Як масавыя рэпрэсіі ў Беларусі паўплываюць на стасункі з Захадам і з Расеяй Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст
Дракахруст: Рэакцыя Захаду на беларускі хапун была даволі хуткая. Варта сказаць, што рэакцыя была ўжо на першую хвалю рэпрэсіяў, да 25 сакавіка, калі пад штрафы і адміністрацыйныя арышты патрапілі больш за 300 чалавек. На вакханалію ў Дзень няВолі, як назвалі яго, рэакцыя была больш шырокая і рэзкая. Дзеяньні беларускіх уладаў асудзілі Эўразьвяз, Бюро па дэмакратычных інстытутах АБСЭ, міністэрства замежных справаў Польшчы, Пасольства ЗША ў Беларусі.
Усе гэтыя інстытуцыі заклікалі беларускія ўлады спыніць перасьлед пратэстоўцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, а таксама вызваліць тых зь іх, хто быў затрыманы.
Аднак паказальная адсутнасьць заяваў пра магчымасьць аднаўленьня санкцыяў і спыненьня працэсу нармалізацыі адносінаў. Гэта пацьвярджаецца і інфармацыяй з кулюараў улады Эўразьвязу і з эўрапейскіх сталіцаў — вялікага імпэту ўводзіць санкцыі адносна афіцыйнага Менску там няма.
Сёньня міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў — калі беларускія ўлады «адступяць ад гэтых рэпрэсій, а пэўныя сыгналы, што яны гэтага хочуць, у нас ёсьць, то мы вернемся да размовы». Ён падкрэсьліў, што менавіта такая пазыцыя ня толькі Варшавы, але і ўсяго Эўразьвязу: «Усе даюць Лукашэнку шанец, каб ён вярнуўся на добры шлях. Калі адбудзецца эскаляцыя, то мы будзем карэктаваць гэтую палітыку».
Па сутнасьці толькі адзін чыньнік можа зьмяніць сытуацыю — пэрспэктыва крымінальнай справы адносна так званых «баевікоў» — справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Зьяўленьне палітвязьняў — гэта новая якасьць сытуацыі.
Аднак так выглядае, што беларускія ўлады ўсё ж бяруць пад увагу значэньне заходняй рэакцыі. Пра гэта сьведчыць і тое, што пераважную частку затрыманых 25 сакавіка вызвалілі, і даволі стрыманая рэакцыя МЗС на заходнія заявы наконт хапуну, і вызваленьне Статкевіча.
Выглядае, што калі беларускія ўлады абмяжуюцца адно адміністрацыйнымі арыштамі, то да санкцыяў, да «пугі» справа ня дойдзе.
Таксама невідавочна, якой будзе рэакцыя Масквы. Афіцыйнай рэакцыі Расеі на ўсебеларускі хапун не было проста ніякай. Але так выглядае, што ў Масквы ёсьць падставы радавацца расправе Лукашэнкі з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Але ці вынікае з гэтага, што цяпер Крэмль можа і захоча браць дарагога саюзьніка, як той казаў, голымі рукамі?
Масква шмат чаго ад Менску хоча, без заходняй супрацьвагі супрацьстаяць расейскаму ціску Лукашэнку будзе няпроста. Але якія стратэгічныя прэтэнзіі да Лукашэнкі меў Крэмль? Прынамсі важным чыньнікам былі менавіта самі па сабе заляцаньні Лукашэнкі да Захаду. Ну дык можа яны цяпер, пасьля 25 сакавіка, натуральным чынам і сыдуць на нішто.
Але ёсьць і іншыя складнікі гіпатэтычнай расейскай рэакцыі. Гэта — крамлёўскія жахі перад Майданамі. Прычым, абстрактныя крамлёўскія страхі цяпер істотна абвастрыліся канкрэтнымі падзеямі ў самой Расеі. 26 сакавіка ў дзясятках расейскіх гарадоў адбылася сэрыя сацыяльных акцыяў пратэсту. Здаецца, з часоў Балотнай, з 2011 году, гэта самыя буйныя пратэсты ў Расеі. Расейская паліцыя супраць пратэстоўцаў дзейнічала прыкладна ў тым самым стылі, у якім беларуская міліцыя — супраць беларусаў.
І псыхалягічна для Крамля — што змаганьне Лукашэнкі зь беларускімі пратэстоўцамі, што сваё, расейскае, змаганьне з уласнымі расейскімі пратэстоўцамі, фігуральна кажучы, змаганьне са Статкевічам і Навальным — гэта адзін фронт вайны з крамолай і з Захадам. І ў выніку цалкам імаверна, што на Лукашэнку зараз Масква будзе ня ціснуць, а ўзнагародзіць яго. Як? Ну як заўжды — грашыма. І не за базу, не за актывы, а ў парадку аўтарытарнай салідарнасьці, так бы мовіць. Ну і раз такі брат па дубінцы, то чаму ж брату не дапамагчы?
Цыганкоў: Я цалкам пагаджуся і скажу, што часам мы забываем пра гэтую ідэйную роднасьць, ідэалягічны падыход у палітыцы, і пра тое, што ёсьць на постсавецкай прасторы пэўны антылібэральны інтэрнацыянал аўтарытарных кіраўнікоў. Мы яго недаацэньваем, бо калі браць усе інтэграцыйныя аб’яднаньні, якія ўтварае Расея, гэта хаўрус аўтарытарных кіраўнікоў. Былі пэўныя сумневы па Армэніі, але і ў яе аўтарытарныя тэндэнцыі, асабліва апошнім часам, запанавалі. Краіны з дэмакратычным ладам туды проста не прымаюцца.
Нават прыклад Украіны красамоўны. Тая самая краіна, з тым самым насельніцтвам, але калі там быў Юшчанка, то Масква не запрашала яе ў свае саюзы, калі там пачаў кіраваць Януковіч, то Масква даволі актыўна пачала запрашаць Украіну ва ўсе свае аб’яднаньні, гэта скончылася Майданам, але тым ня менш. Гэта каб паказаць, што аўтарытарная еднасьць дастаткова важная.
Захад хоча, верыць і спадзяецца, што Менск ня пойдзе «ўразнос», што ня будзе такога ўзроўню рэпрэсіяў, які быў пасьля Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў: «У нас ёсьць сыгналы, што ўлады адступяць ад рэпрэсіяў». Сыгналы гэтыя відавочна дае афіцыйны Менск, МЗС, які цяпер, пэўна, з трайной энэргіяй працуе, каб даказаць, што гэта былі толькі эпізоды, што гэтыя затрыманьні мелі на мэце толькі захаваць стабільнасьць у краіне, а ніякага аўтарытарнага развароту ў Беларусі не адбываецца, што палітвязьняў у нас ня будзе і няма прычынаў мяняць структуру і фармат адносінаў Менску з Захадам.
І Захад канешне хоча на гэта спадзявацца, і напэўна будзе спадзявацца да апошняга, да сапраўды зьяўленьня палітвязьняў. Ну але Захад будзе даваць сыгналы, паказваць Менску, да чаго можа прывесьці гэты паварот, да якога пагаршэньня, але нейкія свае рашэньні кардынальныя пра зьмену статусу адносінаў зь Менскам будзе прымаць у апошнюю чаргу, калі ўжо будзе ўсё зразумела.
Карбалевіч: Расея ніяк не адрэагавала на апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі, таму я буду гаварыць толькі пра рэакцыю Захаду. У мяне іншае ўражаньне ад гэтай рэакцыі, у адрозьненьне ад маіх калегаў. Я лічу, што гэтая рэакцыя даволі мяккая ў адрозьненьне ад той рэакцыі, якая была ў сьнежні 2010 году. Прычым тады адразу была такая рэакцыя, хоць колькасьць затрыманых зараз абсалютна супастаўляльная.
Так, заявы былі. Але, па-першае, няшмат. Па-другое, вось ад імя ЗША сытуацыю камэнтавала толькі амэрыканская амбасада ў Беларусі, заявы ад імя дзярждэпартамэнту не было. Па-трэцяе, акрамя заяваў няма дзеяньняў ці хаця б пагрозаў такіх дзеяньняў.
Нагадаю, што апошнія два тыдні, калі па ўсёй краіне ўжо ішлі масавыя затрыманьні, у Менск адна за адной ехалі дэлегацыі з заходніх сталіцаў. У прыёмнай Лукашэнкі, фігуральна кажучы, выстраілася чарга з жадаючых паціснуць яму руку.
Тут пабывалі віцэ-прэм’ер Бэльгіі Д. Рэйндэрс, старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ К. Мутанэн, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Ф. Бэнэт, місія МВФ. Апошнія дзьве дэлегацыі абмяркоўвалі ўмовы крэдытаў Беларусі. Ну а пра візыт і камэнтары даўняга сябра афіцыйнага Менску спадара Рыгоні увогуле цяжка казаць нешта новае.
Зразумела, гэтыя візыты рыхтаваліся загадзя. Але ніхто не адмяніў візыты на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў.
У такой мяккай рэакцыі Захаду некалькі прычынаў.
Па-першае, у гэтыя выходныя адбываліся вулічныя акцыі ў сталіцах іншых краінаў: у Рыме, Лёндане, Бішкеку. І там таксама былі сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй, пра што настойліва нагадвалі ўчора беларускія дзяржаўныя тэлеканалы. І на тле гэтых інфармацыйных плыняў падзеі ў Менску трохі згубіліся.
Па-другое, у краінах ЭЗ і ў ЗША цяпер адбываюцца, скажам так, няпростыя палітычныя працэсы, таму Захаду цяпер не да Беларусі.
Па-трэцяе, дзейнічае чыньнік, умоўна кажучы, бюракратычнай каляіны. То бок, калі прыняты палітычны курс на размарожваньне адносінаў з афіцыйным Менскам, то цяжка зь яе выскачыць, памяняць курс.
Па-чацьвёртае, пасьля Крыму рэзка зьмянілася геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне. І чыньнік геапалітыкі выціснуў каштоўнасны чыньнік. Бо Беларусь заняла пазыцыю нэўтралітэту ў канфлікце РФ з Захадам. І гэта больш важна для Захаду.
Па-пятае, трохі зьмяніўся канцэптуальны падыход Захаду да самой зьявы народных пратэстаў. Раней Захад сыходзіў зь непахіснага прынцыпу: народ на Плошчы заўсёды мае рацыю, таму трэба падтрымліваць народны пратэст. Але пасьля «арабскай вясны», якая абярнулася дэстабілізацыяй Блізкага Ўсходу і ростам ісламскага экстрэмізму, пасьля кіеўскага Майдану, у выніку якога здарыўся востры міжнародны крызыс, Захад пачаў ставіцца на народных пратэстаў больш стрымана.