Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня скончыўся «газ у абмен на пацалункі»


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Паводле Ўладзіміра Пуціна, паміж Расеяй і Беларусьсю на сёньняшні дзень не засталося спрэчных пытаньняў. Пра тое, што справа ішла да прымірэньня і пэўнага геапалітычнага паўразвароту сьведчыла зьмена рыторыкі Лукашэнкі дзесьці за два тыдні да сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Калі адразу пасьля вяртаньня з Сочы кіраўнік Беларусі намякаў, што за акцыямі пратэсту стаіць Расея, то з 20 сакавіка ён абвінавачвае ва ўмяшаньні заходнія спэцслужбы, заяўляе, што беларускія баевікі рыхтаваліся ў лягерах ва Ўкраіне, Польшчы, Літве. Відаць атрымаў пэўны і недвухсэнсоўны сыгнал з Масквы.

Пакуль незразумелыя ўсе дэталі дамоўленасьцяў. Досьвед папярэдняй згоды восеньню мінулага году, якая закончылася скандалам, вучыць, што варта пачакаць падпісаньня дакумэнтаў, якія б зафіксавалі тое, што вырашылі кіраўнікі дзяржаў.

Але з таго, што агучана, вынікае наступнае. Беларусь вяртае доўг за газ у памеры 726 млн даляраў. Узамен атрымоўвае зьніжкі за газ з паніжаючым каэфіцыентам да 2019 г. Расея вяртаецца да ранейшых аб’ёмаў пастаўкі нафты Беларусі (24 млн т за год). РФ пагаджаецца на рэфінансаваньне беларускага доўгу. (Нагадаю, у 2017 годзе Беларусь павінна вярнуць Расеі 741,3 млн даляраў і Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця — 487,9 млн даляраў).

Пакуль незразумела, дзе Беларусь возьме 726 млн даляраў, каб разьлічыцца за газ.

Пакуль незразумела, дзе Беларусь возьме 726 млн даляраў, каб разьлічыцца за газ. Бо гэта папярэдняя ўмова Расеі, без вырашэньня гэтага пытаньня ня будуць адноўлены ранейшыя аб’ёмы паставак нафты. Нічога не гаворыцца аб выдзяленьні чарговага траншу крэдыту ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, які быў замарожаны.

Але, тым ня менш, можна лічыць, што гэта пэўны посьпех афіцыйнага Менску, Расея пайшла на саступкі. Пра гэта піша расейская газэта «Коммерсант».

Чым заплаціла Беларусь? Пакуль вядома толькі, што Лукашэнка адмовіўся ляцець у ЗША на урачыстасьці з нагоды юбілею ўступленьня Злучаных Штатаў у першую сусьветную вайну. Бо і Пуцін не ляціць. Не зьдзіўлюся, калі стане вядома, што на гэтым саступкі Беларусі і закончацца.

Думаю, саміт у Санкт-Пецярбургу зьняпраўдзіў два прагнозы, якія дамінавалі у беларускім аналітычным асяродзьдзі апошнія месяцы. Што Пуцін у абмен за новыя субсыдыі беларускай эканоміцы запатрабуе ад Лукашэнкі вялікую палітычную цану. Што пэрыяд, калі дамінавала схема «газ у абмен на пацалункі» закончыўся.

Беларусь заплаціць тым, чым яна плаціла апошнія чвэрць стагодзьдзя.

Беларусь заплаціць тым, чым яна плаціла апошнія чвэрць стагодзьдзя. А менавіта самім фактам свайго саюзьніцтва. Для Расеі зь яе імпэрскімі комплексамі гэта каштуе вельмі дорага.

Чаму ўсё ж цяпер Расея пагадзілася на тое, ад чаго адмаўлялася больш за год? Тут сышліся некалькі чыньнікаў. Па-першае, калі бакі не зьбіраюцца спальваць масты ў адносінах, то прымірэньне на той ці іншай глебе было непазьбежным.

Па-другое, Лукашэнка, адмовіўшыся падпісаць Мытны кодэкс ЭАЭС, падвесіў ягонае ўступленьне ў сілу з сярэдзіны гэтага году. А для Масквы разьвіцьцё гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня зьяўляецца важным геапалітычным праектам.

Па-трэцяе, праводзіць сумесныя вайсковыя вучэньні у верасьні на тле вострага энэргетычнага канфлікту было б нязручна.

Масква спрабуе перакупіць Беларусь у Захаду.

Па-чацьвёртае, як і напярэдадні 19 сьнежня 2010 году, Масква спрабуе перакупіць Беларусь у Захаду. Бо калі б Міжнародны валютны фонд выдаў Менску крэдыт (а, гледзячы па ўсім, да гэтага справа ідзе), то РФ, якая шкадуе грошай бліжэйшаму саюзьніку, страціла б у вачах беларускага грамадзтва і намэнклятуры свой былы імідж. І гэта падштурхнула б Беларусь да пэўнай геапалітычнай пераарыентацыі.

І нарэшце хуткаму прымірэньню паспрыяў той факт, што амаль адначасова ўлада Беларусі і Расеі жорстка задушылі вулічныя акцыі апазыцыі, за што падвергліся крытыцы з боку Захаду. Спрацаваў чыньнік салідарнасьці дыктатараў. Гэта як раз тое пра што казаў Лукашэнка: давядзецца стаць сьпінай адзін да аднаго і адстрэльвацца. Проста ў 2010 годзе гэта здарылася да пачатку палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, а цяпер пасьля. Розьніца невялікая.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG