У часе гутаркі з амбасадарам Армэніі Армэнам Хачатранам Аляксандар Лукашэнка ўзьняў тэму армяна-азэрбайджанскагу канфлікту ў Нагорным Карабаху, а таксама закрануў беларуска-расейскія дачыненьні.
«Наша пазыцыя адназначная: Армэнія і Азэрбайджан без усялякіх пасярэднікаў павінны сесьці за стол і вырашыць праблему, — сказаў Лукашэнка. — Калі захочуць кагосьці ў гаранты ўзяць, удвох хай вызначацца. Сёньня ёсьць такі момант, каб вырашыць гэтае пытаньне. Нельга ў палітыцы разыгрываць карту, калі гінуць і бядуюць людзі. Гэта наша непахісная пазыцыя па ўсіх канфліктных пунктах у сьвеце: няхай гэта будзе Нагорны Карабах, Прыднястроўе, Украіна і гэтак далей», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.
Лукашэнка сказаў, што сам не ўспрымае пасярэднікаў: маўляў, колькі ён працуе прэзыдэнтам, столькі вакол увіхаюцца розныя «дарадцы» — то міратворцы, то пасярэднікі з Эўразьвязам, то яшчэ хтосьці:
«Ды мы без пасярэднікаў разьбяромся з Эўразьвязам, зь іншымі дзяржавамі, — запэўніў Лукашэнка. — Сёньня ўжо кажуць, што патрэбныя пасярэднікі паміж Пуціным і Лукашэнкам. Ды супакойцеся: у нас з Уладзімірам Уладзіміравічам бліскучыя адносіны, падбяром час, сустрэнемся. Калі ёсьць нейкія праблемы, мы іх вырашым без пасярэднікаў, вырашым удвох, і нам ня трэба ніякае пасярэдніцтва. Мы родныя браты, нам дзяліць няма чаго. Я яму неяк публічна сказаў: можа, яшчэ настане час, калі прыйдзецца сьпінай да сьпіны стаць і адстрэльвацца».
Таксама Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт скандальнай экстрадыцыі зь Менску ў Баку расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына:
«Армэнія мне пра Лапшына ніколі нічога не казала. Ён быў абвешчаны ў вышук Азэрбайджанам. Калі яго тут затрымалі, я думаю: ну навошта? Няхай бы ехаў куды заўгодна. Вось на сваю галаву праблемы, калі ўжо шчыра казаць. Інтэрпол ведаў, мы паведамілі як належыць, як законапаслухмяныя. Каму павінны былі яго перадаць? Таму, хто абвясьціў у вышук. Першы раз скажу публічна — яго не хацеў ніхто і забіраць. Гэта потым ужо пачалі разыгрываць гэтую карту. Ён грамадзянін трох краін, і ніводная на яго не прэтэндавала. Таму ў любым пытаньні ёсьць пэўныя падтэксты, і гэтае пытаньне будуць схіляць так, як камусьці тое выгадна».