўладара ніхто ня будзе лічыцца.
Таму, маўляў, запэўніваньні Лукашэнкі на гэты конт нічога ня вартыя і няма чаго яго ўлагоджваць.
Не пазбаўлена рацыі. Але ў параўнаньні з канапай вуліца Банкавая ў Кіеве, дзе месьціцца офіс прэзыдэнта Ўкраіны, моцна скажае пэрспэктыву зроку. Ну а калі раптам? А пра што там Лукашэнка, у сэнсе пытаньняў бясьпекі, дамовіўся з Пуцінам у Стрэльні, на што тоўста намякаў? А ці не пра Ўкраіну, часам?
Не, на канапе дык яно ўсё вядома і зразумела, на Банкавай — ня ўсё. Ну дык запрасіць, сказаць пару цёплых слоў — ня надта вялікая цана, каб даведацца і нават прадухіліць вельмі кепскі для Ўкраіны сцэнар. І не ў Фэйсбуку, а на полі бою.
Ёсьць, дарэчы, і яшчэ адно тлумачэньне матываў прэзыдэнта Ўкраіны. Ва ўсіх гэтых страшылках пра баевікоў з Украіны, паток зброі і іншых баек такога кшталту ёсьць аб’ектыўны бок, які падаецца як мінімум вельмі сумнеўным, а як максымум плодам фантазіі сьледчых КДБ. Але неабавязкова сам Лукашэнка гэта менавіта так і ўспрымае.
Вайна ва Ўкраіне ідзе, зброі там сапраўды хапае, у тым ліку і ў беларускіх руках, рашучыя людзі могуць ва Ўкраіне і быць, і мець рашучыя пляны. Справа «Белага легіёну» можа быць такім прэвэнтыўным жэстам на адрас Украіны. Ня тое, што Кіеў падазраюць ці абвінавачваюць у нечым такім, дарэчы, варта адзначыць, што ніводзін з фігурантаў справы «Белага легіёну» ня меў баявога вопыту ва Ўкраіне. Але папярэджаньне — глядзіце там, каб нехта з вашых нам не зладзіў што-небудзь непатрэбнае.
Ну дык ня выключана, што і запрашэньне ў Чарнобыль, і шчырыя словы, сказаныя пры сустрэчы — гэта спроба супакоіць: ды нічога няма такога, «высокадастойны сябра», мы кантралюем, сочым, у вас нешта распальваць — толькі гэтага нам і не хапае ў нашай сытуацыі для поўнага шчасьця.
Напэўна, Пятру Парашэнку шкада тых беларусаў, якія былі зьбітыя, пасаджаныя ў турму ў сакавіку. Ён жа і праўда за Эўропу, за эўрапейскія каштоўнасьці. Неяк непрыгожа ўсяго празь месяц сардэчна вітаць таго, што ўсё гэта зладзіў.
Але ж вайна, але ж паўночная мяжа, але ж Расея. Беларусаў Парашэнку шкада, але ўкраінцаў — яшчэ больш шкада. Асабліва ў выпадку чаго.
Цяжкая шапка Манамаха. Дарэчы, у Кіеве ён яе якраз і насіў.