Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герою свабодаўскага рэпартажу далі электрычнасьць


Васіль Лявоненка
Васіль Лявоненка

Магілёўскі пэнсіянэр Васіль Лявоненка дамогся, каб ягоны гараж падключылі да электрычнай сеткі гаражнага каапэратыву «Сіманава».

Паводле 64-гадовага магілёўца, гараж адключылі ад электрычнасьці, каб змусіць яго ўступіць у гэты каапэратыў. Каб адстаяць права на карыстаньне сваёй маёмасьцю ў поўным абʼме, інвалід 2 групы наважыўся быў на пікет, але гарвыканкам дазволу ня даў. Абараняючы сваё патрабаваньне плаціць за электрычнасьць асобна ад гаражнага каапэратыву, Васіль Лявоненка скардзіўся ў адміністрацыю прэзыдэнта, пракуратуру, зьвяртаўся да чыноўнікаў, судзіўся з каапэратывам.

Радыё Свабода таксама пісала пра спрэчку Васіля Лявоненкі з каапэратывам. Пасьля свабодаўскай публікацыі ў гараж пэнсіянэра і вярнулі электрычнасьць.

«Калі б я не даносіў да грамадзкасьці сваю праблему, то ўсё б засталося, як і раней. Мой бы гараж заставаўся без электрычнасьці. А так вы пісалі пра маё змаганьне, яшчэ былі публікацыі на шэрагу сайтах. Безумоўна, сваю ролю адыграла і мая спроба выйсьці зь пікетам. Хоць яго і не дазволілі, але чыноўнікі зразумелі, што я гатовы на многае, каб абараніць свае правы. Звароты ў адміністрацыю прэзыдэнта таксама мелі свой плён. Мая сытуацыя была на кантролі», — адзначыў Васіль Лявоненка ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды.

У лісьце адміністрацыі прэзыдэнта інвалід 2 групы пісаў: «Гаражны каапэратыў „Сіманава“ пры патураньні магілёўскіх уладаў супраць маёй волі прымушае мяне ўступіць у каапэратыў праз адключэньне майго гаража ад электраэнэргіі». Такія мэтады пэнсіянэр называе «сталінскімі».

«Падобным чынам, — пісаў Лявоненка ў адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, — Сталін у 1930 гады прымушаў уступаць у калгасы, у тым ліку, і маіх дзядоў».

Кіраўніцтва каапэратыву абвяргае словы Лявоненкі, што яго прымушаюць уступаць у яго, але настойваюць, што пэнсіянэр, ня будучы сябрам каапэратыву, хоча мець доступ да абʼектаў агульнага карыстаньня.

«Яму сказалі: калі асьвятленьне яму патрэбнае, то ён альбо павінен уступіць у каапэратыў, альбо заключыць дамову на права карыстаньня абʼектамі агульнага карыстаньня. Ён жа адмаўляецца яе заключаць. У дамове ж прапісана, што асоба, якая яе падпісала, мае такія ж правы карыстаньня, што і сябар каапэратыву, за выключэньнем прымаць рашэньні на агульных сходах», — казаў кіраўнік каапэратыву Ўладзімер Яроцкі.

Лявоненка, паводле Ўладзімера Яроцкага, хоча заключыць дамову на сваіх умовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG