Мінулая «вялікая (7 гадзін) размова» ў прэзыдэнта, якую ў народзе назвалі «размовай у пампэрсах», нібы зьлізаная з артыкула Сталіна «Головокружение от успехов» (1930) — пра перагібы ў калектывізацыі, таго самага «лібэральнага» артыкула, пасьля якога ў СССР пачаўся сапраўдны хорар і пекла на зямлі. Тут таксама — паразмаўлялі. Пасьля яшчэ і голуб міру Язэп Сярэдзіч прынёс «благую весьць» пра магчымасьць круглага стала.
Закралася надзея. Як пасьля «Головокружения». Але, аказваецца, зусім ня тыя галовы закруціліся. У тых, што з дубіналам, — ня круцяцца. Гэта інтэлігенцыя чарговы раз купілася на слова, пераконваючы сябе, што за словам пасьледуе і такое самае дзела. Толькі ж у Сталіна было чотка: слова пасяляе сьветлую ілюзію, а дзела рэальна адсякае галовы. Слова абнадзейвае, дзела абнадзееных зьнішчае пад корань. І так заўсёды: слова — дзела, слова — дзела…
І абсалютна гэтаксама ў Лукашэнкі, ва ўсе ягоныя «лібэралізацыі», за ўсе гэтыя 23 гады прэзыдэнцтва, па-сталінску чотка: слова — дзела, слова — дзела…
Прыкладаў процьма. У Менску больш не будаваць ні мэтра! — назаўтра, як адурэлыя, растуць хмарачосы адзін над адным. Дэнамінацыі ня будзе! — Бац, дэнамінацыя! Пра круглы стол нада падумаць… — Жорстка зьбітыя і кінутыя ў турму кніганошы.
Кніганошы! Сёлета! На 500-я ўгодкі Скарынавай кнігі…
Уся ад А да Я палітыка Лукашэнкі — гэта чыстая рэінкарнацыя палітыкі Сталіна. З папраўкай на краіну і зь невялікай папраўкай на час. Ну і, калі хочаце, на акцэнт — не грузінскі, а беларускі.
Але ў Сталіна былі прывабныя небыліцы пра вялікую краіну, якой усе баяцца, пра новага савецкага звышчалавека, пра камунізм, калі ня будзе грошай — бяры ўсё і за так. У Лукашэнкі нічога, апроч «чыстых вуліц», няма, толькі масавае застрашэньне і масавыя рэпрэсіі. Гэта ўсё, што засталося і цяпер разгортваецца ў поўным маштабе.
Але тут уступае ў сілу яшчэ адна, зусім новая папраўка — у Беларусі не засталося нармальных людзей, кім бы масавае застрашэньне, масавыя рэпрэсіі і сам вобраз Сталіна былі запатрабаваныя. Прыгожая сталінская рыторыка перастала працаваць. Час прайшоў. Тэрмін прыдатнасьці скончыўся. Можа быць вось сёньня, зараз стала зразумела, што ні для каго яна ўжо не прыгожая. Проста вымерла пакаленьне, якое калісьці даўно выбрала сабе «бацьку» менавіта за гэтыя «красивые слова».
Ну хто сёньня паверыць, што трэба зноў напружыцца, падцягнуць рамні, перацярпець, супрацьстаяць пагрозам? Каму ў нас патрэбны ягоны страшны «майдан»? Праехалі. Хто сёньня верыць у тое, што «ёсьць людзі, якім трэба ўзарваць абстаноўку ў краіне»? Апроч самога Лукашэнкі і ягоных апрычнікаў, такіх людзей у Беларусі не відаць.
«Начинается паника, давка, люди друг на друга обозляются и, как снежный ком, начинается это возмущение. Тогда человеку подсовывают оружие, начиная от ножа и заканчивая стрелковым. И обычный человек, который якобы пришел потребовать свое, становится боевиком. Это целая технология цветных революций.»
Тут, вядома, ёсьць праўда, але толькі праўда Лукашэнкі. Якая паніка, які сьнежны ком? Людзі ссумаваліся па нармальнай уладзе, якая не палохае, не гвалтуе і не забівае. Па ўладзе, якая працуе ў інтарэсах людзей і таму яе не відаць і не чуваць з кожнага праса. Нацыя відавочна абнавілася. Тым часам прэзыдэнт не даганяе, ня можа дагнаць, што ў вобразе Сталіна ён больш не патрэбны нікому.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.