Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік польска-беларускай парлямэнцкай групы паабяцаў нейкую палёгку для беларусаў, якія хочуць наведаць Польшчу, але гэта ня будзе бязьвізавы рэжым


Адам Андрушкевіч, які ачольвае дэлегацыю польскага Сэйму, што сёньня прыляцела ў Беларусь з працоўным візытам, на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў заявіў, што 2016 год у дачыненьнях дзьвюх краін быў годам пошуку агульных інтарэсаў. Ён дадаў, што Польшча можа пайсьці на некаторыя аслабленьні візавага рэжыму для Беларусі. Адам Андрушкевіч, праўда, папярэдзіў, што гаворка не ідзе аб увядзеньні бязьвізавага рэжыму:

«Я не кажу — бязьвізавы рэжым, але я спадзяюся, што будзе нейкая палёгка».

Беларускія дэпутаты папрасілі ў польскіх уладаў падтрымкі на міжнароднай арэне і павелічэньня інвэстыцыяў у беларускую эканоміку. Гэтыя дзьве мэты назваў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук. Зьвяртаючыся да кіраўніка дэлегацыі — сустаршыні беларуска-польскай парлямэнцкай групы Адама Андрушкевіча, ён сказаў:

«Мы ня ўтойваем сваё жаданьне больш актыўна выбудоўваць дачыненьні з эўрапейскімі краінамі. Нам неабходна выбудоўваць збалянсаваную зьнешнюю палітыку. Нашы агульныя гістарычныя карані падштурхоўваюць да гэтага», — сказаў віцэ-сьпікер Палаты.

«Гэта прапанова з разраду тых, што выглядаюць нібыта канструктыўнымі, а насамрэч ставяць у тупік суразмоўцаў, — кажа пра ініцыятыву кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў палітоляг Алесь Лагвінец. — Пасьля апошніх „выбрыкаў“ беларускіх уладаў у Эўропе зьявілася высокая насьцярожанасьць — ці варта далей камунікаваць з такой уладай, як гэта было апошнім часам. Бо дыялёг — гэта ўсё ж пабудова даверу. І, зразумела, польскія парлямэнтары, якія не прызначаюцца, а абіраюцца, залежаць ад грамадзкай думкі сваёй краіны. На мой погляд, грамадзкая думка Польшчы зразумела, што аўтарытарныя інстынкты Лукашэнкі нікуды ня зьніклі. А беларускай уладзе даволі проста вярнуцца да масавых рэпрэсіяў. На мой погляд, беларускія ўлады цягам апошняга месяца паводзілі сябе гэтаксама, як камуністычныя ўлады Польшчы падчас ваеннага становішча».

Што тычыцца супрацы ў эканамічнай сфэры, то таваразварот за мінулы год склаў каля двух мільярдаў даляраў. Аднак сальда яго на 370 мільёнаў на карысьць Польшчы. Пра тое, што палякі нашмат актыўней паводзяць сябе ў Беларусі, чым беларусы ў Польшчы, сьведчаць наступныя лічбы: у Беларусі працуюць каля 250 прадпрыемстваў з польскім капіталам, у Польшчы зь беларускай доляй — толькі 18.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG