Паводле знаўцаў даўніны, знойдзенае пахаваньне -найстаражытнейшае ў Магілёве. Надмагільле датуецца канцом 16 стагодзьдзя.
«Гэта надмагільная пліта, на якой герб Астафея Валовіча, альбо прадстаўніка роду Валовічаў, які меў такі ж герб, самая старажытная ў Магілёве. Яна на адных з самых старажытных могілак гораду — Усьпенскіх», — казаў дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Паводле яго Астафей Валовіч — падканцлер Вялікага Княства Літоўскага, магнат, магілёўскі стараста. Пахаваньні роду Валовічаў знаходзяцца пераважна на Гарадзеншчыне.
«Астафей Валовіч, магчыма, адзін з ініцыятараў і суаўтар статуту ВКЛ. Сябар і можа настаўнік Лявы Сапегі, — даводзіў Аляксей Бацюкоў, — Ёсьць вэрсія, што Валовіч і ініцыяваў выданьне статуту, заклаў ідэі для яго, а потым Сапега сабраў статут у адно цэлае».
Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін мяркуе, што знойдзенае пахаваньне аднаго з прадстаўнікоў Валовічаў. Паводле навукоўца пра гэта кажа складаная выява герба, у якой праглядаецца дзьве часткі: жаночая і мужчынская.
Ігар Пушкін адзначае, што на пліту наткнуўся яшчэ напачатку 1990 гадоў менскі археоляг Мікола Бычкоў. Тады ж мясцовая газэта «Ратуша» дала апісаньне гэтага надмагільля. Да нашага часу надмагільная пліта заставалася расколатай і ўрослай у зямлю.
З ініцыятывы Пушкіна Музэй гісторыі Магілёва склікаў талаку, якою ўпарадкавалі пахаваньне.
«Сёньня, дзякуючы географу Ігару Шаруху, мы вызначыліся, што надмагільная пліта вырабленая зь пяшчаньніку. А гэта характэрна для канца 16-га — пачатку 17 стагодзьдзя. Гэта пацьвярджае і выява гэрбу. Ранейшых геральдычных выяваў у Магілёве няма. У гэтым і каштоўнасьць гэтай пліты», — казаў Ігар Пушкін.
Тры гады таму вакол пліты была драўляная агароджа, якой цяпер няма. Паводле ўдзельнікаў талакі ўпарадкаваньне — гэта тое, што ў сілах грамадзкасьці.
На Ўсьпенскіх могілках пахаваныя пераважна прадстаўнікі гарадзкой праваслаўнай знаці. Тут магілы вядомага магілёўскага роду Гартынскіх. Ёсьць і пахаваньні пратэстантаў.