Фэдэрацыя хакею Беларусі пракамэнтавала нядаўнюю масавую бойку беларускіх і славацкіх хакеістаў. У ёй удзельнічалі гульцы юнацкіх камандаў да 16 гадоў (U-16) «Брэст» і «Кошыцэ», якія гулялі на велікодным турніры ў Чэхіі.
Пасьля заканчэньня паядынку за трэцяе месца, у якім беларусы прайгралі зь лікам 1:4, на лядовай пляцоўцы пачалася бойка, да яе далучыліся нават арбітры. Дакладней, ім давялося ўцякаць ад раззлаваных берасьцейскіх падлеткаў. У гэты час беларускія гледачы на трыбунах скандавалі «Малайцы! Малайцы!»
«Лічым недапушчальнымі любыя фізычныя кантакты з афіцыйнымі асобамі матчу, — гаворыцца ў заяве Фэдэрацыі хакею Беларусі. — Асацыяцыя знаходзіцца ў кантакце са славацкім і чэскім бакамі для аб’ектыўнага і дэталёвага расьсьледаваньня інцыдэнту падчас міжнароднага турніру ў горадзе Мост у Чэхіі і прыняцьця вычарпальных захадаў дзеля недапушчэньня падобных сытуацый у далейшым».
Адзначаецца, што па выніках расьсьледаваньня будзе вынесена дысцыплінарнае рашэньне. Яны будуць тычыцца як хакеістаў — удзельнікаў бойкі, так і трэнэрска-выкладчыцкага складу дзіцяча-юнацкай хакейнай школы ХК «Брэст».
Трыкалёр не расейскі, а наш
Акрамя таго, выклікала зьдзіўленьне форма берасьцейцаў, у якой яны выступалі на турніры. На рукавах юных хакеістаў выразна відаць расейскі трыкалёр.
Пра паходжаньне амуніцыі Свабода пацікавілася ў намесьніка дырэктара ХК «Брэст» Сяргея Шчыпанава.
«Паняцьця ня маю, гэта проста спалучэньне колераў. Гэта колеры хакейнага клюбу „Брэст“, якія існуюць ад моманту яго заснаваньня. Ніхто ніколі не зьвяртаў увагу, чаму гэта вылезла цяпер, сам ня ведаю. Ні ідэолягі ня бачылі, ніводная партыя не зьвярталі ўвагу, і вось раптам чамусьці зацікавіліся. Проста колеры, якія ня маюць ніякага прарасейскага сэнсу. Я ў клюбе працую ўсяго паўгода і спэцыяльна перапытваў у нашых старажылаў, што і як. І мне ўсе дружна адказалі:
„Сяргей Мікалаевіч, менавіта такія колеры заўсёды і былі. Ніякага падвоху ці прыхаванага значэньня“. Больш за ўсё абурае, што з мухі зрабілі слана, менавіта праз гэтыя колеры. Паверце мне, пра расейскі сьцяг ніхто ня думаў, такі лягатып хакейнага клюбу».
Пры гэтым Сяргей Шчыпанаў абверг дапушчэньні, што, магчыма, форма паступіла па лініі «гуманітарнай дапамогі» з Расеі, а таму засталіся выявы нейкага ранейшага спартыўнага клюбу:
«Майкі замаўляюцца ў беларускіх фірмах. Робіцца макет формы, набываем практычна кожны сэзон. Традыцыйна адзін камплект — сьветлыя майкі, другі — сінія, з рознымі каляровымі дадаткамі. Ніхто ніякай гуманітарнай дапамогі нам не дае, тым больш з Расеі».
Хакейны клюб «Брэст», які выступае ў беларускай экстралізе, заснаваны ў 2000 годзе. Гэта значыць, празь дзясятак гадоў пасьля таго, як дзяржаўным сымбалем Расейскай Фэдэрацыі стаў трыкалёр — спалучэньне белага, сіняга і чырвонага колераў. Дакладна такая ж расфарбоўка прысутнічае на форме берасьцейцаў.