Газэта «Пагоня» праіснавала болей, але даўно й яе няма. А 25 сакавіка дата — 25 год, як яна паявілася на сьвет. Гістарычная, можна сказаць, падзея тады адбылася.
«Пагоня» выйшла са сьцен абласной «Гродзенскай праўды». Яшчэ дакладней: з пакою шчучынскай раёнкі «Савецкая вёска», якая на хвалі адраджэньня стала называцца «Дзяньніцай». У чатырохпавярховым будынку абласной газэты наймалі пакоі для тэхнічных спраў дзьве раённыя. У Вялікай Бераставіцы і Шчучыне закрылі друкарні. Яны існавалі пры раёнках і абсталяваньне мелі ледзь не з партызанскіх атрадаў. Абкам партыі вырашыў наклад вырабляць у Горадні ў абласной друкарні.
Выпускаючым шчучынскай раёнкі быў Міхась Карневіч, на ягоным стале намі вычытваліся гранкі з друкарні, якую з будынкам рэакцыі злучаў пераход. Я знайшоў у сваіх паперах чатыры здымкі, якія адлюстроўваюць падзею. Тры друкуюцца ўпершыню. Адзін зроблены ў пакоі «Дзяньніцы», зьлева направа Міхась Карневіч, Мікола Маркевіч і Алена Раўбецкая, яна пазьней рэдагавала газэту «Биржа Информации».
Мы з Раўбецкай працавалі ў аддзеле навін і сацыяльных праблем «Гродзенскай праўды», Маркевіч — у прамысловым. Уласна кажучы, паяўляўся толькі ад часу да часу, быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савету, у фракцыі БНФ.
Газэту пад назвай «Пагоня» Маркевіч зарэгістраваў яшчэ пры СССР. Яшчэ да таго, як Пагоня стала дзяржаўным гербам. Але наступіў 1992-гі, а самога выданьня не было, толькі пасьведчаньне аб рэгістрацыі.
Гэта была газэта-экспромт. Усё рабілася ў апошні момант. Зрэшты, газэта ёсьць газэта. Размовы, будаваньне паветраных замкаў — усё гэта было задоўга да 25 сакавіка. Але абавязкова павінны быць больш-менш сьвежыя навіны. Напісаць усё, падрыхтаваць нумар за месяц-два было немагчыма.
Хаця сам я прапанаваў для пачатковага выпуску «тавар» з пэўным тэрмінам захаваньня. «Лютаўска-сакавіцкія зацемкі» і апавяданьне «25 сакавіка» — на апошнюю старонку. Пад псэўданімам. Апавяданьне гэтае потым апынулася ў маёй кнізе «Цэнзарскія нажніцы».
Што яшчэ было больш-менш загадзя падрыхтавана, дык гэта газэтная шыльда. На пасе — сьветла-заштрыхавана-сьветлым быў зьмешчаны герб з конным рыцарам на шчыце. Наш дзяржаўны! І сама назва газэты — «Пагоня».
«Жыве Беларусь!» — аптымістычна напісалі мы зьверху.
Гэта быў «нулявы» нумар, пробны, так і было пазначана пад шыльдай.
Закрыў газэту гаспадарчы суд пры канцы 2001 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.