Адзін зь іх, прадстаўнік руху «За свабоду» Леанід Гаравы, расказаў Свабодзе:
«25-га сакавіка спадар Падгурскі абвясьціў, што запрашае ахвотных грамадзянаў да сябе на прыём. Канстанцін Смолікаў, прадстаўнік Партыі БНФ, Анатоль Родзік з партыі левых „Справядлівы сьвет“ і я ўтрох пайшлі ў гарвыканкам. Размаўлялі наконт рашэньня гарвыканкаму № 881, пасьля прыняцьця якога з 2009 году ў Віцебску не было дазволена ніводнай масавай акцыі з ініцыятывы дэмакратычных актывістаў. Мы выказалі свае прапановы. Першая — каб зьмяніць гэтае рашэньне, склікаўшы дзеля распрацоўкі зьмен адмысловую камісію з прадстаўнікоў грамадзкасьці і ўладаў. Другая — каб вызначыць для масавых мерапрыемстваў месцы ў цэнтральнай частцы гораду, як патрабаваў Лукашэнка. І каб дазволы на мерапрыемствы выдаваліся паводле заяўнага прынцыпу, а не на падставе заключэньня платных дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і службамі ЖКГ. Бо грамадзяне не павінны плаціць грошы за карыстаньне сваім канстытуцыйнам правам!»
Сустрэча ў гарвыканкаме адбылася 27 сакавіка, і 29-га прапановы ў пісьмовым выглядзе былі накіраваныя ў гарвыканкам. З аналягічнымі прапановамі спадар Гаравы ўжо зьвяртаўся да старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва, калі адклікаў свой подпіс пад заяўкай на сьвяточныя акцыі да Дня Волі. Адказу ён пакуль не атрымаў.
Што да спробаў дамагчыся зьменаў у рашэньне гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», то цягам апошніх гадоў актывісты рабілі іх неаднаразова. Былі і звароты ў суды, і ў пракуратуру, і ў міністэрствы, аднак адусюль прыходзілі адмовы. Маўляў, рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, знаходзіцца на ўліку ў рэестры прававых актаў, а значыць, на думку чыноўнікаў, яно бездакорнае.
У такой сытуацыі, калі зьмяніць наяўнае рашэньне не атрымліваецца, застаецца дамагчыся, каб чыноўнікі выконвалі заданьне Аляксандра Лукашэнкі. На нарадзе 9 сакавіка ён даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу вызначыць месцы ў цэнтральных частках гарадоў, дзе грамадзяне мелі бы магчымасьць вольна выказвацца аб існых праблемах.