Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэат прэміі Льва Сапегі Артур Клінаў: Я хачу паказаць палякам іншую Беларусь


Артур Клінаў
Артур Клінаў

4 красавіка ў Варшаўскім унівэрсытэце Артуру Клінаву, беларускаму мастаку і літаратару, галоўнаму рэдактару часопісу «pARTizan», уручылі прэмію імя Льва Сапегі.

Раней гэтую ўзнагароду атрымлівалі выключна асобы, зьвязаныя з навукова-дасьледчай дзейнасьцю. Клінаў — першы ляўрэат са сфэры культуры. Чаму так атрымалася, тлумачыць адзін з ініцыятараў прэміі, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі:

«Прычынаў было некалькі. Па-першае, журы прэміі прыйшло да высновы, што пасьля 11 прэмій для людзей, якія займаюцца навуковай дзейнасьцю ў розных галінах, прыйшоў час на іншага кандыдата. Па-другое, журы прэміі вырашыла, што пасьля 11 прэмій для людзей, шчыльна зьвязаных з апазыцыйнай дзейнасьцю, прыйшоў час на чалавека, які адназначна з палітычнай дзейнасьцю не асацыюецца. Па-трэцяе, мы вырашылі, што Артур Клінаў — з увагі на свае заслугі як выдавец часопісу „pARTizan“, мастак і пісьменьнік — будзе вельмі добрым ляўрэатам. Па-чацьвёртае, варта такую цікавую постаць як Артур Клінаў паказаць у польскіх унівэрсытэтах».

Ляўрэат прэміі імя Льва Сапегі атрымлівае магчымасьць дзесяцімесячнага побыту ў пяці польскіх унівэрсытэтах (па два месяцы ў адным унівэрсытэце), дзе можа выступаць зь лекцыямі і працаваць ва ўнівэрсытэцкіх бібліятэках і архівах. Унівэрсытэты даюць ляўрэату жытло і поўнае ўтрыманьне.

Мы запыталі ў Артура Клінава, якім чынам ён мяркуе правесьці свой час як ляўрэат прэміі імя Льва Сапегі:

«Тэмамі маіх выступаў у польскіх унівэрсытэтах будуць беларуская літаратура, мастацтва, незалежнае кіно. Агульна кажучы — усё, што тычыцца незалежнага сэктару беларускай культуры. Мне хацелася б прэзэнтаваць польскай аўдыторыі трохі іншую Беларусь, чым якую яны прызвычаіліся бачыць за апошнія 20 гадоў. Звычайна, польская аўдыторыя глядзела і глядзіць на Беларусь праз прызму палітыкі. А вось пра вельмі цікавыя працэсы ў беларускай культуры ў Польшчы ведаюць менш. Хацелася б паказаць Беларусь якраз з гэтага боку. Такая ў прынцыпе будзе ў мяне задача цягам гэтых дзесяці месяцаў».

Пачынаючы зь сярэдзіны верасьня, Артур Клінаў будзе госьцем Ягелёнскага, Варшаўскага, Беластоцкага, Познаньскага і Ўроцлаўскага ўнівэрсытэтаў.

Ляўрэатамі прэміі імя Льва Сапегі ў папярэдніх гадах былі, сярод іншых, Валянцін Голубеў, Алесь Жлутка, Алесь Лагвінец, Аляксандар Смалянчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG