Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфан Баторы падарыў жаўнеру залаты кубак


Вокладка кнігі Алеся Аркуша "Сядзіба"
Вокладка кнігі Алеся Аркуша "Сядзіба"

А. Аркуш, «Сядзіба», раман, 138 старонак. 2017 год. Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», рэдактар В. Мудроў.

За вакном Горадня. Пабудовы царскага часу, не савецкія хрушчоўкі. Што робіць тваё адчуваньне больш утульным. У кампе дарэвалюцыйныя пабудовы Полацку. У апошнім рамане Алеся Аркуша «Сядзіба». Гарадзенскае неба сёньня суворае, парывы ветру шпурляюць у шыбы часам ёдкія кроплі. Адпаведнае надвор’е, каб чытаць кнігу з істотным гістарычным прысмакам.

«Сядзіба»- гэта можа замоцна, мова аб перакупленым доме на дзялцы сярод іншых. Пад майстэрню для жонкі і пад летні дом. Але месца выдатнае — блізка Дзьвіна, месца, заселенае здаўна. Толькі з домам штось ня так, нейкія рэчы анамальныя адбываюцца. Таямнічы дом якісьці.

А залаты кубак пры чым? Так, менавіта аздобленымі каштоўнымі камянямі, з рук самога караля (і таксама вялікага князя, а як жа) атрыманы некалі ваяром. За якія подзьвігі, спытаеце? За тое, што вызначыўся пры вызваленьні Полацку ад маскоўскага акупанта. Гісторыя з кубкам — гэта раман у рамане, зграбна завярстаны пад нібы чужым аўтарствам — паэта Кастана Навадворскага, калярытнай асобы, у якой, здаецца, угадваюцца рысы вядомага полацкага літаратара. Кастан Навадворскі піша дэтэктыўную гісторыю для публікацыі ў заводзкай шматтыражцы. Гісторыю нераскрытага забойства за той залаты кубак, якая адбылася ў царскія часы. Напісана ўдала, чытаецца з задавальненьнем.

Героям заманулася стварыць мітычную рэальнасьць Полацку.

Героям заманулася стварыць мітычную рэальнасьць Полацку. Чаму не? Ён жа мае дастаткова гістарычнага матэрыялу, ёсьць з чым папрацаваць! «Як думаеш, які галоўны міт Полацку?» — пытаецца Кастан. Пра Ўсяслава Чарадзея, не задумваючыся адказвае расказчык. Толькі месца пахаваньня невядомае, адказвае Кастан, агулам пагаджаючыся.

Калі мова заходзіць аб падвалінах полацкай мінуўшчыны, тут і час успомніць аб Ластоўскім, аб ягоных легендарных «Лябірынтах». Перагук зь «Лябірынтамі» ў Аркуша заўважны бадай ва ўсіх папярэдніх творах. Ластоўскі зрабіў неацэнную паслугу, запачаткаваўшы нібы асобны жанр полацкай гістарычна-прыгодніцкай прозы. Я сам учора ў паперах натрапіў на пачак фотаздымкаў — перазьнятыя з «Крывіча» «Лябірынты», якія мы чыталі ў студэнцкія часы на журфаку.

Полацак такое месца, што прыцягвае літаратараў. Выклікае жаданьне пісаць пра яго. Горад адносна невялікі, як на Беларусь, і не абласны, але — месца «вогнішча паэтаў». Пісьменьнікаў наогул. Родны горад Скарыны. Замацаваны ў літаратуры Ластоўскім.

І які быў моцным пачатак, штуршок! Хоць і не адразу адчуўся. Аднак з часам прыходзіць у літаратуру Уладзімер Арлоў, пісьменьнік перш менавіта полацкі. А сьледам Вінцэсь Мудроў. І Алесь Аркуш за імі. І яму заманулася зрабіць забег на доўгую дыстанцыю. У сваіх раманах, якія выходзяць адзін па адным, ён успамінае таксама свой горад дзяцінства, які блізка ня мог параўнацца з горадам на Дзьвіне, каб вяртацца ўвесь час абавязкова ў любімы Полацак. Гэта ў значнай ступені полацкія рэчы. Полацкая літаратура.

Адчуваеш міжволі наша падабенства. Мы з Аркушам прыехалі прыблізна ў адзін час, ён у Полацак, я ў Горадню. Каб стаць сваім, мясцовым, каб засвоіць гістарычны горад. І каб пачаць пісаць, замацоўваць кожны свой горад у прозе. Я пачаў са зьнішчэньня Фары Вітаўта. Перайшоў да Стэфана Баторыя, да Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Але ўсё больш адчуваю, што моцна прайграю перад Аркушам.

Але ўсё больш адчуваю, што моцна прайграю перад Аркушам. У яго свая выразная стратэгія. Скажам, зь «Сядзібай». Перш кніга зьяўляецца на электроннай плятформе, пачынае прадавацца. Цана, вядома, мінімальная, што падахвочвае дадаткова. Ёсьць свой чытач, які прызвычаены да рэгулярнага выхаду новай кнігі пісьменьніка. Празь некаторы час ён друкуе частку накладу. Для сустрэч з чытачамі, для кнігарняў. І атрымлівае пэўны розгалас, дзе інтэрвію выходзіць, дзе рэпартаж. Пісьменьнік робіць высілкі, каб пашырыць вузкія рамкі, у якія ён пастаўлены. І яны зусім ня марныя. Міжволі ўспамінаеш сваю апошнюю прэзэнтацыю кнігі, у зьмесьце якой Горадня. Строгі крытык, толькі пагартаўшы, крыўдліва прамовіў, што хацеў заахвоціць мяне пісаць у традыцыйным рэчышчы, а я не паслухаў, «пайшоў сваёй дарогай». Тады я падпісаў яму кнігу. І ён наогул як вады ў рот набраў. Хаця, магчыма, відавочнае заўважаецца толькі з адлегласьці. І мне хочацца верыць, што кнігі Алеся Аркуша, у зьмесьце якіх Полацак, выклікаюць у горадзе цікавасьць, ня могуць не выклікаць. Іншая рэч, што чытачоў усё менш. А калі яшчэ ёсьць, дык інстынкт пакупніка падштурхоўвае рэагаваць адно на рэкляму. Цікавае, вартае, ён атаясамлівае толькі зь ёю.

Кастан з расказчыкам глядзяць на Полацак з даху шматкватэрніка. Удзень панарама ня ўразіла, здалася «казённа-сымэтрычна-правільнай». Як жа будзе выглядаць начная забудова, «калі з таемных сховаў павылазяць гарадзкія таямніцы, якім і сто, і тысячу гадоў?» Горад у агнях робіць зусім іншае ўражаньне. Але найцікавейшы ня ён сам, а храм на беразе ракі, Сафія. Што ж, з даху толькі і ўбачыш: ад гораду яе захілілі дзевяціпавярховым гмахам. Нібы няграматнае архітэктурная рашэньне, але ж мэтай напэўна й было — захіліць. Так заўжды рабілася ў добрыя савецкія часы. Калі храм не ўзрывалі, стараліся захіліць.

Уся ўвага была Леніну. Расказчык вяртаецца ў горад дзяцінства. Дзе па суседзтву стаялі — статуя і цэх, дзе разьлівалі воцат. Родны горад — месца настальгічнае, толькі Ленін муляе. Але можна знайсьці выйсьце: зьмясьціць у рацэ, захутаўшы ў водарасьці. Там і пакінуць «Леніна свайго дзяцінства». Утапіўся. Бо не знайшоў аднойчы на звыклым месцы пастамэнт.

Усё ж наколькі ўтульней пісьменьніку ў Полацку!

Усё ж наколькі ўтульней пісьменьніку ў Полацку! Хоць задаволіць у савецкім горадзе, няхай зь вялікай гісторыяй, многае ня можа. Хата на месцы царквы, напрыклад. Але ёсьць тое, што зьдзіўляе і радуе. На Вялікім пасадзе археолягі раскапалі сядзібу залатара. Памер вялікі, значыць майстар быў вядомы, магла належаць Лазару Богшу, хто вырабіў славуты крыж для Эўфрасіньні Полацкай. Але як гэта даказаць? Адрасная кніга ХІІ стагодзьдзя не захавалася… Што ж, застаецца толькі напісаць аб раскопках у газэту.

Так, ня вызначыць месца, дзе жыў Лазар Богша. «І толькі вынік працы, але такой працы, якая ператвараецца ў легенду, здольны захоўваць тваё імя ў стагодзьдзях». Аўтар задумваецца на сэкунду, каб дадаць: «Можна зруйнаваць магілы, зьнішчыць курганы, ператварыць у друз храмы, замкі і палацы, але немагчыма зьнішчыць легенду».

З легендамі, зрэшты, таксама ўсяляк бывае. Але аўтар «Сядзібы» іх вартуе, прымнажае, не дае загінуць у часе. Полацкім легендам.

А што з кубкам Баторыя? Ён на дне Дзьвіны. Шчасьця не прынёс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG