У Расейскай Фэдэрацыі выдаюцца заканадаўчыя акты, якія не адпавядаюць міжнародным абавязаньням, прынятым ёю ў рамках як Саюзнай дзяржавы, так і ЭАЭС.
Пра гэта заявіў першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка 30 сакавіка на сэмінары «Актуальныя пытаньні міжнароднай дзейнасьці і разьвіцьця міжпарляменцкага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь»:
«Тут вельмі шмат прыкладаў. Зусім нядаўна ўрадам Расейскай Фэдэрацыі накіраваны ў Дзярждуму праект фэдэральнага закону аб унясеньні зьмяненьняў у закон аб мытным рэгуляваньні. Акрамя ўзмацненьня жорсткасьці транзыту санкцыйнай прадукцыі, дадзены законапраект закранае і прамысловую групу тавараў, якія ідуць з краін Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі і Расеі ў Казахстан, што можа нанесьці істотную шкоду транзытнай прывабнасьці нашай дзяржавы», — сказаў ён.
Еўдачэнка дадаў, што праблема неадпаведнасьці шэрагу расейскіх законапраектаў міжнародным абавяньням, прынятым Расеяй у рамках інтэграцыйных абʼяднаньняў, прапрацоўвалася Дзяржаўнай Думай шостага скліканьня:
«Аднак у Дзярждуме новага, сёмага скліканьня гэтая праца не атрымала належнага працягу», — сказаў першы намесьнік Уладзімера Макея.