Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі 2017. АНЛАЙН зь Менску, Берасьця, Горадні і Гомля

абноўлена

Дзень Волі 2017. Жывая трансьляцыя

У цэнтры Менску адбываюцца затрыманьні людзей, якія выйшлі на акцыю ў Дзень Волі — гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Дэмакратычныя сілы заклікалі адзначыць Дзень Волі мітынгам і шэсьцем. Збор быў прызначаны на 14:00 каля Акадэміі навук.

Плянавалася, што там адбудзецца мітынг, і далей удзельнікі шэсьця рушаць па праспэкце Незалежнасьці ў цэнтар гораду. Заяўнікі акцыі зьбіраліся завяршыць шэсьце на Кастрычніцкай плошчы, а былы кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч прапаноўваў працягваць шэсьце да плошчы Незалежнасьці.

Менгарвыканкам дазволіў заяўнікам акцыі на 25 сакавіка толькі мітынг на плошчы Бангалор. 24 сакавіка старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што ўсе вулічныя акцыі 25 сакавіка будуць незаконнымі. Ён патлумачыў гэта тым, што ўсе заяўнікі пісьмова адмовіліся ад сваіх заявак.

Таксама сёньня Дзень Волі адзначалі у іншых вялікіх гарадах Беларусі: у Берасьці, Віцебску, Горадні і Гомлі. Там акцыі пачыналіся а 12-й гадзтіне.

Яны сустракаюць Дзень Волі ў турме. Поўны сьпіс арыштаваных. Абнаўляецца

Што беларусы сьвяткуюць 25 сакавіка

Вынікі дня. За дзень да Дня Волі

16:37 25.3.2017

16:38 25.3.2017

16:48 25.3.2017
Так затрымлівалі Ніну Багінскую
Так затрымлівалі Ніну Багінскую

16:50 25.3.2017

16:56 25.3.2017

17:04 25.3.2017

Месца знаходжаньня Някляева дагэтуль невядомае

Жонка Ўладзімера Някляева Вольга паведаміла, што дагэтуль ёй не даюць зьвестак пра тое, дзе трымаюць яе мужа. Ёй тэрмінова трэба перадаць яму лекі, але ні ў міліцыі, ні ў КДБ ня кажуць, дзе яго трымаюць.

Паводле непацьверджаных зьвестак, Някляева перавезьлі зь Берасьця ў Менск, але ці гэта так, ня кажуць. Уладзімер Някляеў быў затрыманы 24 сакавіка ў Берасьці ў цягніку, калі вяртаўся з Варшавы.

У 2016 годзе былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў перанёс апэрацыю на хрыбетніку, які яму пашкодзілі міліцыянты ў 2010 годзе падчас затрыманьня.

17:15 25.3.2017

У Гомелі пасьля акцыі затрыманыя журналісты-фрылянсэры і актывісты АГП

Як паведамляе БелаПАН, у Гомелі 25 сакавіка пасьля заканчэньня акцыі «Марш недармаедаў-2» затрыманая журналістка Ларыса Шчыракова. «Міліцыянты павезьлі Шчыракову ў Гомельскі РАУС», — паведаміў яе калега Яўген Меркіс.

Таксама міліцыя затрымала журналіста-фрылянсэра Андрэя Мядзьведзева, які быў у Гомелі па рэдакцыйным заданьні газэты «Наша ніва». Пасьля мітынгу яго затрымала міліцыя на вуліцы Кожара. «Яны былі ў цывільным, але гэта былі рэчыцкія міліцыянты. Мяне пасадзілі ў аўтамабіль і адвезьлі ў Рэчыцу, яшчэ жартавалі па дарозе — маўляў, для тваёй жа бясьпекі», — паведаміў БелаПАН Мядзьведзеў.

Дакладная колькасьць затрыманых у Гомелі пасьля акцыі невядомая. У Чыгуначным РАУС знаходзіліся каля дзесяці чалавек, у тым ліку актывіст АГП Аляксандр Працко. Затрыманыя таксама актывісткі АГП Натальля Шчукіна і Ала Раманчык, якія на акцыі ўзначалілі калёну і несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі.

17:32 25.3.2017

Сьведчаньні затрыманых журналістаў «Камсамольскай праўды»

17:44 25.3.2017

Мінск: На Кастрычніцкай плошчы за Палацам рэспублікі амапаўцы пабілі журналістаў Кацярыну Бахвалаву, Ігара Ільяша, Вольгу Давыдаву

Кацярына Бахвалава: «Мы хацелі паказаць тэхніку, якая сканцэнтраваная за Палацам рэспублікі. Дайшлі да месца, і там на нас наляцелі 4-5 чалавек у масках, ва ўсім чорным. Пачалі затрымліваць, валіць на зямлю, пінаць. Мне накаленьнікам патрапілі па нізу жывата. На нас пакуль няма бачных сьлядоў зьбіцця, калі праявяцца сінякі, будзем падаваць заяву. Адпусьцілі нас пасьля таго, як нехта пазваніў гэтым людзям. Ва ўсіх былі закрытыя твары. Толькі ў аднаго з адкрытым тварам я спытала: „Навошта ты гэта робіш?“. Ён мне сказаў: „Паедзеш зараз на 15 сутак, табе лячыцца трэба“. Я крычала, калі мяне білі на зямлі, бо гэта балюча і страшна, калі цябе б’юць пяць узброеных мужчын. Я паказвала пасьведчаньне БелаПАН, але гэты чалавек вырваў з рук і сказаў, што пасьведчаньне несапраўднае».

18:02 25.3.2017

У Менску да журналісткі Марыны Кастылянчанкі ўламілася міліцыя

У кватэры ідзе вобшук. У пад’езьдзе дома стаяць супрацоўнікі АМАПу. На месцы – праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч і Алесь Бяляцкі, якія прыехалі высьветліць сытуацыю і падтрымаць дзяўчыну, паведамляе «Вясна».

З чым гэта зьвязана, пакуль не вядома.

18:05 25.3.2017

У Маскоўскім РУУС унутры знаходзяцца 150 -200 чалавек, большасьць на вуліцы пад дажджом, там і абшукваюць, паведамляе ў Твітэры «Вясна».

19:47 25.3.2017

Гомельскія дэмакратычныя бабулі — у ізалятары

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 73-гадовая гамяльчанка Натальля Шчукіна была затрымана пасьля мірнага сходу на прыпынку грамадзкага транспарту на Савецкай вуліцы. Яе, як і некаторых іншых затрыманых, адвезьлі ў Навабеліцкі райаддзел міліцыі. Зь ёй удалося зьвязацца праз мабільную сувязь.

«Стаім каля будынку адміністрацыі Навабеліцкага раёну. Адзін зь міліцыянтаў пабег нешта ўзгадняць. Мне адразу сказалі, што павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцу Міжгароднюю. Ну, а ў панядзелак, відаць, будзе суд. Я не супраціўлялася, калі сказалі прайсьці ў машыну, бо ведаю, чым гэта скончыцца. Калі мяне затрымлівалі, бачыла, што ў наступную міліцэйскую машыну саджалі Алу Раманчык і Аляксандара Процку. Мы ўсе вярталіся ад ДК таварыства глухіх, што на вуліцы Юбілейнай, дзе ладзіўся мірны мітынг. Цяпер вязуць у ізалятар. Такі вось атрымаўся дыялёг з уладамі на Дзень Волі», — сказала карэспандэнту БелаПАН гамяльчанка Шчукіна.

Стала вядома, што пэнсіянэрку Алу Раманчык міліцыя таксама даставіла ў ізалятар. У панядзелак затрыманых чакае суд.

На мірным сходзе каля ДК таварыства глухіх Натальля Шчукіна і Ала Раманчык, якіх нярэдка называюць «дэмакратычнымі бабулямі», стаялі на прыступках, трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

А два дні таму Шчукіну і Раманчык у Савецкім судзе Гомля пакаралі буйнымі штрафамі — за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Рагачове.

19:57 25.3.2017

Зь Менску на сувязь выйшаў грамадзкі актывіст з Калінкавічаў Аляксандар Елісееў, які паведаміў, што яго і шасьцёх менчукоў затрымалі пасьля Дня Волі ў Заводзкім раёне сталіцы.

Некаторыя затрыманыя назвалі свае прозьвішчы: Максім Кніга, Яўген Сьпіцын, Ігар Толкач, Аляксей Кіравы, Раман Варвашэня.

20:04 25.3.2017

Гомельскі распаўсюднік незалежных газэт Аляксандар Процка затрыманы, яго адпраўляюць у ізалятар

Затрыманы ў Гомелі пасьля мірнай акцыі «Марш недармаедаў-2» распаўсюднік незалежных газэт Аляксандар Процка знайшоўся ў Чыгуначным РАУСе.

«Трымаюць мяне тут ужо больш як тры гадзіны. Сказалі, што павязуць у ізалятар, а ў панядзелак будзе суд. У пастарунку шмат маладых людзей», — сказаў Процка, і яго мабільнік адключыўся.

Падчас мітынгу каля ДК таварыства глухіх Аляксандар Процка раздаваў газэту «Новы час».

20:06 25.3.2017

Колькі затрымана на Дзень Волі?

Паводле праваабаронцы «Вясны» Насты Лойкі, раніцай і ўдзень 25 сакавіка ў Менску было затрымана больш за 500 чалавек. Паводле зьвестак «Нашай Нівы», усяго затрымана каля 900 чалавек.

20:27 25.3.2017

У Менску да журналісткі Марыны Кастылянчанкі ўламілася міліцыя, паведамляе «Вясна». У кватэры ідзе вобшук. У пад’езьдзе стаяць амапаўцы. З чым гэта зьвязана, пакуль невядома.

XS
SM
MD
LG