У Горадні 14 сакавіка ў Ленінскім судзе асудзілі 12 актывістаў за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Трох зь іх пасадзілі на суткі. Кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў і актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ежы Грыгенча атрымалі па 13 сутак арышту. Актывіст БХД Сяргей Верамеенка пакараны арыштам на 15 сутак. Яшчэ празь дзень быў асуджаны на 13 сутак арышту актывіст АГП, Аляксандар Лаўрэнцьеў, за ўдзел у другім «Маршы недармаедаў». Акцыя адбылася 15 сакавіка на плошчы Леніна. Ніхто з асуджаных сваёй віны не прызнаў, усе яны цяпер адбываюць пакараньне ў СІЗА.
«Ён змагаецца за тое, каб хоць дзецям ягоным жылося лягчэй»
Юля Лаўрэнцьева, маці асуджанага Аляксандра, запрасіла прайсьці ў кухню, прапанавала гарбату, сама толькі што вярнулася з працы. У Лаўрэнцьевых невялічкая аднапакаёвая кватэра на ўскрайку гораду. Спадарыня Юля распавядае, што калі Саша пабраўся шлюбам, то жылі ў ёй усе разам, а калі пачалі нараджацца дзеткі, ягонай жонцы давялося зьехаць да сваёй бабулі ў Дзятлаўскі раён, паколькі грошай на тое, каб здымаць кватэру ў горадзе, не было.
— У пакоі і цяпер ляжыць мая 92-гадовая маці, тут ніяк немагчыма было разьвярнуцца. Цяпер Саша сталай працы ня мае: знойдзе што на форумах, заробіць капейку — і хуценька адвозіць сям’і ў Дзятлаўскі раён. Я працую прыбіральніцай адразу ў двух жыльлёвых каапэратывах; чым магу, тым ім і дапамагаю. Дзякуй Богу, што маем тут свае гароды, то гэта нас і ратуе.
Спадарыня Юля ведае, за што пасадзілі яе сына на 13 сутак. Кажа, што ў яго заўсёды было абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, толькі вось, кажа, дэмакратыя ў нашай краіне заўсёды сканчаецца там, дзе цяпер знаходзіцца ейны сын.
— Я сама ніколі не змагалася за свабоду, але сыну магу сказаць, што за гэта варта змагацца, бо так жыць нельга. Можа, хоць ягоным дзецям будзе лягчэй, калі даб’юцца гэтай свабоды.
Паводле спадарыні Юлі, яна моцна перахвалявалася, калі Сашу забралі на суткі, але падтрымалі суседзі, знаёмыя. Кожны дзень тэлефануе нехта з сяброў Сашы і цікавіцца яе станам. Гэта, паводле спадарыні Юлі, дадае сілаў. Яшчэ яна кажа, што людзі павінны зьмяніць жыцьцё ў краіне, бо нават тое, што яна бачыць навокал, патрабуе зьменаў.
— Я вам скажу, што, працуючы прыбіральніцай, бачу, наколькі апусьцелі бакі для сьмецьця — напалову. Раней было шмат харчовых адходаў, а цяпер гэтага практычна няма. Людзі так уціскаюцца ў свае расходы, што эканомяць на ўсім, і нават сьмецьця не застаецца.
«Мне вельмі пашэнціла з мужам»
Вольга Верамеенка толькі што вярнулася з ізалятару — насіла перадачу для свайго мужа Сяргея. Ён атрымаў самы вялікі тэрмін — 15 сутак арышту, а яна была ў той самы дзень асуджаная на 8 базавых велічынь. Паводле Вольгі, перадачы пакуль прымаюць, праблемаў з гэтым няма. Праўда, інфармацыі пра Сяргея і ягоных сяброў практычна ніякай няма.
— Калі нармальны чалавек прымае перадачу, то яшчэ можа хоць нешта сказаць. Вось ведаю, што сядзяць удвох у камэры, выходзіць на шпацыр, на здароўе пакуль скаргаў ня мае. Але я ўсё роўна неяк хвалююся і сны мне ня вельмі добрыя сьняцца...
Вольга і Сяргей пабраліся шлюбам летась у кастрычніку. Пазнаёміліся яны праз БХД: ён актыўны сябра партыі ў Горадні, а яна да гэтага была ў арганізацыі БХД у Воршы. І вось цяпер яны жывуць у Горадні.
— Я вельмі шаную свайго мужа, за гэты час даведалася, які ён адважны, прыстойны, сьмелы чалавек. І ў хатніх справах ён мне ва ўсім дапамагае. І на кухні ўсё умее зрабіць, і кватэру прыбярэ... Я ўсім жанчынам зычу мець такіх мужоў, як Сяргей.
Спадарыня Вольга кажа, што ў Горадні ў яе пакуль ня вельмі шмат блізкіх людзей, бо ўсе засталіся ў Воршы, але тут сябры БХД яе не пакідаюць. Вельмі дапамагае родная сястра Сяргея. А яшчэ Вольга цяпер вядзе старонку Сяргея ў «Фэйсбуку»: яму шмат пішуць, падтрымліваюць, і яна ўсім імкнецца адказваць.
— Вядома, я сумую, хоць імкнуся працаваць у доме, бо трэба і на жыцьцё зарабляць. Я вельмі ўдзячна людзям з усяе Беларусі, якія нас падтрымліваюць у гэтай сытуацыі.
Яшчэ спадарыня Вольга дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад «Маршаў недармаедаў» у якіх яна сама брала ўдзел, і ад тых, за якімі назірала ў інтэрнэце:
— Мяне ўразіла тое, наколькі беларусы прыстойны эўрапейскі народ. Падчас гэтых акцыяў я не пачула ніводнага бруднага слова, ня бачыла ніводнага п’янага на акцыях, нават па клюмбах ніхто не хадзіў. І як можна было настолькі пакрыўдзіць гэты народ, калі нават бабулі прыходзілі на акцыі, якія заўсёды галасавалі за Лукашэнку, і цяпер выступалі супраць яго... І вельмі цяжка было глядзець, як хапалі і арыштоўвалі людзей, а потым судзілі — гэта забірае аптымізм...
«Да яго перадачы носяць нават футбольныя фанаты»
Валянціна Грыгенча, калі я ёй датэлефанаваўся і папрасіў аб сустрэчы, адказала, што цяпер увесь час жыве за горадам, даглядае хворую маці, а ў Горадню прыяжджае, толькі каб занесьці мужу перадачу ў СІЗА. Яна прапанавала пагаварыць праз тэлефон.
Адзін хлопец, які выйшаў зь СІЗА, сказаў ёй, што бачыў мужа, — здаецца, усё нармальна, ніякіх скаргаў асабліва ня мае. Спадарыня Валянціна перакананая, што мужа асудзілі несправядліва, ёй таксама зразумела, што з парадкаў, якія існуюць у нашай краіне, іншага і не вынікае.
— Дзякуй Богу, што столькі шмат людзей мяне падтрымліваюць. Я многіх нават і ня ведаю і зьдзіўлена, адкуль яны мой тэлефон даведаліся. А тут яшчэ сустрэлася з тым, што нават фанаты футбольныя яму перадачы носяць. Я так ўдзячна людзям за гэта, ніколі ня думала, што можа азначаць такая маральная падтрымка.
Спадарыня Валянціна распавяла, што была ў краме і купляла некаторыя рэчы для Ежы, каб перадаць у камэру, і пачала раіцца з прадавачкамі. А яны адразу пытаюцца, ці не яе муж сярод асуджаных за «Марш недармаедаў»? А калі даведаліся, усе зьбегліся, дапамаглі і прасілі перадаць прывітаньне, маўляў, ад усяе іхнай крамы.
— Мяне да сьлёз усё гэта кранула. Я і так мужа ва ўсім падтрымлівала, а цяпер яшчэ больш ім ганаруся. Нават мая хворая мама ўвесь час імкнецца, каб паехаць у Горадню ў СІЗА і наведаць яго. Вось як атрымліваецца...
«У нас такое ня першы раз, вытрымаем...»
Кіраўніка гарадзкой партыйнай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова асудзілі на 13 сутак арышту. У яго трое непаўналетніх дзетак. Ягоная жонка Ірына адмовілася сустракацца, сказала праз тэлефон, што ня любіць скардзіцца на жыцьцё.
— Безумоўна, нам цяпер нялёгка, але дапамагаюць родныя. У нас такое ня першы раз, вытрымаем...