Менскі трактарны завод прадставіў у Кіеве актуальную лінейку сваёй тэхнікі — некалькі сэрый «Беларусаў», адаптаваных для гарадзкой камунальнай і дарожнай гаспадаркі.
Пра гэта паведамляе сайт МТЗ.
Унівэрсальныя машыны з навясным абсталяваньнем магчыма выкарыстоўваць круглы год, іх можна задзейнічаць у прыбіраньні тэрыторыі і ў будаўніцтве.
Партыю беларускай тэхнікі суправаджаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, а яе выгады ацаніў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко:
«Мы пасьпяхова працуем зь беларускімі партнэрамі, — адзначыў Віталь Клічко. — Летась набылі 30 трактароў, і яны эфэктыўна адпрацавалі ўвесь сэзон — без асаблівых паломак і прастояў».
Віталь Клічко асабіста выпрабаваў трактар «Беларус-622», сказаўшы, што ўражаньні засталіся вельмі добрыя:
«Беларуская тэхніка адпавядае эўрапейскім стандартам. Камунальнай гаспадарцы Кіева такая тэхніка патрэбна, будзем абнаўляць камунальны парк гораду»
Цягам прэзэнтацыі Віталя Клічко суправаджаў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка. Ён казаў, што прыехаў у Кіеў знарок дзеля правядзеньня перамоваў пра пастаўкі камунальнай тэхнікі:
«Беларускім прадпрыемствам трэба прабівацца на ўкраінскі рынак — паказваць тэхніку і дэманстраваць яе ў рабоце. Нашы перавагі — цана, надзейнасьць і якасьць», — прарэклямаваў беларускія трактары віцэ-прэм’ер.
Тым часам у мэрыі Кіева паведамілі, што маюць намер абвясьціць шэраг новых тэндэраў на пастаўкі камунальнай тэхнікі. І беларускія вытворцы спадзяюцца на перамогу.