Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэймэр: Ці вернуцца санкцыі — залежыць ад Лукашэнкі 


Дэйвід Крэймэр
Дэйвід Крэймэр

На «Першай вашынгтонскай канфэрэнцыі аб Беларусі» 4 красавіка выступіў Дэйвід Крэймэр, былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях правоў чалавека, дэмакратыі і працы ў адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша, якая ўпершыню ўвяла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Крэймэр працаваў таксама кіраўніком няўрадавай арганізацыі «Freedom House», а цяпер ён старэйшы дырэктар у правах чалавека і свабодах Інстытуту Маккейна, які базуецца ў Вашынгтоне.

Крэймэр адзначыў, што ЗША працягваюць без сумневаў падтрымліваць незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі, гэтаксама як і правы чалавека і дэмакратыю. Паводле яго словаў, ЗША падтрымліваюць беларускі народ, а не недэмакратычнага лідэра.

Крэймэр заявіў, што калі ў беларускіх турмах застануцца палітвязьні, можа быць разгледжана пытаньне санкцый, перагледжана супраца Міжнароднага валютнага фонду зь Беларусьсю і перанесена зь Менску сэсія Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ).

Крэймэр раскрытыкаваў заявы славацкага палітоляга Балажа Ярабіка, што «беларусы ня хочуць Свабоды, а хочуць больш дзяржавы», а таксама беларускага дасьледніка Яўгена Прэйгермана, які лічыць, што санкцыі не працуюць: «Абсалютна відавочна, што санкцыі дапамагаюць вызваліць палітвязьняў. Безумоўна, санкцыі не прынясуць дэмакратыі, але калі яны вызваляюць людзей — ужо значыць, што працуюць», — падкрэсьліў Крэймэр.

Крэймэр: Мы далі Лукашэнку ясна зразумець, што ён павінен палепшыць сытуацыю з правамі чалавека

Радыё Свабода: Ці сапраўды пасьля разгону пратэстаў 25-26 сакавіка ў Менску вярнулася пытаньне санкцыяў?

Крэймэр: Я думаю, мы павінны даць ясна зразумець лукашэнкаўскаму рэжыму, што санкцыі могуць быць вернутыя. Людзі, якіх арыштоўвалі падчас гэтых пратэстаў, дагэтуль ня вызваленыя, літаральна пазбаўленыя асноўных правоў чалавека: свабоды сходаў, аб’яднаньняў і свабоды слова. Лукашэнка павінен зразумець, што калі ён хоча лепшых стасункаў з Захадам, ён павінен палепшыць сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне. І мы павінна даць яму гэта ясна зразумець.

Радыё Свабода: Ад чаго і каго залежыць, ці будуць санкцыі прынятыя?

Крэймэр: Санкцыі магчымыя, і мы павінны мець гэты варыянт на ўвазе. Іншае пытаньне — ці Адміністрацыя Трампа, Эўразьвяз будуць хацець вяртаць санкцыі. Многае залежыць ад сытуацыі ў Беларусі. Шчыра кажучы, гэта залежыць ад Лукашэнкі, якія стасункі з Захадам ён хоча мець.

Радыё Свабода: Што наконт сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ? Вы казалі, што лепш яе не праводзіць у Менску.

Крэймэр: Мяне асабіста зьдзівіла, што сэсія ПА АБСЭ заплянаваная ў Менску. Гэта ня быў бы мой асноўны выбар гораду, каб праводзіць такое мерапрыемства. Я б прапанаваў яе перанесьці, калі цяперашняя сытуацыя будзе працягвацца, а куды — я ня ведаю.

Радыё Свабода: Ці разглядаецца павелічэньне падтрымкі для грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыяў у Беларусі?

Крэймэр: Падтрымка павінна заставацца — гэта фундамэнтальны прынцып амэрыканскай палітыкі і амэрыканскай падтрымкі Беларусі. Гэты падыход працуе шмат гадоў і яго трэба працягваць. Злучаныя Штаты павінны выказаць салідарнасьць з грамадзянскай супольнасьцю і народам Беларусі. Трэба аказваць інфармацыйную дапамогу, працягваць абмены і любую іншую падтрымку. Усё вельмі важна.

«Першая вашынгтонская канфэрэнцыя аб Беларусі» адбылася ў Вашынгтоне 4 красавіка, была арганізаваная сумесна Беларускім інстытутам Амэрыкі (БІА) і Нямецкім фондам Маршала ЗША (НФМ). Яна мае за мэту служыць форумам для абмеркаваньня магчымасьцяў, пэрспэктываў і магчымых напрамкаў у адносінах паміж ЗША і Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG