Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла віншуе беларусаў зь 99-й гадавінай Незалежнасьці БНР


Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў 99-й гадавінай незалежнасьці БНР.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларускага народа напярэдадні гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэкст звароту зьмешчаны на сайце Рады БНР.

«У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 г., пасьля доўгай няволі, калі вонкавы сьвет забыўся пра нашае існаваньне, народ наш заявіў, што хоча жыць у сваёй незалежнай дзяржаве, — гаворыцца ў звароце. — Давялося чакаць яшчэ больш як сем дзесяцігодзьдзяў, пакуль Беларусь сталася ўсімі прызнанай дзяржавай, але калі б не было ў сакавіку 1918 году людзей, якія моцна верылі ў сваё права быць вольнымі на сваёй зямлі, — не здабылі б мы ў жніўні 1991-га сваёй дзяржавы».

Івонка Сурвіла нагадвае, што «праз год, 25 сакавіка 2018-га, мы адзначым 100 — гадовы юбілей абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У нармальнай дэмакратычнай краіне дзяржава рыхтавалася б да вялікага сьвята — але цяпер, на жаль, настрой не сьвяточны. У гэтым 2017 годзе наш край ізноў апынуўся пад пагрозай быць зьняволеным тым самым захопнікам. Разьвіцьцё апошнім часам падзеяў вельмі трывожнае. Перад мілітарызацыяй нашай зямлі расейскімі базамі і манэўрамі з удзелам тысячаў расейскіх вайскоўцаў, Беларусь успрымаецца Захадам верным саюзьнікам Масквы, і падзел паміж двума сьветамі пакідае нас штораз часьцей на баку варожай нам імпэрыі. У выпадку вайны наш народ ізноў зробіцца першай яе ахвярай».

«Зьвяртаюся сёньня да беларускага народу, у Беларусі і ўва ўсім сьвеце. Гэтак, як нашая гераічная моладзь, якая нядаўна бараніла Курапаты, скажыце ўсяму сьвету і прамаскоўскім хаўрусьнікам у Менску, што беларускі народ не зьбіраецца ізноў паміраць за чужыя імпэрыі, што край наш выбраў нэўтралітэт, калі ён меў магчымасьць выказаць сваю волю, і што ён быў уцягнуты ў варожую нам Эўразійскую зону, нягледзячы на гэтае жаданьне, выказанае ў Канстытуцыі», — заклікае старшыня Рада БНР.

У сёлетнім сакавіцкім звароце тэме вайсковай прысутнасьці Расеі Івонка Сурвіла надае асаблівую ўвагу: «У гэты вельмі неспакойны час, калі кожная дзяржава мае свае ўласныя клопаты і ня мае часу прыслухоўвацца да чужых праблемаў, цяжка пераканаць тых, хто гэтага ня ведае, што мілітарныя базы на сваёй зямлі мы ўспрымаем — як пагрозу незалежнасьці нашай дзяржавы. Аднак пра гэта трэба гаварыць, трэба пісаць усім нам як індывідуальна, гэтак і калектыўна, ад імя беларускіх арганізацыяў, звароты да ўрадаў краінаў, дзе мы пражываем. Трэба рабіць усё магчымае, каб нас бачылі, каб нас чулі, каб ведалі, што народ наш ізноў пад пагрозай з боку суседа, злачынную небясьпеку якога сьвет нарэшце зразумеў. Трэба, каб лінія абароны Эўропы праходзіла ня ўздоўж заходняй мяжы Беларусі з Эўразьвязам, а ўздоўж мяжы ўсходняй — з Расеяй», — перакананая старшыня Рады БНР.

«Дарагія мае суродзічы на Бацькаўшчыне, трэба, каб вы таксама заявілі сьвету, што вы ізноў быць калёніяй Масквы не зьбіраецеся. З сумам канстатую, што трэба быць героем, каб у Беларусі змагацца за волю нашай зямлі. З глыбіні сэрца віншую тых, хто гэта штодзённа робіць. Сьвет пра вашае змаганьне ведае. Воля і Незалежнасьць Беларусі, у першую чаргу — у вашых руках! Жыве Беларусь!» — гэтымі словамі завяршае свой зварот старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG