Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае тэлебачаньне з нафталіну адкапала і адрадзіла «Белы легіён»


Сёньня ўвечары па БТ чакалі «выкрывальныя матэрыялы» пра змову, правакатараў, якія рыхтуюць масавыя беспарадкі на Дзень Волі, 25 сакавіка.

Але ў вечаровай праграме Беларускага тэлебачаньня «Панарама» выйшаў сюжэт пра «Белы легіён», створаны ў сярэдзіне 1990-х. Сюжэт змантажаваны з архіўных кадраў і апэратыўнай здымкі аднаго ператрусу.

«Падчас вулічных акцыяў таго часу баевікі гэтай групоўкі былі „кулакамі апазыцыі“. Яны прарывалі кардоны міліцыі, удзельнічалі ў беспарадках разам з украінскімі радыкаламі з УНА-УНСО ў 1996-м, закідвалі брукаванкай міліцыю падчас Маршу свабоды ў 1999-м. У „нулявых“ чальцы „Белага легіёну“ абвясьцілі, што спыняюць сваю дзейнасьць. Аднак насамрэч яны толькі „залеглі на дно“, чакаючы сваёй гадзіны. Увесь гэты час яны займаліся тым жа, чым і раней. Праводзілі трэніроўкі ў лясных лягерах, толькі ў прэсе гэта падносілася як „патрыятычныя лягеры“, дзе дзяцей вучаць „любіць радзіму“ — такі тэкст гучыць на „нарэзцы“ розных архіўных кадраў на БТ.

У закадравым тэксьце гучыць: «У інтэрнэце чальцоў „Белага легіёну“ называлі „прадаўцамі кніг“, „вышывальшчыкамі крыжыкам“, „выхавацелямі патрыятызму“. У чым жа заключалася гэта „патрыятычнае выхаваньне“? Сёньня да аднаго зь сябраў „Белага легіёну“ Віктара Данілава прыйшлі зь ператрусам і ветліва папрасілі паказаць інструмэнтар патрыятычнага выхаваньня».

Далей БТ паказала, як уломваліся ў дзьверы да Віктара Данілава, як уварваліся ў кватэру. Данілава паказваюць, як «вялікага аматара выяўленчага мастацтва» — дэманструюць карціну, «залітую крывёю», дзе «баевікі з закрытымі балаклавамі тварамі са зброяй на фоне Дому ўраду, над якім лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Асаблівая адметнасьць карціны — яна залітая крывёю». Вось так выглядае, на погляд камэнтараў БТ «беларуская вясна».

Потым паказваюць, што знайшлі ў Данілава: карціны, сьцягі, шэўроны, а таксама «машынку для зарадкі аўтаматнага магазіна, сапёрныя рыдлёўкі, дымавую шашку, дубінку, бронекамізэльку.

Дыктар зноў ужывае слова «разынка», паказваючы гранаты, запалы, драбавікі, аўтамат Калашнікава. «І гэта знайшлі ў кватэры толькі аднаго байца „Белага легіёну“! А які арсэнал знойдуць ва ўсяго „Белага легіёну“, які зараз спрабуе „адбяліць“ так званая незалежная прэса — застаецца толькі здагадвацца», — такую выснову робіць неназваны камэнтатар БТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG