Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасланьне Лукашэнкі: «таптаньне на месцы па-беларуску»


Калегі-журналісты скардзіліся ў Фэйсбуку — няма што працытаваць, няма традыцыйных для прэзыдэнтаў «слоўцаў», якія чапляюць, засяроджваюць увагу. Адно зь нешматлікіх — расповед пра звычкі беларусаў, якія гуляюць па парках, займаюцца спартовай хадой і нават «проста па-беларуску топчуцца на месцы».

Зразумела, прага журналістаў да «смажанага» — зусім не крытэр. Разумныя, слушныя меры могуць быць сфармуляваныя і без якога-небудзь «беларусы будуць жыць кепска, але нядоўга». Але ў гэтым і пытаньне, што адсутнасьць «слоўцаў» толькі падкрэсьлівала адсутнасьць адказаў на пытаньні, якія задае грамадзтва.

Хваля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым-сакавіку, паказала, што «няладнае нешта ў беларускім каралеўстве». І гэты голас абурэньня сыходзіў не адно ад тых, хто заўсёды быў незадаволены ўладай, пераважна ад зусім простага народу, учорашняга ці нават сёньняшняга электарату прэзыдэнта.

У сакавіку хвалю зьбілі камбінацыяй саступак па дэкрэту № 3 і масавымі рэпрэсіямі. Зьбілі, але ці надоўга? Ці вырашылі тыя праблемы, якія спарадзілі пратэсты, ці знайшлі адказы на тыя пытаньні, якія задавалі людзі на мітынгах па ўсёй краіне?

Чакалася, што менавіта ў штогадовым пасланьні адказы будуць дадзеныя. Хоць нейкія. Падчас пасланьня ў чарговы раз было паўторана, што Беларусі непатрэбныя лібэральныя рэформы. Ну непатрэбныя, дык непатрэбныя — а якія патрэбныя?

Прэзыдэнт паўтарыў, што пра скасаваньне дэкрэту № 3 гаворка не ідзе. Яго патэнцыйныя ахвяры, а гэта 350 тысячаў чалавек, атрымалі чарговую порцыю зьнявагаў, на іх, паводле прэзыдэнта, «кляйма няма дзе ставіць». Было таксама сказана, што «яны ствараюць вялізную праблему праваахоўнай сыстэме».

І адказ — «патрэбная новая канцэпцыя: прымусіць гэтых людзей працаваць, і мы маем гэты досьвед — досьвед савецкіх часоў». Назваць савецкую канцэпцыю новай складана, досьвед савецкіх часоў і сапраўды надзвычай багаты і разнастайны, уключна з Гулагам. Таксама шлях прымусіць працаваць. Іншая справа, што плён таго досьведу быў абмежаваны і ў савецкія часы.

Зьнявага і прымус — вось і ўвесь адказ траціне мільёна беларусаў. І разам з тым, пакуль дэкрэт усе ж ня дзейнічае. Нягледзячы на зьбітую хвалю пратэстаў аднаўляць спагнаньне збору «на дармаедаў» дзяржава не рашылася.

Ну а што прапаноўваецца іншым, астатнім? «Папіцот». Ідэя добрая, але ў прамове, як і раней, не было сказана нават эскізна, адкуль гэтыя грошы возьмуцца. Ня ў тым нават справа, што Лукашэнку не блізкія лібэральныя падыходы, а ў тым, што не прагучала новых падыходаў, хай сабе і ў межах дырыжыскай філязофіі, філязофіі жорсткага дзяржаўнага кіраваньня эканомікай.

Бізнэсу былі паабяцаныя нейкія палёгкі, але без зьмены сыстэмы жорсткага дзяржаўнага кантролю. Асабліва пераканаўча выглядае на фоне апошняга арышту Віталя Арбузава, 11-га нумара ў Топ-200 беларускага бізнэсу ў 2016 годзе, і 2-га нумару ў пазалеташнім рэйтынгу.

Нейкія палёгкі і сапраўды, магчыма, будуць дадзеныя. Але ці зьменіць гэта кардынальна сытуацыю?

Асаблівасьцю сёлетняга пасланьня быў таксама даўно ня чутны жорсткі тон адносна Эўропы. Але паводле сэнсу папрокі гучалі дзіўным чынам: як скаргу Эўропе...на Эўропу ж, маўляў, ну што вы нас лаеце, ну разагналі мы нейкага, пасадзілі, а вы нас папракаеце, тавары нашы да сябе не пускаеце, вось Макей нават схуднеў і баіцца да вас езьдзіць.

Гэтыя філіпікі выглядалі як крыўда ня столькі на крытыку наконт рэпрэсіяў (гэтая крытыка, а асабліва практычныя крокі, былі даволі памяркоўныя), колькі на тое, што і да рэпрэсіяў Эўропа зусім не сьпяшалася падставіць Менску фінансавае «плячо».

Пра нежаданьне абвастраць стасункі сьведчыць, на мой погляд, і тое, што кіраўнік дзяржавы ні разу ў пасланьні не ўжыў яго любімую мэтафару адносна апазыцыі — «пятая калёна».

Цікава, што ў сваім пасланьні Лукашэнка ня стаў надта расьпісваць магчымыя станоўчыя вынікі замірэньня, дасягнутага з Расеяй. Не, сам факт быў прыгаданы, і карысьць ад яго таксама адзначаная, але неяк без асаблівага імпэту, не гучала нічога ў стылі, што вось, маўляў, мы ізноў сябры навек з Расеяй і зараз зажывем.

Зьнешнепалітычныя рэвэрансы былі хутчэй адрасаваныя Кітаю, чым бліжэйшаму саюзьніку, наконт пэрспэктываў ЭАЭС прэзыдэнт выказаўся даволі кісла. Ізноў жа — не тое, каб зусім, але і гэта — не чароўная палачка, якая выцягне вазок беларускай эканомікі. Ну памірыліся з Расеяй, дык у любым выпадку б не варагавалі вечна.

Ужо наколькі зьяўляецца нацыянальным спортам «таптаньне на месцы» — пытаньне спрэчнае, але пасланьне стала ўдалым практыкаваньнем менавіта ў ім. І ня тое, што гэта пралёг нейкай катастрофы — зусім неабавязкова.

Аднак крызіс, які выплюхнуўся ў лютым-сакавіку на вуліцы беларускіх гарадоў, быў спароджаны ня толькі, а мо і ня столькі фактычным зьбядненьнем, а адсутнасьцю пэрспэктываў, надзеі.

І вось гэтай надзеі Лукашэнка беларусам у сваім пасланьні не даў. Можна, магчыма, і без яе пражыць. Нейкі час.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG