Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7, 10 сутак, 15 базавых — новыя прысуды ўдзельнікам «маршу недармаедаў» у Горадні

абноўлена

Мікалай Салянік, Антон Войцехаў, Вадзім Саранчукоў
Мікалай Салянік, Антон Войцехаў, Вадзім Саранчукоў

У Горадні вынесеныя чарговыя прысуды за акцыю «недармаедаў», якая адбылася там 15 сакавіка.

Ленінскім судом Горадні за ўдзел у «маршы недармаедаў» Мікалай Салянік асуджаны на 7 сутак арышту, Антон Войцехаў — на 10 сутак. Вадзім Саранчукоў заплаціць штраф у памеры 15 базавых велічынь (345 рублёў).

Вадзім Саранчукоў, кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ, два дні таму вызваліўся з-пад арышту. Ён адбываў 13 сутак за ўдзел у «маршы недармаедаў» 19 лютага.

Чарговы адміністрацыйны пратакол на яго быў складзены за тое, што ён «зьдзяйсьняў публічны заклік да правядзеньня мітынгу». Паводле складзенага пратаколу, 7 сакавіка Саранчукоў нібыта даў Яўгену Палівікову і Максіму Варанкову ўлёткі з заклікам прыйсьці 15 сакавіка на мітынг у парк Жылібэра.

У судзе Саранчукоў патлумачыў, што не сустракаўся з гэтымі людзьмі ў той дзень. Больш за тое, Варанкова ён дагэтуль ніколі ня бачыў, а з Палівіковым сустракаўся недзе год таму, але не падтрымліваў ніякіх кантактаў і наагул знае яго толькі зьнешне.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Судзьдзя Натальля Козел прыняла да ўвагі паказаньні толькі сьведак і сьцьвердзіла: «Фактаў агавору сьведкамі Саранчукова ня выяўлена». Саранчукоў пакараны штрафам у памеры 15 базавых велічынь. Пасьля суду актывіст сказаў Свабодзе, што гэта відавочны палітычны прысуд:

«Фактычна ў судзе правяралася маё чэснае слова і чэснае слова сьведкі. Як юрыст ведаю, што забаронена трактаваць сумнеўныя доказы, сумнеўныя вэрсіі на шкоду таго, адносна каго вядзецца працэс. Але гэтыя прынцыпы не адыгралі ніякай ролі. Гэта і ёсьць сьведчаньнем таго, што прысуд палітычны».

Адначасова ў Ленінскім судзе адбываўся працэс над Антонам Войцехавым. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў «маршы недармаедаў» 15 сакавіка. Паводле Войцехава, з пратаколам ён не пагадзіўся, вінаватым сябе не прызнаў:

Антон Войцехаў
Антон Войцехаў

«Што можна казаць пра пратакол, калі нават сьведка-міліцыянт паказваў у судзе, што я падчас мітынгу размаўляў з Саранчуковым, хоць той у гэты дзень знаходзіўся пад арыштам. Яны мяне ня бачылі на тым мітынгу, але сьведчылі толькі па тым, што паглядзелі на відэаздымках. Дык пра якіх сьведак можна казаць...»

Суд пакараў яго 10 суткамі арышту. Пасьля прысуду Войцехаў сказаў Свабодзе, што чакаў такога рашэньня суду:

«Я гатовы за наш народ, за справядлівасьць, якой ён дамагаецца, адседзець гэтыя 10 сутак. Але мне крыўдна, што такое наагул у нашай краіне адбываецца. Крыўдна за нашу краіну».

У гэты ж час адбываўся працэс над удзельнікам «маршу недармаедаў» 15 сакавіка пэнсіянэрам Мікалаем Салянікам. Пасьля акцыі ён трапіў у шпіталь. Да яго двойчы прыходзілі міліцыянты, але Салянік адмовіўся зь імі размаўляць. На агучваньне рашэньня прыйшоў, хоць кажа, што не атрымліваў ніякай позвы ў суд. Рашэньне суду вельмі яго ўразіла:

Мікалай Салянік на мітынгу 15 сакавіка
Мікалай Салянік на мітынгу 15 сакавіка

«У мяне няма слоў, я ў шоку, гэта 37-ы год. Я разумею, што яны ніколі не вучылі гісторыі, але я ім паказваў Канстытуцыю і казаў, што чалавек мае права выказвацца. Усё бяз толку. Заўтра і ЖЭС зможа паводле свайго рашэньня ўводзіць нейкія правілы, не зважаючы на Канстытуцыю. Проста жах...»

Сёньня ж у абласным судзе Горадні разглядаліся скаргі актывіста з Ваўкавыску Віталя Гуляка і актывісткі зь Іўя Ірыны Давідовіч. Яны абскарджвалі рашэньне Ленінскага раённага суду Горадні, паводле якога былі асуджаныя за ўдзел у «маршы недармаедаў» 19 лютага. Суд іх скаргі не задаволіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG