Міністэрства гандлю запусьціла ад 5 красавіка «гарачую лінію», на якую можна зьвяртацца са сьведчаньнямі пра рост цэнаў.
Тэлефанаваць можна з 9 да 13 і з 14 да 18 гадзіны на нумар +375 17 200-92-02 або ў абласныя і сталічнае ўпраўленьні Мінгандлю, нумары якіх падаюцца на сайце міністэрства.
«Грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць паведамляць туды пра факты росту цэнаў з указаньнем назвы суб’екта гаспадараньня, месца яго разьмяшчэньня, назвы тавару (паслугі), а таксама інфармацыі пра зьмены цэнаў. Кожны факт будзе вывучаны. Пры неабходнасьці будуць прынятыя меры ў адпаведнасьці з заканадаўствам», — гаворыцца на сайце міністэрства.
Ці маецца на ўвазе, што скардзіцца варта на неабгрунтаваны рост цэнаў, ці можна проста тэлефанаваць і наракаць на плянавую інфляцыю (Лукашэнка плянаваў 9% на 2017 год), не гаворыцца.
Мінгандлю, якое нядаўна перайменавалася ў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, таксама зьвярнула ўвагу на тое, што доля сеткі крамаў «Эўраопт» перавысіла ў Беларусі дапушчальныя 20%, перадае tut.by. У сувязі з гэтым міністэрства абяцае да 15 красавіка падрыхтаваць праект указу аб ільготах невялікім прыватным крамам, каб тыя плацілі падаткаў толькі 1 базавую велічыню на год.