Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены з КДБ паплечнік Статкевіча: Нават з жонкай яшчэ не абмяркоўваў свайго арышту


Сяргей Кулініч, архіўнае фота
Сяргей Кулініч, архіўнае фота

Увечары 3 красавіка з КДБ быў вызвалены менчук Сяргей Кулініч, сябар Мікалая Статкевіча і ягоны намесьнік у кіраўніцтве партыяй «Народная грамада».

Паводле Мікалая Статкевіча, у кватэры Сяргея Кулініча ён хаваўся напярэдадні Дня Волі, што, аднак, не пазбавіла яго ад затрыманьня. Абставіны арышту Статкевіча 24 сакавіка, як і ўласнага затрыманьня, Сяргей Кулініч паведаміць адмовіўся, спаслаўшыся на падпіску, якую даў сьледзтву.

«Нават з жонкай яшчэ гэтага не абмяркоўваў; трэба, каб прайшоў стрэс», — сказаў Свабодзе Сяргей Кулініч, але потым усё ж пагадзіўся адказаць на пытаньні пра тыя дні, якія адбыў у вязьніцы КДБ.

— Ці маглі б вы расказаць пра ўмовы ў «амэрыканцы», дзе вас трымалі? Калі не расказаць, дык проста ацаніць?

— Скажу, што чакаў горшага. Думаў, што там будзе нашмат больш жорстка. Сябры распавядалі пра гэта, таму шмат чаго чакаў. Але самае горшае — гэта не ўмовы, а невядомасьць. Калі ня ведаеш, запросяць на допыт ці не, што будзе далей. Мяркую, ва ўсіх гэта аднолькава, бо ва ўсіх недаробленыя справы.

— Дык вы там з кімсьці зь фігурантаў справы пра «масавыя беспарадкі» перасякаліся?

— Не, там гэта немагчыма. Усіх трымаюць паасобку, ніякіх кантактаў.

— У выніку вам выставілі абвінавачаньне ці не? Калі не, дык ці застаяцеся вы ў статусе падазраванага?

— У мяне няма ніводнага дакумэнта. Даў падпіску пра невыдаваньне, гэта па-першае, а па-другое, мяне папярэдзілі, што могуць паклікаць па любым пытаньні і дапытаць. Яшчэ абавязаны інфармаваць, калі буду мяняць месца жыхарства.

— Раней вам даводзілася трапляць за краты?

— Не, упершыню. Нават на суткі ніколі не трапляў.

— А калі вас затрымалі, адкуль пра гэта стала вядома вашым сваякам? Ім хто паведаміў?

— Не скажу.

— Ня хочаце ці ня можаце?

— Зьвярніце ўвагу, што ў такім, як я, становішчы нямала людзей. Пэўна, гэты стрэс мусіць прайсьці, каб можна было абмяркоўваць тое, што адбылося. Нават з жонкай яшчэ асабліва не абмяркоўваў, што і як тым было. Бо вельмі нечакана ўсё адбылося.

Сяргей Кулініч адмовіўся распавядаць пра сябе і сваю працу, а таксама выказвацца наконт лёсу справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, паводле якой быў затрыманы КДБ.

«Не хачу, каб гэта пашкодзіла маёй працы», — сказаў сябар Мікалая Статкевіча Сяргей Кулініч.

У справе «Белага легіёну» аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, якая пачала раскручвацца 21 сакавіка, паводле праваабаронцаў, было 27 затрыманых, уключна зь Віктарам Марозам, якога затрымалі 3 красавіка. З гэтага сьпісу вядома пра 10 чалавек, якім выставілі абвінавачаньне і пакінулі пад вартай. Таксама вядома пра 8 чалавек, якіх вызвалілі з-пад варты пад падпіску пра нявыезд. Рашэньні сьледчых наконт іншых затрыманых застаюцца невядомымі. КДБ дагэтуль не дае афіцыйных зьвестак пра затрыманых і тых, каму ў межах гэтай справы выставілі абвінавачаньне. У тым ліку ў КДБ адмаўляюць, што 24 сакавіка ўзялі і трымалі да 27 сакавіка ў ізалятары КДБ Мікалая Статкевіча. Сам Мікалай Статкевіч сьцьвярджае, што да раніцы 27 сакавіка яго трымалі ў «амэрыканцы», адкуль павезьлі ў пасёлак Сокал і вызвалілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG