Некалькі праваабарончых арганізацыяў Украіны ў суботу распаўсюдзілі зварот, у якім заклікалі міжнародныя арганізацыі зьвярнуць увагу на падзеі ў Беларусі ў кантэксьце масавых затрыманьняў да Дня Волі. Тэкст звароту распаўсюдзіла на старонцы ў Facebook грамадзкая арганізацыя «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў».
«У Беларусі працягваюцца маштабныя перасьледы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці ў сувязі з правядзеньнем штогадовай акцыі да Дня Волі. Толькі ў Менску 25 сакавіка, паводле розных зьвестак, было затрымана каля 1000 чалавек. Праваахоўныя органы Беларусі праводзяць адвольныя затрыманьні актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, нават выпадковых мінакоў... Мы зьвяртаемся да міжнародных арганізацыяў аб неабходнасьці прыцягненьня максымальнай увагі да падзеяў у Беларусі, у прыватнасьці, да адміністрацыйных і крымінальных спраў, якія былі заведзеныя супраць актывістаў, ды выкарыстаньня ўсіх магчымых мэханізмаў для недапушчэньня палітычна матываванага перасьледу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі», — гаворыцца ў звароце.
Грамадзкія актывісты, у прыватнасьці, зьвярнуліся да АБСЭ з рэкамэндацыяй прадоўжыць дзеяньне Маскоўскага мэханізму АБСЭ па Беларусі і разгледзець пытаньне аб пераносе сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая павінна адбыцца ў Менску ў ліпені 2017 году.
Зварот падпісалі прадстаўнікі Цэнтра грамадзянскіх свабодаў, Украінскага Хэльсынскага саюзу ў пытаньнях правоў чалавека, Крымскай праваабарончай групы, Цэнтра інфармацыі аб правах чалавека і мэдыйнай ініцыятывы за правы чалавека.
«Перасьлед грамадзян Беларусі за выказваньне іх думак і ўдзел у мірных сходах недапушчальны і парушае міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека», — адзначылі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Украіны.