Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму шлях кітайскага сьпікера ў Менск ляжаў праз Рыгу і Вільню


Чжан Дэцзян, архіўнае фота
Чжан Дэцзян, архіўнае фота

У Менску з трохдзённым афіцыйным візытам знаходзіцца дэлегацыя парлямэнту Кітая, якую ачольвае сьпікер Чжан Дэцзян.

Як даведалася Свабода, кітайскія парлямэнтары дабіраліся ў Беларусь з прыпынкамі ў Латвіі і Літве. У гэтых балтыйскіх краінах яны спыняліся і праводзілі перамовы з высокімі службовымі асобамі, у тым ліку з прэзыдэнтамі абедзьвюх краін.

«Такі маршрут зусім не выпадковы, — кажа ў размове са Свабодай кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін. — У Кітая цяпер адна з самых асноўных тэмаў — новы эканамічны пояс і „новы шаўковы шлях“. Гэта транспартныя калідоры, якія зьвязваюць Кітай з усімі куткамі сьвету. Гэта шмат адгалінаваньняў. Тут існуе нават некалькі варыянтаў шляхоў з Усходу на Захад.

Я толькі што вярнуўся з Кітая. Цяпер там існуе вельмі вялікая цікаўнасьць да чыгуначнага шляху — праз Кітай, Казахстан, Расею, Беларусь і далей у Заходнюю Эўропу, у прыватнасьці ў бок Ратэрдама.

А ёсьць і паўночнае адгалінаваньне — у бок краінаў Балтыі, праз Балтыйскае мора ў Скандынавію. І тут Менск выглядае прывабным лягістычным вузлом. Як і ўвесь гэты маршрут пэрспэктыўны ў пляне гандлю. На яго добра кладзецца сучасны лёзунг, які я падслухаў у Кітаі: сумесна вывучаць, сумесна будаваць, сумесна выкарыстоўваць.

Кітаю патрэбны гандаль, а гандлю патрэбныя добрыя шляхі і стабільнасьць. Вось чаму кіраўнікі абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу Беларусі Мясьніковіч і Андрэйчанка падкрэсьлівалі ў размове з Чжан Дэцзянам, як яны любяць і паважаюць кітайцаў, якая гарантаваная стабільнасьць усталявалася ў Беларусі. Кітайцы вельмі страшацца, што пры зьмене палітычных рэжымаў іхныя папярэднія дамоўленасьці могуць „праляцець“. Так у іх было некалькі разоў з краінамі Цэнтральнай Азіі.

Таму ў гэтым візыце я бачу найперш магчымасьць паглядзець сытуацыю на месцы і пераканацца, наколькі бясьпечна выкарыстоўваць паўночнае адгалінаваньне. Вось чаму Латвія, Літва і Беларусь і сталі для кітайцаў зьвёнамі аднаго ланцужка», — лічыць кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG