Паводле праваабаронцы «Вясны» Насты Лойкі, раніцай і ўдзень 25 сакавіка ў Менску было затрымана больш за 500 чалавек.
«Цяпер складаем сьпіс прозьвішчаў затрыманых, іх ужо за сто чалавек. Але гэта ня ўсе. Частка зь іх — журналісты і праваабаронцы, якіх адпусьцілі. Шмат затрыманых адвозілі па розных райаддзелах міліцыі. Ведаю, прыкладам, што ў Ленінскім чалавек 100, у Савецкім чалавек 170, у Маскоўскім — каля 200, у Фрунзенскім — 50. Гэта досыць вялікія лічбы. Мяркую, усяго затрымалі больш за 500 чалавек», — сказала Наста Лойка.
Паводле зьвестак журналістаў «Нашай Нівы», у Заводзкім РУУС аказалася 200 чалавек, у Першамайскім — каля 120, у Фрунзенскім — да 100. Паводле зьвестак «Нашай Нівы», усяго затрымана каля 900 чалавек.
Як паведамілі сьведкі, зь некаторых РУУС пасьля праверкі частку затрыманых адпусьцілі без складаньня пратаколаў.
На сайце «Вясны» можна знайсьці зьвесткі пра затрыманых 25 сакавіка ў рэгіёнах Беларусі. Гаворка пакуль пра 15 чалавек, якіх у асноўным затрымалі па дарозе на мітынг у Менск.
Паводле сьпісу «Вясны», з 3 сакавіка ў Беларусі было затрымана 352 чалавекі без уліку затрыманых на недазволеным мітынгу ў Менску.
Прэсавая служба менскай міліцыі зьвестак пра колькасьць затрыманых на Дзень Волі ў Менску не дала.