Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія Эўрагульні-2019 могуць застацца без «каралевы спорту»


Першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» назваў віды спорту, якія ўвойдуць у праграму Эўрапейскіх гульняў 2019 году.

Другія па ліку спаборніцтвы пройдуць у Менску, першыя чатыры гады таму прымала сталіца Азэрбайджану.

Паводле чыноўніка, які ў адміністрацыі зьяўляецца куратарам спартовай галіны, ёсьць адпаведныя дамоўленасьці наконт акрабатыкі, спартыўнай і мастацкай гімнастыкі, трох відаў барацьбы, веславаньня на байдарках, настольнага тэнісу. Зь вялікай доляй верагоднасьці будуць узгодненыя пазыцыі ў бадмінтоне, стэндавай і кулявой стральбе. З гульнявых дысцыплінаў, хутчэй за ўсё, будуць прадстаўленыя баскетбол, пляжны валейбол і пляжны футбол.

Аднак самыя відовішчныя віды спорту, якія традыцыйна зьбіраюць вялікую заўзятарскую аўдыторыю, пад пытаньнем. Так, уключэньню ў праграму Эўрагульняў-2019 лёгкай атлетыкі можа аказацца немагчымым праз тое, што ў гэты ж год у Катары заплянаваны чэмпіянат сьвету, якому прафэсійныя атлеты аддаюць перавагу.

Пакуль у пераліку беларускіх Эўрагульняў-2019 усяго паўтара дзясятка спартовых дысцыплінаў. У Баку ж спартоўцы выяўлялі наймацнейшых у 30 відах, што ўдвая больш за менскі сьпіс. Рэканструкцыя менскага стадыёну «Дынама» прымеркаваная спэцыяльна да лёгкаатлетычных спаборніцтваў у рамках Эўрапейскіх гульняў.

Паводле афіцыйных крыніцаў, зь дзяржаўнага бюджэту на 2015 год Азэрбайджан выдаткаваў на Эўрагульні 1 мільярд даляраў. Аднак падрыхтоўка да падзеі пачалася за некалькі гадоў да таго, мэтавыя грошы на інфраструктуру браліся зь бюджэту і ў 2013-м, і ў 2014-м. Агулам, лічаць аналітыкі, Эўрагульні абышлася Азэрбайджану больш чым 3 мільярды даляраў.

Беларускія ўлады запэўніваюць, што Менск прадэманструе прыклад эканоміі бюджэту гульняў. Аляксандар Лукашэнка ў прыватнасьці ацэньвае затраты на правядзеньне гульняў у 50 мільёнаў даляраў. «Мы палічылі, што нават яшчэ будзем у плюсе», — выказваў ён свой спадзеў у лістападзе 2016 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG