Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія аўтамабілісты хочуць эўрапейскіх дарог


Аўтамабілісты лічаць, што «Магілёў — горад без дарог»
Аўтамабілісты лічаць, што «Магілёў — горад без дарог»

Тры сотні подпісаў за першыя дні грамадзянскай кампаніі «За добрыя дарогі — 2017» назьбіраў Магілёўскі цэнтар за бясьпеку руху.

Патрабаваньне палепшыць якасьць рамонту дарог аўтамабілісты дашлюць гарадзкой і абласной уладзе. Ініцыятары кампаніі сьцьвярджаюць, што рамантуюць дарогі ў Магілёве няякасна, праз гэта дарожнае палатно пасьля рамонту разьбіваецца, а гэта прыводзіць да паломкі аўтатранспарту.

Зьбіраюць подпісы змагары за добрыя дарогі штогод па сканчэньні зімы. Першую такую акцыю аўтамабілісты правялі ў Магілёве ў 2013 годзе.

«Тады ўзяліся былі рамантаваць дарогі, праводзіліся разгромныя плянёркі і нешта пачало мяняцца, аднак неўзабаве ўвесь імпэт згас», — адзначае адзін з актывістаў кампаніі Ільля.

Актывіст кампаніі «За добрыя дарогі» Ільля: «У Эўропе ў мароз ня прыйдзе ў галаву рамантаваць праезную частку»
Актывіст кампаніі «За добрыя дарогі» Ільля: «У Эўропе ў мароз ня прыйдзе ў галаву рамантаваць праезную частку»

«Дарогі ў горадзе кепскія, бо іх ня ў час рамантуюць і парушаюць тэхналёгію рамонту. Нам трэба раўняцца на эўрапейскія дарогі. Там нікому ў мароз ня прыйдзе ў галаву рамантаваць праезную частку, — лічыць суразмоўца. — Тое, што ў нас правялі ямкавы рамонт і пра яго далі справаздачу, то ад гэтага дарогі ня сталі лепшымі. Адрамантаванае разваліліся праз тыдзень-два. Дарожны збор зьбіраюць рэгулярна, і нібыта ў нас усё добра, але чамусьці дарогі становяцца ўсё горшыя».

Актывісты кампаніі спадзяюцца, што і сёлета іхныя намаганьні не застануцца па-за ўвагай уладаў.

«Спадзяёмся, што рух у бок паляпшэньня дарог у горадзе будзе. У любым выпадку гэта не сядзець на канапе і не чакаць, пакуль нехта за нас уздыме праблему. Дамо невялікі штуршок, каб нас пачулі, — выказваецца Ільля. — Сёньня мы вырашылі сабраць подпісы ў кіроўцаў маршрутных таксовак, якія як ніхто іншы ведаюць, што зь сябе ўяўляюць дарогі ў Магілёве».

Далучалі актывісты маршрутнікаў да сваёй кампаніі на адным з канцавых пунктаў гарадзкога транспарту. Дарогу тут адрамантавалі гады два таму, калі рабілі транспартную разьвязку. Тым ня менш на пад’ездах асфальт у выбоінах.

Сабраныя подпісы да ўлады, каб тая парупілася пра рамонт дарог
Сабраныя подпісы да ўлады, каб тая парупілася пра рамонт дарог

Кіроўцы наракаюць, што супрацоўнікі ДАІ іх штрафуюць за тое, што ім даводзіцца выяжджаць на другую паласу шашы, каб аб’ехаць дэфэкты на першай, па якой абавязаныя ехаць маршрутныя таксі.

«Пераканаць даішнікаў у тым, што ў нас няма іншага выйсьця, мы ня можам. Нас ня хочуць разумець», — кажа кіроўца маршруткі Сяргей.

«Дарогі ў нас кепскія. Яміны паўсюль. Хацелася б, каб гарадзкія ўлады нас пачулі і распачалі захады па рамонце, — дадае ён. — Мы падпісваемся пад зваротам, і, магчыма, улада нас пачуе. У нас у многіх на маршрутах добрыя дарагія машыны, і на такіх дарогах яны б’юцца і вымагаюць дарагога рамонту».

На думку маршрутнікаў, пасьля ўвядзеньня дарожнага збору сытуацыя зь якасьцю дарог не зьмянілася.

Аўтаўладальнік Сяргей: «Спадзяёмся, што ўлада нас пачуе»
Аўтаўладальнік Сяргей: «Спадзяёмся, што ўлада нас пачуе»

«На некаторых дарогах варта наагул выразаць асфальт, бо рамонт ня дасьць належнага эфэкту. Калі нават і залатаюць, то праз тыдзень-два зноў утвараюцца яміны», — пракамэнтаваў сытуацыю яшчэ адзін маршрутнік.

Выбоіны — найбольш характэрныя дэфэкты праезнай часткі магілёўскіх дарог
Выбоіны — найбольш характэрныя дэфэкты праезнай часткі магілёўскіх дарог

Найбольш выбоінаў у першым радзе дарог
Найбольш выбоінаў у першым радзе дарог

Трэшчыны таксама разьбіваюць машыны
Трэшчыны таксама разьбіваюць машыны

Аўтамабілісты найбольш занядбанымі дарогамі ў Магілёве лічаць пэрыфэрыйныя і тыя, па якіх праяжджае буйнатанажны транспарт. У цэнтры ж гораду і на цэнтральных магістралях праезнай частцы надаецца больш увагі, але і яны не ідэальныя. Выбоіны ды расколіны — найбольш характэрныя дэфэкты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG