Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўмільярда даляраў у год на абарону Беларусі. Мала ці многа?


Летась сусьветныя ваенныя выдаткі дасягнулі 1686 мільярдаў даляраў і павялічыліся ў параўнаньні з 2015-м годам на 0,4%, гаворыцца ў справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытута дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).

Паводле бюджэту Беларусі на 2017 год на абарону будзе выдаткавана 924 мільёна рублёў, альбо амаль 500 мільёнаў даляраў. Годам раней на абарону бюджэт прадугледжваў 906 мільёнаў, у 2015-м — 810 мільёнаў, што і тады ў пераліку адпавядала суме ў паўмільярда даляраў.

Экспэрты ў справах бясьпекі кажуць, што грошай ледзь хапае для ўтрыманьня амаль 60-тысячнага войска і вайсковай інфраструктуры, але недастаткова для пераўзбраеньня, якое даўно ня тое што насьпела, а катастрафічна позьніцца.

Чаму праграма пераўзбраеньня ўвесь час адкладаецца?

Праблема пераўзбраеньня, замены старой, яшчэ савецкай тэхнікі на новую, сучасную асабліва яскрава выступае ў гісторыі з вайсковымі самалётамі. Калі на пачатку 1990-х гадоў, пасьля распаду СССР, вайсковы авіяпарк незалежнай Беларусі налічваў больш за сотню добрых на той час самалётаў, то цяпер краіна можа пахваліцца хіба што некалькімі вучэбнымі Як-130, якія нядаўна набылі ў Расеі. Усё астатняе — учорашні дзень авіяцыі.

Ілюстрацыйнае фота. Баявы самалёт МіГ-29
Ілюстрацыйнае фота. Баявы самалёт МіГ-29

Два гады таму асноўныя баявыя машыны вайскова-паветраных сіл Беларусі — МіГ-29 і СУ-27 — было вырашана замяніць. Абралі расейскі СУ-30, але кошт аднаго такога самалёта можа перавышаць 30 мільёнаў даляраў, і грошай хаця б на эскадрыльлю такіх машын не знайшлося. Таму і пляны пераходу на СУ-30 увесь час даводзіцца адкладаць.

У лютым 2017 году камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сіл Беларусі генэрал-маёр Алег Дзьвігалёў казаў, што закуп СУ-30 плянуецца завяршыць да канца 2020 году.

«Пакуль той баявы склад, які ў нас ёсьць, дае магчымасьць выконваць задачы па нясеньні баявога дзяжурства і падрыхтоўцы лётчыкаў», — запэўніваў генэрал, гаворачы пра састарэлыя МіГ-29 і СУ-27.

Экспэрты згадваюць гісторыю з 18 індыйскімі «сушкамі», якая здарылася 5 гадоў таму. Тады Беларусь мела віды на 18 СУ-30, якія Індыя вярнула Расеі паводле адмысловай дамовы, і гэтыя самалёты апынуліся дзеля рамонту ў Баранавічах, на 558-м авіярамонтным заводзе. Пакуль СУ-30 рамантавалі ў Беларусі, за іх лёс ішла барацьба. Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з Уладзімерам Пуціным у верасьні 2012 году нават пасьпеў заявіць, што хутка Беларусь набудзе ў Расеі сучасныя самалёты. Маўляў, з Пуціным дамовіўся пра падтрымку. Паводле, расейскіх «Ведамасьцяў», гаворка якраз ішла пра тыя 18 СУ-30, якія рамантаваліся ў Баранавічах. Але ў выніку ўгода не адбылася, і расейцы прадалі свае СУ-30К у Анголу.

Як абяцаныя «сушкі» не дасталіся Беларусі

Самалёт CE-30, ілюстрацыйнае фота
Самалёт CE-30, ілюстрацыйнае фота

Але Беларусь ня кінула спроб вытаргаваць у Расеі таньнейшыя СУ-30 ці нават атрымаць іх зусім бясплатна. Апошняя такая спроба была зробленая ў красавіку 2017 году, падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Вось што пра перамовы з прэзыдэнтам Расеі наконт расейскіх «сушак» казаў кіраўнік Беларусі.

«Мы дамовіліся, у Савеце бясьпекі Беларусі, што нам трэба, якія віды ўзбраеньняў, і я яму пра гэта сказаў. Праўда, ён адразу падскочыў: „А ты ведаеш, колькі гэта каштуе?“ Я кажу: „Ведаю, пра самалёты СУ-30 — ну, мільёнаў 20–25“. Так, кажу, добра, палову я заплачу. Таму што яны нам патрэбныя цяпер, нават цяпер. Таму што старыя мадэлі, СУ і МіГі, выходзяць з эксплюатацыі, і нам трэба больш сучасныя».

Колькі Беларусь зарабляе на гандлі зброяй?

Паводле беларускіх экспэртаў, да 70% прадукцыі беларускага ВПК ідзе на экспарт, і на гэтым штогод зарабляецца некалькі соцень мільёнаў даляраў — дакладныя лічбы закрытыя. Але асноўны прыбытак ад гандлю зброяй на ўсясьветным рынку ўзбраеньняў Беларусь мае ад продажу старых запасаў.

За 1998–2001 гады Беларусь прадала зброі на 1 мільярд даляраў і займала паводле гэтага паказчыку 11 месца ў сьвеце.

Гэтак адбываецца ўжо амаль 20 год. Паводле інфармацыі, якую раней апублікавала дасьледчая служба Кангрэсу ЗША, за 1998–2001 гады Беларусь прадала зброі на 1 мільярд даляраў і займала паводле гэтага паказчыку 11 месца ў сьвеце.

У 2005 годзе Беларусь уваходзіла ў дваццатку найбольш актыўных прадаўцоў зброі ў сьвеце. Афіцыйна быў пацьверджаны продаж беларускай зброі ў Іран, Судан, Кот-д’Івуар, Пэру, Уганду. Тады вёўся гандаль самалётамі, гелікоптэрамі, бронетранспартэрамі, танкамі ды іншай тэхнікай.

За мінулыя 10 год структура беларускага экспарту зброі зьмянілася. На сусьветным рынку ўзбраеньняў Беларусь пачала спэцыялізавацца ў пастаўках аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня супрацьпаветранай абаронай, авіяцыяй, сыстэм навядзеньня для танкаў і артылерыі. Апрача гэтага, цяпер Беларусь актыўна займаецца мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі, прадае тэхналёгіі падвойнага прызначэньня. Экспэрты ацэньваюць аб’ём штогадовага экспарту беларускай зброі ў 300 мільёнаў даляраў.

На пытаньні пра абаронны бюджэт Беларусі Свабодзе адказалі незалежныя вайсковыя экспэрты.

Аляксандар Алесін: Можна падзівіцца, як Міністэрства абароны ўмудраецца падтрымліваць баяздольнасьць войска

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2016 годзе склаў 94,3 мільярда рублёў. То бок на абарону зь бюджэту было патрачана ня больш за 1 працэнт. На вашу думку, гэта многа ці мала?

— Рэальнага павелічэньня выдаткаў на абарону фактычна за тры гады не адбылося. А тое павялічэньне, якое мы бачым — гэта найперш скачкі курсу беларускага рубля адносна даляра. Бо за гэты час адбывалася інфляцыя, у яе межах і павялічваўся абарончы бюджэт. На маю думку, трэба было б яго павялічыць больш. Вось дывізіён комплексаў С-400 каштуе 700 мільёнаў даляраў — гэта ж больш за гадавы вайсковы бюджэт. Ці зьнішчальнік СУ-30 расейцы прадаюць за мяжу за 35–40 мільёнаў даляраў у залежнасьці ад камплектацыі.

Дык калі ўлічыць, што 500 мільёнаў даляраў вайсковага бюджэту — гэта грошы і на вайсковыя заробкі, на ўтрыманьне вайсковых аб’ектаў, а ня толькі на новую зброю, дык зразумела, што гэта грошы зусім не вялікія. Яшчэ можна падзівіцца, як Міністэрства абароны ўмудраецца на гэтыя грошы падтрымліваць баяздольнасьць войска!

У нас настаў пэрыяд пераўзбраеньня, бо фактычна сьпісаная ўся баявая авіяцыя, а замяніць яе няма чым. У 2001 годзе ў беларускіх ВПС было 256 баявых самалётаў, а хутка, мяркую, і 70 не набярэцца.

Калі ўзяць нашых прыбалтыйскіх суседзяў, дык яны меншыя краіны паводле насельніцтва — Літва ў тры разы, Латвія і Эстонія яшчэ меншыя, — а вайсковыя бюджэты, наколькі ведаю, параўнальныя. А наш вайсковы бюджэт у 1% ад ВУП не расьце, ён топчацца на месцы, між тым як кошты сучаснай зброі імкліва растуць. У нас настаў пэрыяд пераўзбраеньня, бо фактычна сьпісаная ўся баявая авіяцыя, а замяніць яе няма чым. Вось у 2001 годзе ў беларускіх ВПС было 256 баявых самалётаў, а хутка, мяркую, і 70 не набярэцца.

Як удаецца знаходзіць грошы на пераўзбраеньне? Магчыма, праз продаж гэтак званых лішкаў вайсковай тэхнікі. Маецца на ўвазе — таго, што засталося яшчэ ад СССР, але ж яго ўжо зусім мала засталося. Мяркую, яшчэ гандлюем боепрыпасамі, якіх было шмат, а іх усё роўна трэба рэалізоўваць, бо тэрміны даўнасьці праходзяць.

Гандлюем некаторай іншай вайсковай маёмасьцю, аўтатэхнікай. Танкі прадаём, але няшмат, відаць, паштучна. Бо старых танкаў на рынку прапануюць шмат, але без мадэрнізацыі яны асабліва не патрэбныя. Яшчэ самалётамі, магчыма, гандлюем. Вось СУ-24, якія зьнялі з узбраеньня, магчыма, прадалі. Магчыма, партыю СУ-27.

Але гэта не вырашае праблемы недахопу фінансаваньня ў прынцыпе. Толькі некаторыя дзіркі дазваляе заткнуць, ня больш за тое. Мяркую, частка выручкі дзяржаўных прадпрыемстваў ваенпраму, якая атрымліваецца ад экспарту ўзбраеньняў, ідзе на фінансаваньне пераўзбраеньня ўласнага войска, але гэта няшмат.

— А якія, паводле вашых дадзеных, памеры гандлю зброяй зь Беларусі?

— Інфармацыя збольшага застаецца закрытай. Але можна арыентавацца ня толькі на беларускія крыніцы. Два гады таму, калі не памыляюся, Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў у Лёндане ацаніў вайсковы экспарт Беларусі на той час у 680 мільёнаў даляраў. Ці адэкватныя гэтыя разьлікі? Мяркую, збольшага так. Такі памер мог скласьціся з гандлю старой савецкай тэхнікай, з продажу лішкаў рэчаў вайсковага прызначэньня, у тым ліку боепрыпасаў.

Магчыма нават, што і ня ўсё ўлічана. Прыкладам, ня ўлічаны і ўнёсак у гандаль рознымі электроннымі сыстэмамі, сродкамі радыёэлектроннай выведкі і барацьбы, радарамі, праграмным забесьпячэньнем, бесьпілётнікамі — тым, што мы забясьпечваем электроннымі мазгамі. Бо гэтая баявая электроніка, якая цяпер вельмі важная, ня ўлічваецца пры вымярэньні вайсковага гандлю. Таму рэальна лічба можа дасягаць і мільярду даляраў.

А ўжо колькі з гэтых грошай вяртаецца на абаронку, невядома. Мяркую, большасьць ідзе на ўласныя патрэбы ваенпраму — на заробкі, падаткі і гэтак далей — і толькі малая частка пералічаецца на абарону. Хоць ведаю, што Лукашэнка ставіў задачу перад ваенпрамам — больш выпускаць прадукцыі на экспарт і павялічыць працэнт на абарону.

Андрэй Паротнікаў: У нас адзін чалавек вырашае, куды павінны пайсьці грошы ад продажу зброі

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

— Сродкаў, якія бюджэтам прадугледжаныя на абарону, яўна недастаткова. Гэтых грошай фізычна не хапае. Іх не хапае нават на тое, каб нармальна ўтрымліваць асабовы склад Узброеных сілаў, а ня тое што абнаўляць зброю, закупляць новую вайсковую тэхніку і даваць як мае быць падрыхтоўку войскам.

Цяперашні памер фінансаваньня абароны ў 1,2–1,4% ад ВУП трэба павялічыць і давесьці сама меней да 3%. Гэта можна зрабіць за кошт пераразьмеркаваньня бюджэтных выдаткаў і за кошт аб’яднаньня ўсіх пазабюджэтных фондаў.

Грошы ад продажу прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі ідуць у плюс вытворцам, а вось куды ідуць грошы ад рэалізацыі, скажу гэтак, залішняй вайсковай маёмасьці, гэтага ніхто ня ведае.

Што да грошай, якія Беларусь зарабляе на гандлі зброяй і вайсковай тэхнікай, дык тут такая праблема. Грошы ад продажу прадукцыі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі ідуць у плюс вытворцам, а вось куды ідуць грошы ад рэалізацыі, скажу гэтак, залішняй вайсковай маёмасьці, гэтага ніхто ня ведае. Чамусьці гэта не цікавіць нашых дэпутатаў, не цікавіць палітыкаў.

Фактычна ў нас адзін чалавек вырашае, куды павінны пайсьці гэтыя грошы і дзе яны будуць знаходзіцца. Магчыма, у прэзыдэнцкім пазабюджэтным фондзе, магчыма, дзе яшчэ — сыстэма зусім непразрыстая. Але дакладна вядома, што гэтыя грошы не ідуць у бюджэт і, атрымліваецца, не даходзяць да абароны".

— Калі, на вашу думку, Беларусі ўдасца знайсьці грошы на закуп самалётаў СУ-30?

— Увогуле не лічу, што нам такія самалёты патрэбныя, але спачатку адкажу на пытаньне. Глядзіце: расейская абаронка прадае свайму войску СУ-30 за 25 мільёнаў даляраў, таму наўрад ці нам прададуць дзешавей, так? Таму, нават калі падвоіцца абарончы бюджэт, для нас такія вытраты немагчымыя.

Але пытаньне ў іншым. Насамрэч СУ-30 нам проста непатрэбныя, бо гэта цяжкі самалёт. Гэта двухрухавіковы зьнішчальнік, для нашай невялікай тэрыторыі машына з такімі тэхнічнымі парамэтрамі проста непатрэбная. Мы ж не Расея, не Казахстан, дзе вялікія абшары. Нам патрэбна нешта больш лёгкае і адпаведна больш таннае ў выкарыстаньні. Пры гэтым мінімальная колькасьць зьнішчальнікаў, якія нам патрэбныя, гэта 60 машын — гэта ніжняя мяжа.

— Нядаўна Беларусь атрымала з Расеі супрацьракетныя комплексы С-300. А ці трэба беларускім СПА ўзмацняцца яшчэ і за кошт расейскіх комплексаў С-400?

— Дывізіён такіх комплексаў каштуе амаль як гадавы абаронны бюджэт Беларусі, таму шанцаў іх набыць у нас няма. Гаворка можа ісьці толькі пра тое, што нам іх таксама паставяць. Але пасьля падзей у Сырыі варта перагледзець і гэтыя пляны. Ёсьць вялікія пытаньні адносна рэальных характарыстык гэтага комплексу, а ня тых, якія падае вытворца. Бо тое, што мы пабачылі ў Сырыі, прымушае задумацца.

Комплекс С-400 — гэта разьвіцьцё С-300, а тыя комплексы рэальна ня ўдзельнічалі ў ніводнай вайне. Вось цяпер у Сырыі, калі амэрыканцы нанесьлі ракетны ўдар па сырыйскай авіябазе — дзе былі сырыйскія С-300? Дакладна невядома, што яны прапусьцілі гэты ўдар, але факт, што неяк не адрэагавалі. Ужо пайшла інфармацыя, што і не маглі адрэагаваць, бо тэхнічныя парамэтры не дазваляюць ім супрацьдзейнічаць крылатым ракетам, якія ідуць на нізкай вышыні, да 100 мэтраў з агібаньнем рэльефу мясцовасьці.

Таму ўзьнікае пытаньне, ці мае сэнс рабіць гэтыя комплексы асновай канструкцыі супрацьпаветранай абароны, бо ўсё ж такі яны ня танныя, яны вялікія і элемэнтарна будуць зьнішчаныя ў выпадку нават рэгіянальнай вайны краінай, якая валодае крылатымі ракетамі. Тая ж Польшча закупіла дывізіён нарвэскіх крылатых ракет, Расея іх мае, Украіна стварае — пра гэта трэба задумацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG