Дэлегацыя Эўрапарлямэнту плянавала наведаць Беларусь 20 красавіка, пагутарыць з прадстаўнікамі ўлады Беларусі наконт БелАЭС, сустрэцца з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, пабываць на будаўніцтве БелАЭС. Але ім не далі магчымасьці сустрэцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў «праз брак часу на арганізацыю сустрэч».
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык пракамэнтаваў гэта наступным чынам:
«Мы сапраўды атрымалі просьбу групы эўрапарлямэнтароў паспрыяць падрыхтоўцы візыту ў Беларусь. Былі запытаныя сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у Міністэрстве энэргетыкі. Таксама была выказаная просьба аб арганізацыі паездкі ў Астравец і наведваньні пляцоўкі будаўніцтва. МЗС распачало прапрацоўку гэтага пытаньня пры тым разуменьні, што такія візыты спантанна не рыхтуюцца.
Раскрыцьцё дэталяў працоўных перамоў аб арганізацыі візыту да завяршэньня кансультацыяў і публічную інтэрпрэтацыю нашых сустрэчных прапаноў як адмову ад супрацы лічым недарэчнымі. Такія дзеяньні дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту даюць падставу для сумневаў у шчырасьці іхных намераў і гатоўнасьці да канструктыўнага і паважлівага дыялёгу зь беларускім бокам».
Літоўскі дэпутат Эўрапарлямэнту Пятрас Аўштравічус называў рашэньне афіцыйнага Менску пра адмову ў сустрэчах палітызаваным:
«Я лічу, што гэта рэакцыя беларускіх уладаў на прынятую на мінулым тыдні ў Эўрапарляманце рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні беларускіх службовых асобаў супраць актывістаў апазыцыі падчас пратэстаў. Іншая справа, што беларуская ўлада не асабліва імкнецца адказваць на пытаньні, якія б мы не задавалі», — казаў Аўштравічус.
Тыдзень таму на БелАЭС быў усталяваны корпус першага рэактара.
Гэта другі корпус рэактара, які рыхтуецца для БелАЭС. Першы давялося замяніць, бо ён упаў зь неназванай вышыні. Мінэнэрга прызнала пашкоджаньне толькі праз два тыдні. Пашкоджаны корпус «Росатом» можа выкарыстаць на іншай АЭС.
Літва назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС
Тое, што на будоўлі БелАЭС здарылася ўжо 10 інцыдэнтаў і 3 сьмерці, пра якія паведамлялася не адразу і толькі пасьля ціску незалежных СМІ і суседніх краін, Літва называе сярод прычынаў спыніць будоўлю атамнай станцыі. У БелАЭС Літва бачыць пагрозу ўласнай бясьпецы, таму выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС.
Патрабаваць спыніць будоўлю БелАЭС будуць таксама на «Чарнобыльскім шляху», які мае прайсьці 26 красавіка.
Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, кошт будоўлі можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў. Кваліфікаваныя кадры ўцякаюць зь БелАЭС з прычыны нізкіх заробкаў.