Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэсантнікі вучацца «вызваляць» Віцебскую вобласьць ад тэрарыстаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскія дэсантнікі пры падтрымцы беларускіх вайскоўцаў падчас вучэньняў «зьнішчаць умоўных тэрарыстаў» у Віцебскай вобласьці. Пра гэта паведамляе дэпартамэнт інфармацыі і масавых камунікацыяў Міністэрства абароны Расеі.

Гэта чарговы этап падрыхтоўкі да вучэньняў «Захад-2017», у ім задзейнічана звыш тысячы вайскоўцаў і дзьве сотні адзінак рознай тэхнікі.

«У Віцебскай вобласьці на тэрыторыі вайсковых палігонаў стартаваў завяршальны этап сумесных вучэньняў падразьдзяленьняў паветрана- дэсантных войскаў Расеі і сілаў спэцыяльных апэрацыяў Рэспублікі Беларусь. Дэсантнікі дзьвюх краінаў пры ўзаемадзеяньні з падразьдзяленьнямі ўнутраных войскаў Рэспублікі Беларусь правядуць спэцыяльныя дзеяньні на блякаваньне і зьнішчэньне ўмоўных тэрарыстаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як адзначаў у камэнтары Свабодзе вайсковы аналітык Аляксандар Алесін, пытаньне падтрыманьня саюзнай абароназдольнасьці застаецца непарушным нават на фоне палітычных і эканамічных канфліктаў паміж Масквой і Менскам:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Як бы далёка не заходзілі палітычныя і эканамічныя спрэчкі, ніводзін пункт пагадненьня ў абароннай частцы ні АДКБ, ні саюзнай дзяржавы ня ставіўся пад сумнеў. Мы бачым, што нават у самыя жорсткія моманты супрацьстаяньня сумесныя вучэньні ня толькі ня ставіліся пад пытаньне, наадварот, інтэнсіўнасьць трэнаваньняў расейскіх і беларускіх дэсантнікаў рэзка ўзрасла: летась было парадку 30 вучэньняў, сёлета, мабыць, рэкорд будзе пабіты».

Паведамляецца, што на палігоне «Лосьвіда» расейскія дэсантнікі сумесна зь беларускімі мабільнымі сіламі падчас «практычнага розыгрышу» адпрацуюць вучэбна-баявыя задачы на блякаваньне чатырох групаў незаконных узброеных фармаваньняў, якія прарваліся на тэрыторыю буйнога адміністрацыйнага цэнтру ў Беларусі.

На палігоне «Дрэтунь» у рамках сумесных вучэньняў пройдзе «розыгрыш» яшчэ аднаго эпізоду, падчас якога дэсантнікі дзьвюх краінаў пры агнявой падтрымцы авіяцыі і артылерыі прадухіляць «прарыў буйных бандаў узброеных фармаваньняў на тэрыторыю дружалюбнай дзяржавы ў адным з памежных раёнаў Рэспублікі Беларусь».

10-14 красавіка яшчэ адны сумесныя вучэньні дэсантнікаў адбудуцца ў Берасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG