Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расстраляныя ў Воршы». Актывісты патрабуюць ад уладаў ушанаваць месцы сталінскіх расстрэлаў


Сьвечкі ў Харкаўскім лесе пад Воршай
Сьвечкі ў Харкаўскім лесе пад Воршай

Вядомых месцаў расстрэлаў у сталінскія часы пад Воршай два — урочышча Кабыляцкая гара і Харкаўскі лес.

Ва ўрочышчы Кабыляцкая гара ёсьць помнік расстраляным тут ахвярам сталінізму — самаробны мэмарыял. Ад помніка, усталяванага ў 1980-я на распараджэньне мясцовых уладаў, застаўся толькі валун. Шыльду, зробленую ў тыя часы, скралі невядомыя вандалы.

Самаробны мэмарыял на Кабыляцкай гары

Сёньня мэмарыял дапаўняюць два драўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мэмарыяльных шыльдаў, усталяваных з прыватнай ініцыятывы аршанскіх актывістаў і сваякоў загінулых. Прыяжджаць або прыходзіць сюды на Дзяды — гэта ўжо даўняя аршанская традыцыя. Бо ўрочышча Кабыляцкая гара — гэта суцэльнае масавае пахаваньне, пра якое стала вядома ў 1982 годзе. Калі тут пракладалі чыгунку, то зь зямлі давялося даставаць чалавечыя парэшткі. Іх накіравалі на экспэртызу, і высновы былі адназначныя: тут знайшлі апошні спачын ахвяры сталінізму. У часы перабудовы гэтыя зьвесткі сталі здабыткам шырокай грамадзкасьці.

Справа ад паказальніка — «расстрэльны» Харкаўскі лес
Справа ад паказальніка — «расстрэльны» Харкаўскі лес

У адрозьненьне ад Кабыляцкай гары, якая была адкрыта абвешчаная месцам сталінскіх расстрэлаў, так званы Харкаўскі лес фігураваў як «расстрэльнае» месца толькі ва ўспамінах старажылаў. А цяпер, калі большасьць сьведак трагічных падзеяў адышла ў нябыт, — у дасьледаваньнях краязнаўцаў.

Лес ля Харкаўкі. Сталінскія ахвяры тут не ўшанаваныя

Аповед аршанскага гісторыка Юрыя Копціка пра падзеі ў Харкаўскім лесе — лясным масіве паміж Воршай і вёскай Харкаўка — увайшоў у дакумэнтальны фільм «Чацьвёрты аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня — забойствы палітычных апанэнтаў, масавыя расстрэлы».

Пісьменьніца, журналістка Паліна Сьцепаненка, адна са стваральніц дакумэнтальных фільмаў цыклю пра сьмяротнае пакараньне, даўно цікавіцца гісторыяй гэтых мясьцін:

«Якая сувязь паміж сталінскімі расстрэламі і сьмяротным пакараньнем, якое захоўваецца ў Беларусі? Сувязь у тым, што, пакуль яно не адменена, сьмяротная кара можа быць выкарыстаная ня толькі супраць злачынцаў, але й супраць палітычных апанэнтаў. У часы сталінскага тэрору расстрэльвалі „нязгодных“, „падазроных“ і гэтак далей. У Харкаўскім лесе ляжаць ахвяры сталінізму — гэта бязьвінныя ахвяры, людзі, і памяць пра іх трэба захоўваць па-людзку. Трэба зрабіць гэтае месца мэмарыяльным, паставіць помнік. Але злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі. І на афіцыйным узроўні гэтага дамагчыся вельмі цяжка, таму справа ўшанаваньня памяці расстраляных стала справай грамадзкасьці».

Паліна Сьцепаненка і грамадзкі актывіст Ігар Грышанаў
Паліна Сьцепаненка і грамадзкі актывіст Ігар Грышанаў

Паводле некаторых дасьледчыкаў, у 1991 годзе Аршанскі гарвыканкам прыняў рашэньне наконт устаноўкі мэмарыяльнага знаку на месцы масавых расстрэлаў у Харкаўскім лесе. Аднак дакумэнту пра гэта ў шырокім доступе няма.

Ініцыятыва «Расстраляныя ў Воршы»

Жыхары Воршы вырашылі нагадаць мясцовым уладам пра ранейшае абяцаньне. Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Ігар Грышанаў запісаўся на прыём у райвыканкам і рыхтуе доказы таго, што «расстрэльны» лес уздоўж Магілёўскай шашы — месца, якое варта ўшанаваць адмысловым чынам:

Шматпавярховікі, збудаваныя праз дарогу ад «расстрэльнага» лесу
Шматпавярховікі, збудаваныя праз дарогу ад «расстрэльнага» лесу

«Колішняя Магілёўская шаша — гэта сучасная вуліца Магілёўская. Горад літаральна падступае да ўзьлеску, і адзін бок шашы ўжо забудаваны шматпавярховікамі. На другім баку, дзе й адбываліся расстрэлы, пакуль не будуюць. Гэтае месца трэба ахоўваць ад „чорных капальнікаў“, якія там ужо „пагаспадарылі“ ў мінулыя гады. Правесьці навуковыя дасьледаваньні, высьветліць, хто былі тыя невядомыя ахвяры... Мы, грамадзяне Воршы, прапануем паставіць шыльды і паказальнікі, каб людзі ведалі і памяталі, што тут адбывалася ў 1930-я гады. Навесьці парадак у гэтых мясьцінах, бо прыгарадная частка лесу ператвараецца ў звалку рознага сьмецьця, а гэта ўвогуле недапушчальнае блюзьнерства і зьнявага ў дачыненьні да загінулых. Шыльды і паказальнікі трэба паставіць і ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, каб тое месца таксама не выглядала закінутым і забытым».

Ямы ў «расстрэльным» лесе. Магчыма, тут ужо пабывалі «чорныя капальнікі»
Ямы ў «расстрэльным» лесе. Магчыма, тут ужо пабывалі «чорныя капальнікі»

Прадстаўнікі грамадзкасьці, аршанскія краязнаўцы і актывісты стварылі адмысловую ініцыятыву, якая запачаткавала праект «Расстраляныя ў Воршы». Ініцыятыва займаецца і добраўпарадкаваньнем ужо вядомых месцаў масавых расстрэлаў, і зьбіраньнем сьведчаньняў відавочцаў, і інфармаваньнем мясцовай супольнасьці. У найбліжэйшых плянах — правядзеньне дыскусіі «Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне» паводле матэрыялаў, сабраных аршанскімі дасьледчыкамі-аматарамі.

Калісьці нехта спрабаваў ушанаваць гэтае месца
Калісьці нехта спрабаваў ушанаваць гэтае месца

Як вынікае зь іхных дасьледаваньняў, пад Воршай знайшлі свой апошні спачын і тутэйшыя жыхары, і вязьні перасыльнай турмы, што трапілі ў гэтыя мясьціны воляю лёсу, і «раскулачаныя» сяляне, і «нядобранадзейныя» рабочыя, і прадстаўнікі інтэлігенцыі, і сьвятары.

Тут стаяў крыж. Гэта ўсё, што ад яго засталося
Тут стаяў крыж. Гэта ўсё, што ад яго засталося

Паводле ўспамінаў старажылаў, да вайны тутэйшыя жыхары ўпотайкі ўшаноўвалі памяць расстраляных. Прыносілі ў Харкаўскі лес абразы, сьвечкі, маліліся, абгароджвалі магілы валунамі, ставілі самаробныя крыжы. Іх дагэтуль можна ўбачыць на ўзьлеску, літаральна ў якой сотні мэтраў ад гарадзкой мяжы. Праўда, апошні крыж даўно зламаны. І толькі той, хто ведае пра тутэйшыя трагічныя падзеі, можа здагадацца, што зь зямлі тырчыць ня проста іржавы кавалак жалеза.

Рэшткі крыжа, пастаўленага яшчэ да вайны
Рэшткі крыжа, пастаўленага яшчэ да вайны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG