У Магілёве адмянілі канцэрт гурту «Крама». Выступ блюзавай рок-каманды меўся адбыцца ў клюбе «Куба», аднак на яго прадалі толькі 23 квіткі. «Крама» зьбіралася прэзэнтаваць магілёўцам сваю праграму «Вясновы канцэрт».
«Вось такая рэчаіснасьць», — адрэагаваў у адным з камэнтароў пра адмену канцэрту лідэр гурту Ігар Варашкевіч.
Тыя, хто прыйшоў на «Краму» у клюб, былі расчараваныя ня толькі тым, што яго адмянілі, але і адсутнасьцю рэклямы пра канцэрт.
Нядаўна выступаў у Магілёве ўкраінскі гурт „Океан Ельзи“, дык поўны лядовы палац сабраўся. Гэты гурт раскручаны, а мы так жывем, што сваіх якасных музыкаў ня ведаем.
«Мы даведаліся, што „Крама“ прыяжджае ў Магілёў выпадкова, з інтэрнэту. Слухалі яе ў маладосьці. Мне падаецца, што канцэрт рэклямавалі слабавата. Замала было абвестак па горадзе пра яго, — адзначыў мужчына, які прыйшоў на „Краму“ ў кампаніі зь сябрамі. — Нядаўна выступаў у Магілёве ўкраінскі гурт „Океан Ельзи“, дык поўны лядовы палац сабраўся, — казаў ён. — Гэты гурт раскручаны, а мы так жывем, што сваіх якасных музыкаў ня ведаем. „Крама“, відаць, больш вядомая ў Менску. А ці прыяжджала яна хоць раз у Магілёў? Здаецца, такога і не было».
«Прыйшлі таму, што гурт беларускамоўны ды паслухалі запісы ў інтэрнэце, якія спадабаліся. Вырашылі паслухаць іх жыўцом, але канцэрт адмянілі», — дадала жанчына, якая паведаміла, што ў яе быў выбар: паехаць з магілёўскімі ТБМ-аўцамі ў вандроўку ці на канцэрт «Крамы». Вырашыла на канцэрт, але яго адмянілі.
На ўваходзе ў клюб абвестак пра тое, што канцэрту ня будзе, няма. Уваходныя дзьверы зачыненыя. У цэнтры гораду была толькі адна абвестка пра канцэрт «Крамы», але сёньня зьнікла ня толькі абвестка, але і сама рэклямная тумба.