Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агентура ў турмах: каго і як вэрбуюць за кратамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі пры СССР апэратыўна-вышуковую дзейнасьць (АВД) ажыцьцяўлялі толькі МУС, КДБ, замежная выведка Мінаабароны, то ў незалежнай Беларусі да гэтых структураў дадаліся служба бясьпекі прэзыдэнта, прэзыдэнцкі апэратыўна-аналітычны цэнтар, памежная служба, мытня, органы фінансавых расьсьледаваньняў.

У мэтах вядзеньня апэратыўнага вышуку спэцслужбы або вэрбуюць сваіх агентаў у самых розных арганізацыях ды ўстановах, або ўкараняюць іх туды. Месцы адбыцьця пакараньня не зьяўляюцца выключэньнем.

Як адбываецца вэрбаваньне за кратамі? Ці існуе адрозьненьне паміж агентамі ды «стукачамі»? Чаму зьняволеныя пагаджаюцца быць інфарматарамі? Якія бонусы атрымліваюць яны за сваю дзейнасьць?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваем з палкоўнікам міліцыі, колішнім начальнікам СІЗА № 1 у Менску («Валадаркі») Алегам Алкаевым, які ў свой час сам займаўся вэрбаваньнем агентаў сярод зьняволеных, а таксама з былымі асуджанымі.

«Тых, хто „стукае“, за кратамі хапае»

Наш актыўны чытач, а ў мінулым крымінальнік амаль з 20-гадовым стажам Зьміцер Вольны перакананы, што «стукацтва — гэта норма любога турэмнага супольніцтва. Знаходзячыся там, галоўнае — памятаць, што маўчаньне золата».

Па сутнасьці, у сваёй апэратыўнай працы міліцыянты за кошт стукачоў і вылазяць. Асабліва шмат стукачоў у сьледчых камэрах.

«Што тычыцца мяне, — прыгадвае былы зьняволены, — то мне прапаноўвалі „стукаць“ яшчэ ў міліцэйскім пастарунку, у працэсе сьледзтва. Прапаноўвалі адкрытым тэкстам: раскажы пра Л., пра Н., пра Д., што ты думаеш пра іх, чым займаюцца; можа, чуў нешта пра іхныя крымінальныя сувязі... Але так, здаецца, усім падчас допытаў кажуць... У турме ды на зоне такіх прапаноў не было. Думаю, яны самі бачаць, каму можна прапаноўваць, а каму — не. Па сутнасьці, у сваёй апэратыўнай працы міліцыянты за кошт стукачоў і вылазяць. Асабліва шмат стукачоў у сьледчых камэрах. Звычайна ўсё гэтыя мярзотнікі карыстаюцца момантам, што чалавек, калі трапляе у камэру, асабліва ўпершыню, слаба ўсьведамляе, што зь ім здарылася. У любым выпадку трэба памятаць пра тое, што маўчаньне — золата. Тых, хто „стукае“, хапае як у кожнай турэмнай камэры, так і ў кожным кубрыку калёніі. Там бражку паставілі, дзірку ў сьцяне зрабілі, каб дарога (для турэмнай пошты) паміж камэрамі была, а не праз акно, бо так больш бясьпечна. Ахоўнікі ўсё ведаюць пра гэта. На нешта рэагуюць, а на нешта заплюшчваюць вочы».

Як мяркуе Зьміцер, часам «наседку» можна вылічыць, а часам і не. Найлягчэй гэта зрабіць на зоне або на «крытцы», найцяжэй у СІЗА. Напрыклад, асуджаны на зоне, які ўвесь час бегае да апэратыўніка, не застаецца незаўважаным. Яшчэ больш празрыстая сытуацыя на так званай «крытцы». Там кожны жыве, што называецца, «па вызначаным маршруце», а таму кожнае адхіленьне (новы чалавек, прыезд да кагосьці адваката, канфлікт у камэры, дзіўныя паводзіны сукамэрнікаў) — усё гэта відаць і на ўсё гэта людзі больш-менш разумныя зьвяртаюць увагу. Найцяжэй выявіць стукача, калі той мае турэмны рэжым, аднак пры гэтым застаўся сядзець у СІЗА. І ў Магілёве, і ў Горадні турма і СІЗА знаходзяцца на адной тэрыторыі. У СІЗА пастаянны рух, зьмена людзей, паходы да сьледчага, адваката, кароткія спатканьні і г.д. Адсачыць, хто да каго і як часта ходзіць, практычна немагчыма. Адміністрацыя, дазваляючы свайму чалавеку адбываць прысуд менавіта ва ўмовах сьледчага ізалятару, сьвядома ідзе на парушэньне. Да таго ж такога вязьня ў далейшым могуць чакаць самыя сур’ёзныя наступствы з боку сваіх жа крымінальнікаў.

«Чалавек шмат ведаў...»

Ілюстрацыйнае фота. Калёнія №3 у Віцебску
Ілюстрацыйнае фота. Калёнія №3 у Віцебску

Мянчук Міхаіл у нулявыя адседзеў працяглы тэрмін за эканамічнае злачынства, дакладней за тое, што некаму трэба было стаць «стрэлачнікам» у справе, дзе былі задзейнічаныя дзяржчыноўнікі высокага рангу... Сваёй віны не прызнаў, таму і сядзеў «ад званка да званка», і нават сёньня, празь дзесяць гадоў пасьля вызваленьня, выплочвае дзяржаве. Паводле Міхаіла, восем гадоў за кратамі прывучылі яго трымаць вока ды вуха напагатове, не балбатаць лішняга, нікому ня верыць — толькі самым блізкім ды правераным, усе іншыя кантакты адсякаць...

«„Стукаюць“ як на даручэньне адміністрацыі, так і з уласнай ініцыятывы. Любая сказаная мімаходзь дробязь даносіцца адміністрацыі ў абсалютна нечаканай інтэрпрэтацыі», — адзначае Міхаіл.

Сярод шараговых «шасьцёрак» шмат асобаў зь нізкім турэмным статусам. Яны бяспраўныя, ім патрэбна абарона ад вязьняў, а таму яны імкнуцца знайсьці сабе «дах», напрыклад у асобе начальніка атраду, за тое, што добрасумленна «зьліваюць» яму інфу.

Ёсьць тыя, хто сьвядома ідзе на «стук», бо разумее выгаду для сябе. Праз «стук» атрымліваюць самыя высокія, «хлебныя» пасады. Нярэдка здараецца канфлікт інтарэсаў, гэта калі на адно месца прэтэндуюць некалькі стукачоў.

На так званых «пакрыўджаных» увагі ніхто не зьвяртае — ён мые сабе ціхенька падлогу, а нехта зь некім спыніўся, каб словам перакінуцца ды пачаў размаўляць, не зьвяртаючы ўвагі на нейкую «мэблю». А «мэбля» слухае, а потым бяжыць пераказваць, ды яшчэ і прыдумае сам нешта. А ёсьць тыя, хто сьвядома ідзе на «стук», бо разумее выгаду для сябе. Праз «стук» атрымліваюць самыя высокія, «хлебныя» пасады. Нярэдка здараецца канфлікт інтарэсаў, гэта калі на адно месца прэтэндуюць некалькі стукачоў. Найчасьцей перамагае той, хто хітрэйшы.

Як кажа Міхаіл, асабіста яго ў агенты ніхто ніколі не вэрбаваў. Толькі аднойчы апэратыўнік завёў зь ім размову пра заўгаса К., аднак Міхаіл зрабіў выгляд, што не разумее, пра што размова. К. быў даволі малады хлопец, у мінулым чалец АЗГ (арганізаваная злачынная групоўка), які за свае злачынствы нейкім цудам пазьбег «вышкі». Усе турэмныя разумелі, што ён ня проста так сядзіць на гэтай пасадзе... Як ні дзіўна, але асоба гэтага вязьня пры ўсім тым, што расказвалася пра яго, выклікала ў Міхаіла нейкую сымпатыю. З К. можна было параіцца і пры гэтым быць упэўненым, што гэта застанецца паміж табой і ім. Гэты вязень ня меў звычкі дакладваць пра тое, што неспадзявана для сябе часам мог ляпнуць у ягонай прысутнасьці той ці іншы сядзелец... Напэўна, інфарматарства К. было разьлічанае на вуха куды больш высокага ўзроўню, чым атраднік.

Недзе гады за два да вызваленьня Міхаіла К. перавялі на іншую зону. Неўзабаве пачаліся праводзіцца нейкія сур’ёзныя праверкі ў сувязі з сыгналамі ці то пра карупцыйную схему, ці то пра пастаўкі наркотыкаў у папраўчую ўстанову. Пачаліся ператрусы, допыты... Аднак потым неяк усё сьцішылася. Незадоўга да вызваленьня ў калёнію прыйшла зьвестка, што К. загінуў. Яго знайшлі мёртвым на прамзоне. У няшчасны выпадак ніхто ня верыў. Вэрсіі былі самыя розныя. Забілі свае бандыты за тое, што некага здаў. Забілі ахоўнікі, зразумела, рукамі ЗК, таму, што прасьцей было здаць уласнага агента, чым сесьці самім. Іншымі словамі, чалавек шмат ведаў, і ў адзін момант ён стаў некаму не патрэбным.

«Добрых агентаў старанна шыфруюць, усяляк берагуць»

Той фінал, які напаткаў героя гісторыі Міхаіла, былы апэратыўнік, палкоўнік МУС Алег Алкаеў называе «праколам», за які, прынамсі ў часы ягонай працы, так званага куратара магло б чакаць службовае расьсьледаваньне:

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

«Добрых агентаў старанна шыфруюць, усяляк берагуць. У той жа калёніі для таго, каб завэрбаваць якаснага інфарматара, часам патрабуецца не адзін год. Зразумела, размова ідзе не пра стукачоў ці шаптуноў, якія ёсьць у любога начальніка. На такія даносы, калі сёньня разам п’юць гарэлку, а заўтра раніцай бягуць дакладаць, што хто сказаў, і часам яшчэ прыбрэшуць, ідуць добраахвотна, зь нейкіх прымітыўных імкненьняў, зайздрасьці, помсты, каб з дапамогаю апэратыўніка зьвесьці рахункі з асабістым праціўнікам; маўляў, гэты чалавек, ён з лыжкі ножык зрабіў, у другога, небясьпечнага, пад падушкай карты ці нейкія іншыя забароненыя прадметы... Паміж гэтымі даносчыкамі ды так званымі агентамі ўплыву розьніца вялікая».

«Я разумею, — працягвае спадар Алкаеў, — што праца міліцыянтаў цяпер як ніколі палітызуецца. Але без апэратыўнай дзейнасьці ні ўчора, ні сёньня, ні заўтра абысьціся нельга. Прычым у любым грамадзтве. Асноўная задача агента — папярэджаньне і раскрыцьцё злачынстваў, учыненых унутры ўстановы».

«Агенты — гэта не стукачы»

Алкаеў прыгадвае, што на пачатку 1990-х, калі ён на «Валадарцы» працаваў апэратыўнікам, а пазьней начальнікам рэжымнага аддзелу, там сядзела каля пяці тысяч чалавек, пры тым што сам ізалятар быў разьлічаны на дзьве тысячы. Потым, пасьля 1996-га, калі ён узначаліў СІЗА, там утрымлівалася каля трох тысяч.

Сур’ёзнай апэратыўнай працай можна назваць інфармацыю пра злачынства, якое ўчыніў сукамэрнік. У камэры не прынята распытваць, гэта жорстка караецца. Але ўмелы „тайны“ супрацоўнік можа выклікаць давер у чалавека, даведацца.

«Уявіце сабе, — кажа палкоўнік міліцыі, — нават ня пяць, а тры тысячы нармальных здаровых мужыкоў. У іх непазьбежна паміж сабой узьнікаюць канфлікты ды праблемы. І калі гэтыя праблемы своечасова не загасіць, канфлікты маглі скончыцца забойствам. У такіх месцах павінен быць пастаянны і пільны кантроль, а таму асаблівае значэньне ўдзяляецца апэратыўнай працы. У нас у справаздачах была графа: папярэджаныя злачынствы і папярэджаныя забойствы. Недзе за квартал прадухілялі злачынстваў 50. Сур’ёзнай апэратыўнай працай можна назваць таксама інфармацыю пра злачынства, якое ўчыніў сукамэрнік. У камэры не прынята распытваць, гэта жорстка караецца. Але ўмелы „тайны“ супрацоўнік можа выклікаць давер у чалавека, даведацца. Скажам, сытуацыя такая: чалавек абвінавачваецца ў цяжкім злачынствы, а доказаў мала. Дзе захоўваюцца прылады злачынства? Чалавек сядзіць за забойства. Дзе нож схаваў, дзе схаваў нарабаванае? Доказы ў выніку забіраюцца і далучаюцца да матэрыялаў крымінальнай справы».

Тайнага агента, кажа былы кіраўнік менскага СІЗА, можна параўнаць з выведнікам:

«Пры мне ва ўмовах установы выкананьня пакараньняў дзейнічалі такія сур’ёзныя і адначасна рызыкоўныя людзі, такія таленты, што побач зь імі спадары замежныя выведнікі не стаялі. Усё, як на волі. Толькі на волі можна праваліцца ў адной краіне і цябе ў іншую перавядуць. У месцах зьняволеньня ніхто цябе на свабоду не адпусьціць, і будзеш ты сядзець, і тэлефон працуе „анучны“ ў іх лепш, чым любы сотавы. Чалавека паўсюль сустрэнуць аднолькава і з дрэннымі наступствамі для яго. Існуе шмат сакрэтаў наконт таго, як прытрымлівацца кансьпірацыі... Калі справа наладжаная як мае быць, агент ня будзе расшыфраваны. Калі ж здараецца расшыфроўка, то апэратыўнік нясе за гэта поўную адказнасьць, паколькі былі парушаныя правілы кансьпірацыі».

«Гвалтоўна ў турме нікога не вэрбуюць»

Ілюстрацыйнае фота. Турма №1 у Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма №1 у Горадні

Перш чым адказаць на пытаньне, як адбываецца вэрбаваньне, палкоўнік міліцыі Алкаеў адзначае: гвалтоўна ў турме нікога не вэрбуюць: «Існуе адпаведная інструкцыя, згодна зь якой апэратыўны работнік у абавязковым парадку сустракаецца і размаўляе з кожным чалавекам, хто паступае ў месцы зьняволеньня — сьледчы ізалятар ці ўжо ў калёнію. Гэтай жа сакрэтнай інструкцыяй рэглямэнтаваная і сама размова, аднак падыход чыста індывідуальны. Спачатку опэр знаёміцца з матэрыяламі справы, каб ведаць, за што чалавек арыштаваны ці асуджаны. Зыходзячы з размовы, вырашае, ці варта прапаноўваць тайнае супрацоўніцтва. Калі опэр ня бачыць таго, што чалавек гатовы да апэратыўнай працы, ніякае вэрбаваньне не праводзіцца. Размова скончылася, і ніхто чалавека з гэтай нагоды больш не турбуе. Часам выкарыстоўваецца шантаж такога кшталту: асуджаны калёніі, напрыклад, учыніў нейкае правапарушэньне, але, паколькі ён чакае спатканьня, ён разумее, што будзе пакараны і пазбаўлены яго, і тады пачынае сам прапаноўваць паслугі. Ён разумее, што за гэта трэба зьліць нейкую сур’ёзную інфармацыю, і сам ідзе насустрач».

Паводле былога кіраўніка СІЗА МУС, вэрбаваньне на «Валадарцы» адрозьніваецца ад вэрбаваньня ў «амэрыканцы»:

У міліцыі, перш чым з чалавека зрабіць якога-небудзь агента, спачатку ад яго атрымліваюць інфармацыю — абавязкова такога пляну, каб яна не давала яму даць задні ход.

«У міліцыі, перш чым з чалавека зрабіць якога-небудзь агента, спачатку ад яго атрымліваюць інфармацыю — абавязкова такога пляну, каб яна не давала яму даць задні ход. Інфармацыя абавязкова правяраецца. За злачынства, якое ўдалося выкрыць агенту, кагосьці прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, садзяць у турму, і толькі пасьля гэтага яму могуць зрабіць прапанову аб прафэсійным, я падкрэсьліваю гэтае слова, супрацоўніцтве. Прыгадаем цяпер, колькі прызнаньняў было зроблена палітыкамі ды грамадзкімі актывістамі пасьля сьнежаньскіх падзеяў 2010 году наконт таго, як іх вэрбаваў Камітэт дзяржбясьпекі. Насамрэч з тымі людзьмі проста згулялі злы жарт: якія зь іх агенты?! У МУС такіх рэчаў ня робяць».

Чаму зьняволены ідзе на супрацоўніцтва са спэцслужбамі?

Спадар Алкаеў тлумачыць гэта некалькімі момантамі.

Кожны зэк разумее, што яго могуць паставіць у такія ўмовы, што ён можа ўчыніць любое злачынства, спробу ўцёкаў, суіцыду. А таму, каб абараніць самога ж сябе ды і іншых, варта было б паназіраць за тым, што ў камэры адбываецца, як хто сябе паводзіць.

«Па-першае, — кажа ён, — кожны зэк разумее, што яго могуць паставіць у такія ўмовы, што ён можа ўчыніць любое злачынства, спробу ўцёкаў, суіцыду. А таму, каб абараніць самога ж сябе ды і іншых, варта было б паназіраць за тым, што ў камэры адбываецца, як хто сябе паводзіць. Людзі згаджаюцца, бо гэта ў пераважнай большасьці выпадкаў працуе на саміх жа зьняволеных». Нічога тут крыўднага, абразьлівага, паводле Алкаева, няма.

«Другі момант — сыстэма бонусаў. Гэта, як правіла, датэрміновае вызваленьне, таксама можа быць апраўдальны прысуд, не кажучы ўжо пра перавод грошай на рахунак быццам бы ад родных, дадатковыя спатканьні за тое, што ЗК нібыта стаў на шлях выпраўленьня, і г.д.» У заахвочваньняў шмат варыянтаў, прычым «вельмі і вельмі нядрэнных».

«У агентурнай працы многае трымаецца на асабістых стасунках паміж вязьнем і апэратыўнікам»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Алег Алкаеў прыгадвае выпадкі, калі зэк, які ніколі нічога не данасіў, раптам сам, з уласнай ініцыятывы, дзеліцца з апэратыўнікам важнай інфармацыяй. Часам у знак сымпатыі да сьледчага, часам у якасьці падзякі за тое, што апэратыўнік у свой час дапамог яму ў нечым.

«Да прыезду ў Беларусь я працаваў у Казахстане. У адной з калёніяў сядзеў Юра, якога я ведаў яшчэ зь дзяцінства. Ён быў прафэсійны кішэньнік, дастаткова вядомы ў крымінальных колах. Адным словам, жулік. Ён ніколі нікога не здаваў, быў у аўтарытэце. У мяне і ў думках не было нешта яму прапаноўваць. Аднойчы, калі да яго прыйшла на спатканьне жонка Тамара, мне патэлефанаваў прапаршчык. Кажа: «Таварыш капітан, зайдзіце ў пакой для спатканьняў». Заходжу, а там стаіць раскрыты слоік з варэньнем. Прынюхаўся — пахне сьпіртам. Ну што? Жонку трэба караць за тое, што пранесла забаронены прадукт ... З другога боку, шкада гэта рабіць: яна на фабрыцы працуе, сям’ю зь дзецьмі ўтрымлівае... Адазваў прапаршчыка ў іншы пакой. Высьветліў, што ён нікому, акрамя мяне, пра гэта не паведамляў, і аддаў яму той слоік, каб разам з хлопцамі выпілі, а парачцы строга патлумачыў, каб такое больш не паўтаралася. Праз пару тыдняў Юра сам да мяне прыйшоў і расказаў, хто носіць наркотыкі ў зону. Быў адзін такі падлаваты афіцэр. Паведаміў, на якой кватэры, калі і што. Зрабілі засаду — злавілі. Звольнілі яго. Але справы не распачалі — начальства не адважылася. Пазьней я Юру спытаў, чаму ён вырашыў таго здаць? Ён адказаў: гэты казёл у многіх грошай набраў, усім вінны, але аддаваць не зьбіраецца... Таму вязьні былі вельмі незадаволеныя. Вось Юра яго спакойна і здаў. А потым паступова ўвайшоў у смак. Зрабіў кар’еру — стаў брыгадзірам. Вызваліўся датэрмінова. Але потым зноў вярнуўся да кішэнных крадзяжоў, зноў сеў. Але больш лёс нас ня зводзіў. Гэта вельмі распаўсюджаны прыклад супрацоўніцтва. Спачатку ты робіш дабро, а потым чалавек адказвае на яго. Вязьні — народ удзячны. Іх таксама сумленьне можа мучыць. Яны ж разумеюць, што апэратыўнікі таксама рызыкуюць. Я ведаю многіх з тых, хто тайна супрацоўнічаў. І за мяжой я іх бачыў. Часам мы ў Нямеччыне сустракаемся. Я ніколі не нагадваю ім пра справы мінулых гадоў. Гэта наша былая праца і наша агульная таямніца. Сёньня ў гэтых людзей і ў мяне зусім іншае жыцьцё. Але кожны зь іх, як і наогул кожны, хто сядзеў, выдатна разумее — калі закрыць на месяц пракуратуру, КДБ, то ніхто гэтага не заўважыць. Але калі закрыць міліцыю, то праз тры дні на вуліцу ніхто ня выйдзе. Крымінагенная сытуацыя зьменіцца ў момант. Абвясьціце: міліцыя закрытая. Заўтра ўсе зладзеі ў законе не ў Маскве будуць, а ў Менску".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG