Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты моладзі — новы галаўны боль Крамля


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

У Расеі нечакана для ўсіх адбыліся самыя масавыя акцыі пратэсту за апошнія некалькі год. Здавалася б, Мядзьведзеў ня самы адыёзны прадстаўнік кіруючай эліты, дый фантастычная раскоша, у якой гэтая эліта жыве, таксама не зьяўляецца ні для каго навінай. Але эканамічны крызіс, ідэалізм расейскай гарадзкой моладзі і харызма Аляксея Навальнага (цяпер ужо бясспрэчнага лідэра пратэстнага руху ў Расеі) зрабілі сваю справу.

Самая незвычайная для Расеі рэч у мітынгах 26 сакавіка — тое, што яны адбыліся адначасова ў дзясятках розных гарадоў Расеі, а ня толькі ў Маскве і Пецярбургу. Звычайна нават АМАП для кантраляваньня апазыцыйных дэманстрацый у Маскву звазілі з іншых рэгіёнаў. Але што ім рабіць цяпер, калі пратэсты адбываюцца і ў іншых рэгіёнах таксама?

Людзі, якія вырасьлі (ці нават нарадзіліся) ў часы Пуціна, не займаліся палітыкай раней, але бачаць усю несправядлівасьць расейскага жыцьця і хлусьню афіцыйнай прапаганды.

Іншая адметнасьць — актыўны ўдзел моладзі. Гэта людзі, якія вырасьлі (ці нават нарадзіліся) ў часы Пуціна, былі яшчэ дзецьмі падчас «беластужкавых» мітынгаў ў 2011-2012 гадах, не займаліся палітыкай раней — але якія бачаць усю несправядлівасьць расейскага жыцьця і хлусьню афіцыйнай прапаганды. Ім не дасталося дабрабыту нулявых, як папярэдняму пакаленьню, і сваё дарослае жыцьцё яны пачынаюць у эканамічны крызіс, у час беспэрспэктыўнасьці і міжнароднай ізаляцыі.

Нянавісьць да карупцыі — гэта адзінае, што можа аб’яднаць найбольш шырокія колы расейскага грамадзтва, незалежна ад узросту, сацыяльнай прыналежнасьці, геаграфіі, палітычных поглядаў і стаўленьня да анэксіі Крыму ці вайны ва ўкраінскім Данбасе. І ў гэтым хаваецца вялікая небясьпека для цяперашняй расейскай улады. Гіганцкая незаконна набытая маёмасьць расейскай эліты, прыватныя самалёты, яхты і палацы яшчэ больш шакуюць на фоне галечы і далейшага зьбядненьня расейскага насельніцтва, ва ўмовах, калі пэрспэктываў зьменаў да лепшага няма ніякіх.

Аднойчы нібыта пракрамлёўская кампартыя, асабліва ў рэгіёнах, апынецца авангардам апазыцыі.

Камуністычная партыя ўжо заявіла аб ініцыяваньні парлямэнцкага расьсьледаваньня фактаў, прадстаўленых у фільме Навальнага пра Мядзьведзева. І хаця з гэтага расьсьледаваньня, хутчэй за ўсё, нічога не атрымаецца чыста з працэдурных прычынаў, публічны сыгнал ужо пасланы. Аднойчы нібыта пракрамлёўская кампартыя, асабліва ў рэгіёнах, апынецца авангардам апазыцыі і будзе заяўляць пра тое, што была супраць антынароднага алігархічнага рэжыму Пуціна ад самога пачатку.

Пратэсты зь белымі стужкамі ў 2011-2012 гг. прывялі да жорсткіх паказальных рэпрэсіяў супраць дэманстрантаў, і, урэшце, да выкарыстаньня анэксіі Крыму, каб падняць рэйтынг улады да рэкордных вышыняў. Электаральны рэйтынг Пуціна застаецца высокім і цяпер, але акцыя 26 сакавіка мела большы маштаб, чым многія мітынгі 2011-2012 гг.

Пры гэтым праз год Расею чакаюць прэзыдэнцкія выбары, на якіх улада хоча пабачыць высокую яўку і высокі ўзровень падтрымкі кандыдату Пуціну. Высьвятляецца, што дабіцца гэтага будзе складаней, чым здавалася спачатку.

Паміж цяперашнімі пратэстамі ў Расеі і Беларусі шмат агульнага.

Супадзеньне ці не, але паміж цяперашнімі пратэстамі ў Расеі і Беларусі шмат агульнага: тут і актывізацыя рэгіёнаў упершыню за доўгі час, і дэцэнтралізаванасьць, і незалежнасьць ад дэмаралізаваных структураў старой апазыцыі.

Але рэальнае значэньне расейскіх пратэстаў для Беларусі ў тым, што Расея відавочна і надалей ня будзе мець рэсурсаў для эканамічнай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі. Унутрырасейскія праблемы робяцца яшчэ больш вострымі, тут не да Беларусі. Адпаведна, і дрэйф менскага рэжыму ў бок Расеі таксама робіцца не адназначна вырашанай справай.

Скрайні варыянт — анэксія Беларусі з боку РФ для падтрымкі рэйтынга Пуціна — таксама робіцца меней імаверным: народ другі раз на казкі пра вонкавапалітычную веліч ня купіцца, бо гэта не зацьміць тэму карупцыі і агульнага зьбядненьня. Антыбеларуская рыторыка ў СМІ будзе хіба апраўданьнем для таго, каб не фінансаваць Лукашэнку.

Хаця гатовымі да сюрпрызаў мы ўсе павінны быць заўсёды.

Народ патрабаваў бы прэм’ер-міністра Мядзьведзева ці нават кіраўніка «Роснефти» Сечына.

Надзейна дапамагчы Пуціну ў цяперашняй сытуацыі маглі б толькі эканамічныя рэформы (у тым ліку і скасаваньне «контрасанкцый») і паказальныя антыкарупцыйныя меры. Прычым ахвяраваць трэба было б ня нейкім кіраўніком фэдэральнай мытнай службы і нават ня цэлым міністрам эканомікі — а гэта былі бадай самыя рэзанансныя і высокапастаўленыя «карупцыйныя» адстаўкі зусім нядаўняга часу, якія аднак, ня мелі ніякага ўплыву на публічны вобраз рэжыму. Народ патрабаваў бы прэм’ер-міністра Мядзьведзева ці нават кіраўніка «Роснефти» Сечына.

Але Мядзьведзеў і Сечын недатыкальныя для паказальнага перасьледу. Як і эканамічныя й палітычныя рэформы цяпер яшчэ меней магчымыя, чым у 2012 годзе, калі краіна не была «аточанай фартэцыяй». Таму адказам зноў будуць рэпрэсіі, спробы запалохаць грамадзтва і кропкавымі саступкамі каналізаваць пратэст у бяскрыўднае рэчышча.

Тым зьлейшымі будуць людзі і бездапаможнейшымі (і таксама злейшымі) будуць улады.

Выхаду з эканамічнага крызісу не прадбачыцца, і чым далей, тым будзе толькі горш. Тым зьлейшымі будуць людзі і бездапаможнейшымі (і таксама злейшымі) будуць улады.

То бок, у прынцыпе, усё ідзе па сцэнары, запраграмаваным яшчэ ў момант разьвязваньня вайны супраць Украіны і захопу Крыма: санкцыі, потым эканамічны крызіс, потым палітычны крызіс. Мы назіраем пераход з пункту два ў пункт тры.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG