Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна лічыць беларуска-расейскую нафтагазавую вайну cкончанай?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Падчас саміту ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка кіраўнікі Беларусі і Расеі прынялі палітычнае рашэньне аб урэгуляваньні нафтагазавага канфлікту. Аднак папярэдні досьвед двухбаковых дачыненьняў навучыў, што варта пачакаць падпісаньня дакумэнтаў, якія б юрыдычна аформілі палітычныя дамоўленасьці прэзыдэнтаў. І толькі потым можна казаць, што вайна скончана.

Дык вось 13 красавіка такі пакет дакумэнтаў падпісалі. Пасьля перамоваў віцэ-прэм’ераў Сямашкі і Дварковіча былі падпісаныя чатыры пратаколы, якія рэгулююць узаемаадносіны ў нафтагазавай сфэры. Беларускі бок у поўным аб’ёме, у суме 726,2 мільёна даляраў, пагасіў пратэрмінаваную запазычанасьць перад «Газпромам» за пастаўкі расейскага газу ў 2016–2017 гадах. Як можна зразумець, перамовы пра цэны на газ у 2018–2019 гадах адкладзены на пазьнейшы час.

Не да канца зразумелая сытуацыя з пастаўкамі нафты. Бакі дамовіліся, што Расея паставіць у Беларусь 24 млн т нафты, аднак толькі 18 млн т зь іх пойдзе на перапрацоўку на беларускіх НПЗ. А вось астатнія 6 млн т будуць выкарыстаныя па нейкай не да канца зразумелай схеме. Як адзначыў Дварковіч, пагадненьне ня мае на ўвазе рээкспарт гэтай нафты. Раней Сямашка ўжыў тэрмін «перетаможка». Гэта цяжка нават перакласьці на беларускую мову.

Я гэта зразумеў так. Гэтыя 6 млн т нафты праз тэрыторыю Беларусі будуць экспартавацца ў Эўропу, але мыта, якое расейскія нафтавыя кампаніі плацяць у бюджэт РФ пры вывазе свайго тавару за мяжу, цяпер два гады будзе ісьці ў беларускі бюджэт. Фактычна гэта тая самая міжбюджэтная кампэнсацыя, пра якую ішла гаворка ў кастрычніку мінулага году. Праўда, атрымліваецца, што пры такім варыянце два беларускія НПЗ застануцца недагружанымі?

Таксама Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЭАЭС. Адмова падпісаць яго была сродкам ціску на Расею, каб прымусіць яе пайсьці на саступкі. Цяпер праблема вырашаная і кодэкс падпісаны.

Таксама абмяркоўваецца пытаньне аб выдзяленьні Расеяй міждзяржаўнага крэдыту Беларусі. Прычым, як можна зразумець з рэплікі міністра фінансаў РФ Сілуанава, гэта крэдыт ня ў межах дамовы аб рэфінансаваньні беларускага доўгу — ён пойдзе на падтрымку бюджэту і плацёжнага балянсу.

Нявырашаным засталося пытаньне з экспартам беларускага харчаваньня ў Расею. Кіраўнік Рассельгаснагляду Данкверт у нядаўнім інтэрвію вельмі рэзка выказаўся адносна дзейнасьці беларускага боку. Ён заклікаў завесьці крымінальную справу супраць Мінсельгасхарчу Беларусі за ўхіленьне ад супрацоўніцтва з Рассельгаснаглядам па выяўленьні санкцыйных прадуктаў на межах краіны з ЭЗ і РФ.

Глод: Я зьвярнуў увагу на заяву кіраўніка расейскага ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева. Ён сказаў, што Беларусь і Расея прыйшлі да рашэньняў, якія задавальняюць абодва бакі, па цане на газ і па пастаўках нафты. Паводле прэм’ера, рашэньні «ў цэлым зразумелыя і празрыстыя».

Магчыма, спадару Мядзьведзеву ўсё ясна і зразумела. А вось экспэрты разумеюць у гэтай справе ня ўсё. Найбольш заблытаная сытуацыя з шасьцю мільёнамі тон нафты, пра што ўжо казаў Валер Карбалевіч. Што стаіць за словам «перетаможка», зразумець няпроста. Тым больш што расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч падкрэсьліў: дасягнутае пагадненьне ня мае на ўвазе рээкспарт нафты.

Ён патлумачыў, што ў індыкатыўным балянсе прапісана 24 мільёны. Як яны будуць разьмяркоўвацца паміж перапрацоўкай і іншымі напрамкамі — гэта міжведамаснае пытаньне. Віцэ-прэм’ер паабяцаў, што яно будзе ўрэгуляванае ў бліжэйшыя дні.

Паводле яго слоў, канчатковыя лічбы што да зьніжкі цаны на газ назаве афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» пасьля падпісаньня адпаведных дакумэнтаў.

Гаворка ідзе пра тое, што да кантрактнай цаны будуць ужывацца паніжальныя каэфіцыенты, якія прывядуць цэны да загадзя ўзгодненых узроўняў, прапісаных у пагадненьнях. Гэта кошты менш як 130 даляраў за тысячу кубоў газу, але канкрэтных лічбаў Дварковіч не назваў. Падобна, што торг яшчэ вядзецца.

Ясна адно: Беларусь хацела б мець свой максымум — 24 мільёны тон. Але даюць толькі 18 мільёнаў. Падобна, што на шасьці мільёнах беларускі бюджэт нешта страціць. Адна справа — мець 24 мільёны, перапрацаваць іх і прадаць значную частку ў Эўропу. Іншая — калі чацьвёртую частку гэтай сыравіны давядзецца неяк пераафармляць. Думаю, страты тут непазьбежныя. Але пра канкрэтныя лічбы пакуль гаварыць не выпадае, бо незразумелы сам працэс.

Экспэрты лічаць, што ў чарговым раўндзе энэрганосьбітавага канфлікту адназначна перамог кіраўнік Беларусі. І задаюцца пытаньнем: а што дае ў абмен за гэта Лукашэнка? За дзень да заканчэньня 10-дзённага тэрміну, адведзенага на ўладжваньне праблем, ён падпісаў Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Таксама расейскі бок сьцьвярджае, што летась беларусы ўдвая зьнізілі пастаўкі ў Расею «санкцыйных» прадуктаў пад выглядам уласна беларускіх альбо афрыканскіх. Плюс беларускі прэзыдэнт паехаў у Бішкек на саміт ЭАЭС, хоць папярэдні саміт у Санкт-Пецярбургу ён паказальна праігнараваў.

Пакуль жа нафтагазавы канфлікт чарговым разам паказаў дзьве рэчы. Першая — Беларусь застаецца разам з Расеяй толькі да таго часу, пакуль Масква можа плаціць за сяброўства. Другая — у Крамля няма варыянтаў, і ён вымушаны штораз плаціць Лукашэнку за гэтае сяброўства.

Цыганкоў: Я б не ацэньваў так адназначна вынікі гэтага пагадненьня. Ва ўсялякім разе, той паразы, якой многія чакалі ў новых гістарычных умовах, афіцыйны Менск не атрымаў.

Выглядае, што тая самая схема «газ і нафта ў абмен на пацалункі», пра якую, здавалася б, ужо можна было забыць, у нейкай ступені ўсё-ткі была адроджаная і па-ранейшаму дзейнічае. Грошай у Расеі ўсё менш. І кожны віток гісторыі разьвіваецца паводле адной схемы. Пачынаецца канфлікт, потым ён дасягае нейкай пікавай кропкі — і потым сустракаюцца прэзыдэнты, калі ўжо нейкія рашэньні падрыхтаваныя, — заяўляюць, што ўсё вырашана, — і потым грамадзтва, аналітыкі разьбіраюць, хто ж усё-ткі перамог. Звычайна аказваецца, што Расея зноў пайшла на пэўныя дружалюбныя саступкі Беларусі. Такімі віткамі і адбываецца беларуска-расейская інтэграцыя.

Выглядае, што апошнімі гадамі на кожным новым вітку гэткіх саступак усё менш, і кожную зь іх афіцыйнаму Менску даводзіцца выгрызаць з большымі стратамі як для сваёй геастратэгічнай незалежнасьці, гэтак і палітычнай.

Калі тлумачыць, чаму Масква пайшла на гэтыя больш-менш спрыяльныя для афіцыйнага Менску ўмовы, то можна заўважыць, што ёсьць такая ў Расеі традыцыя — уступаць у выбарчую кампанію ва ўмовах адноснага сяброўства і добрага стану адносінаў зь Беларусьсю. Выбарчая кампанія ў Расеі ў 2018 годзе. Натуральна, што Крэмль ужо да яе рыхтуецца. І калі цяпер больш-менш пастаўлена кропка ў канфлікце, то ясна, што яе нельга было ставіць літаральна за некалькі месяцаў да выбараў.

Глод: Дзярждума фактычна ўжо вызначыла тэрмін выбараў — 18 сакавіка 2018 году. Так што тут з улікам пачатку кампаніі нават менш за год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG