Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць увесьці «пашпарты заўзятараў» і забараніць агрэсіўным фанатам прыходзіць на стадыёны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Парушальнікам грамадзкага парадку на спартыўных арэнах Беларусі цяпер пагражае забарона праходу на спартыўныя аб’екты цягам ад 3 месяцаў да 3 гадоў.

Такая норма ўводзіцца ў папраўках да закону «Аб ахове грамадзкага парадку падчас правядзеньня спартыўна-масавых мерапрыемстваў», якую сёньня ў 1-м чытаньні прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Мельчанка, прадстаўляючы законапраект, сказаў, што калі б гэтае правіла пачало дзейнічаць ужо сёньня, то пад яго маглі б падпасьці прыкладна 130 футбольных заўзятараў Беларусі. Прычым бальшыня зь іх пражывае ў Менскай вобласьці.

«Справа ня ў тым, што жыхары Менскай вобласьці найбольш агрэсіўныя. Проста менавіта гэтая вобласьць прадстаўленая найбольшай колькасьцю клюбаў у чэмпіянаце краіны. Патэнцыйных папаўняльнікаў шэрагаў гэтых 130 футбольных хуліганаў у краіне прыкладна 3,5 тысячы. Гэта актыўныя заўзятары, якія часам балянсуюць на мяжы парушэньня грамадзкага парадку», — сказаў намесьнік міністра.

Ён дадаў, што на некаторых стадыёнах Беларусі ўжо ўсталяваныя відэаманіторы, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць удзельнікаў хуліганскіх дзеяньняў. На пытаньне аднаго з дэпутатаў, колькі будзе каштаваць такі відэакантроль на ўсіх галоўных спартовых арэнах Беларусі, намесьнік міністра сказаў, што не гатовы назваць канкрэтную лічбу.

Акрамя таго, Мікалай Мельчанка паведаміў, што цяпер разглядаецца пытаньне аб стварэньні «пашпарта заўзятара». Такі пашпарт цяпер рыхтуюць у Расеі да чэмпіянату сьвету па футболе 2018 году.

«Мы паглядзім, як спрацуе гэты дакумэнт у Расейскай Фэдэрацыі, і, калі ён дасьць добры эфэкт, мы, мабыць, таксама ўвядзём такі», — сказаў намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі. На ягонае міністэрства, паводле закону, кладзецца абавязак захоўваць парадак падчас правядзеньня спартыўных мерапрыемстваў.

Спадар Мельчанка паведаміў таксама, што на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў будуць выкладацца зьвесткі пра асобаў, на якіх накладзеная забарона на наведваньне фізкультурна-спартыўных аб’ектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG