Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы маем ілюзіі наконт таго, нібыта Лукашэнка мяняецца»


Што стала скразной тэмай штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі? Як кіраўнік дзяржавы патлумачыў сваё стаўленьне да эканамічных рэформаў? Які мэсідж Захаду выказаў у сваёй прамове Аляксандар Лукашэнка?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і палітычны аглядальнік Тут.бай Арцём Шрайбман

Цыганкоў: Ці быў у гэтым пасланьні нейкі скразны момант, які б вызначаў ягоную сутнасьць? У розныя гады гэта было — пасланьне канфлікту з Захадам, пасланьне лібэралізацыі, пасланьне вайны з Расеяй. Што зараз?

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Старыкевіч: Тут хто як пачуў. Для мяне асабіста галоўная выснова — -Лукашэнка нічога мяняць не зьбіраецца, у эканоміцы, палітыкі, адносінах з Захадам і Ўсходам. Так, трошкі касьметыкі, няпэўныя абяцаньні рэформаў бізнэсу. Што да астатняга, то відавочна дамінуе думка — «нам галоўнае захаваць сыстэму, якая ёсьць, і калі нешта будзе ёй хаця б уяўна пагражаць — на гэта мы ня пойдзем».

Цыганкоў: Даволі красамоўным і паказальным было шчырае тлумачэньне Лукашэнкам ягонага стаўленьня да рэформаў. Маўляў, іх могуць дазволіць сабе толькі багатыя краіны. У Расеі шмат прыродных рэсурсаў, у Кітая шмат людзей, ЗША могуць надрукаваць сабе даляры (гэта я Лукашэнку цытую) — вось гэтыя краіны і могуць дазволіць сабе рэформы. А Беларусь маленькая і бедная, таму тут нельга. Бо будзе хаос і некіраванасьць. Гэта характарызуе стаўленьне Лукашэнкі да пераменаў?

Старыкевіч: Безумоўна. Характарызуе і падкрэсьлівае ягоныя прыярытэты. Па гэтай мадэлі, якую адстойвае Лукашэнка, Беларусь жыве ўжо 22 гады. Вынікі мы ўсе ўжо бачым. Невядома, якія вынікі будуць ад рэформаў, але без рэформаў Беларусь дакладна доўга жыць ня можа. Фактычна Лукашэнка праграмуе такую сытуацыю, ягоныя колішнія словы, што «беларусы будуць жыць кепска, але ня доўга» не апраўдваюцца.

Шрайбман: Я згодны, што асноўны мэсідж пасланьня быў антырэфарматарскі. Ажно да таго, што дадзены загад міністру гандлю не зьвяртаць увагу на патрабаваньні МВФ, і сказана рэгуляваць цэны. Адкат па ЖКГ, адыход ад таго, што Менск абяцаў зрабіць — я думаю, колькі сівых валасоў у Мацюшэўскага і Калаўра зьявілася. Потым была эмацыйная частка замежнапалітычная, відавочна, што гэта найбольш трывожыць зараз Лукашэнку. Што Эўразьвяз не разумее ягонай матывацыі, чаму ён разагнаў пратэсты — прагучала шчырая крыўда і расчараваньне. Маўляў, мы ратуем краіну ад тэрарызму, ад якога вы задыхаецеся, а вы на нас яшчэ цісьнеце.

Таксама праскочыла цікавая фраза — маўляў, пішуць, што я не зьмяніўся. «Зьмяніўся!» — пераконвае Лукашэнка. Значыць, ён усё ж хоча пацяпленьня адносінаў з Захадам, і вельмі крыўдзіцца, што яно зрываецца. Гэта, я мяркую, пацьвярджае тэзісы многіх экспэртаў, якія заяўляюць, што Беларусь ня хоча на гэты раз ірваць сувязі з Захадам, у адрозьненьні ад 2011 году.

Цыганкоў: У эўрапейскай тэме было два мэсіджы. Першы — — адчапіцеся, прымайце нас такімі, якія мы ёсьць. Другі — вы самі хутка зразумееце свае памылкі, зьменіцеся, і станеце такімі, як і мы. Ці гэта была рытарычная фігура, ці ён сапраўды спадзяецца, што яго будуць прымаць «такім, які ёсьць»?

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Я думаю, у яго сапраўды ёсьць спадзяваньне, што будзе больш разуменьня дзеяньняў Беларусі ў сёньняшняй Эўропе, якая сутыкнулася з выклікамі сваёй бясьпекі. Таму тут прынцыповыя зьмены ў рыторыцы ў адрозьненьні ад 2011 году. Тады таксама былі пратэсты, «баявікі», і пагроза перавароту, якія паводле Лукашэнкі, былі падтрыманыя Захадам. А цяпер — Лукашэнка кажа, што я і вы, Эўропа, сутыкаемся з адным выклікам. Ня трэба мяне лаяць, я ледзь не на перадавой нашай з вамі агульнай барацьбы. Гэта кардынальнае адрозьненьне, і гэта ўнушае пэўны аптымізм, бо прынамсі меркаваньні, што ня трэба рваць з Захадам, будуць уплываць на прыняцьце ўнутрапалітычных рашэньняў.

Але Лукашэнка разам з тым даў зразумець, што калі ёсьць пагроза стабільнасьці і ўладзе ў краіне, як ён гэта разумее, — то тут улады не спыняцца ні перад чым. І тут ён праводзіць чырвоную лінію, папярэджвае эўрапейцаў, што калі пратэсты паўторацца, то паўторыцца і брутальнасьць дзеяньняў улады.

Цыганкоў: Паказальна, як Лукашэнка рэагаваў на пратэсты «дармаедаў». Адмены дэкрэту ня будзе, дармаеды — гэта крымінальная пагроза, усіх беспрацоўных размеркаваць на працу да 1 траўня.

Старыкевіч: Паводзіны Лукашэнкі ў гэтым сэнсе прадказальныя. Публічна саступаць ён адмаўляўся заўсёды. Магчымыя карэкціроўкі, той жа дэкрэт перапрацуюць. Але гэта будзе пададзена пад соўсам, што мы толькі захавалі і ўдасканалілі, ні кроку назад.

Мы маем надта шмат ілюзіяў наконт таго, што Лукашэнка мяняецца. І часам яны выплёскваюцца ў публічную прастору, нават ад людзей даволі вядомых. Магчыма, гэта ад таго, што ўсе стаміліся ад пэўнай безвыходнасьці сытуацыі. І чакаюць, што вось зараз Лукашэнка ператворыцца, пакрысе будзе іншы. Нельга казаць, што ён не мяняецца зусім, але гэта зьмены толькі ў адным дакладным накірунку — з мэтай найбольш эфэктыўна захоўваць сваю ўладу. Але не з мэтай будаваць тут дэмакратычную дзяржаву, ці падяліцца з кімсьці ўладай.

Цыганкоў: Лукашэнка паведаміў, што рыхтуюцца дакумэнты пра лібэралізацыі бізнэсу, але шчыра прызнаецца, што баіцца страціць кіраваньне дзяржавай, эканомікай, «спарадзіць хаос». Нагадаю, што не спыняюцца арышты вядомых бізнэсоўцаў. Дык як можа выглядаць гэтая «лібэралізацыя»?

Старыкевіч: Мы ведаем, наколькі Лукашэнка ўжо «лібэралізаваў» бізнэс, таму я б і тут не завышаў чаканьні. Магчыма, у той ці іншай ступені палёгка будзе, але наўрад ці гэтыя крокі будуць сыстэмнымі і пасьлядоўнымі. Гэта яму ня блізка, у гэтым ён сам прызнаецца, таму мы таксама можам чакаць і адкату ў горшы бок для бізнэсу. Гэта больш імаверна, чым нейкая сыстэмная і глыбокая лібэралізацыя правілаў гульні.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Лукашэнка абураўся тым, што з-за бюракратаў трэба 12 працэдур, каб адкрыць невялікую кавярню. Цікава, і хто гэта ўсё стварыў, калі гэты самы прэзыдэнт кіруе ўжо 23 гады. Як вы ацэньваеце пэрспэктыву лібэралізацыі бізнэсу?

Шрайбман: Лібэралізаваць бізнэс заўсёды можна ў пэўных межах. Можна адмяніць сотні нейкіх нормаў, якія перашкаджаюць працаваць. І я не выключаю, што тут мы пабачым прагрэс, бо гэта не нясе ніякай прынцыповай пагрозы стабільнасьці і кіраванасьці сыстэмы.

З іншага боку, каб быў плён для ўсёй эканомікі, то трэба разьдзяржаўліваць увесь вялізны дзяржаўны сэктар эканомікі. А вось гэта на сёньня пакуль стаіць за межамі дапушчальнага для Лукашэнкі. Я не пачуў у пасланьні нічога, што б казала, што Лукашэнка прынцыпова зьмяніў сваё нэгатыўнае стаўленьне да рэформы дзяржаўнай эканомікі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG