Апошнімі днямі зь Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі і Дзяржаўнага мытнага камітэту паступаюць надзвычайныя навіны, зьвязаныя са зброяй. Толькі за 20 сакавіка:
— Беларускія памежнікі на мяжы з Украінай стралялі па парушальніках, якія нібы везьлі пісталет ТТ, два зараджаныя магазіны, а таксама «прадмет, вонкава падобны да тратылу з электрадэтанатарам». Але ўкраінскі бок сьцьвярджае, што такі аўтамабіль не перасякаў мяжы Ўкраіны.
— На «Варшаўскім мосьце» ў час агляду аўтобуса, што ехаў зь Нямеччыны ў Расею, памежнікі знайшлі прадмет, падобны да гранаты, зь нейкім парашком усярэдзіне. Аказалася, граната была сувэнірнай, а парашок ня нёс небясьпекі.
— Аляксандар Лукашэнка ў сувязі са згаданымі вышэй падзеямі заявіў пра яшчэ адно здарэньне: радыяцыйны фон грузу, які ляцеў празь Беларусь з Армэніі ў Баўгарыю, перавышаў норму ў 250 разоў. Паводле заявы армянскага міністэрства энэргетычных інфраструктураў, гаворка ідзе пра перавозку абсталяваньня Армянскай АЭС, але перавозка вялася беларускай кампаніяй JSC Aircompani Grodna з адпаведнай заяўкай, а авіяцыйным уладам Беларусі была прадстаўленая адпаведная інфармацыя і быў атрыманы дазвол.
— Акрамя таго, Берасьцейская мытня паведаміла ў той жа дзень пра крымінальную справу, заведзеную адносна 58-гадовага жыхара Берасьця, які нібы спрабаваў перавезьці з Украіны 55 патронаў калібру 9 мм.
З нагоды такіх навінаў Лукашэнка казаў, што «нельга даць нагоды дэстабілізаваць сытуацыю ў нашай краіне». Да згадак пра зброю і выбухоўку Лукашэнка казаў пра фіксаваньне спробаў «нагнятаньня абстаноўкі» ў Беларусі, пра спробы «пятай калёны пры падтрымцы Захаду стварыць напружаньне».
Тым часам на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» нядаўна «анансавалі» магчымыя тэракты на «Маршах недармаедаў», а старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі казаў аб пратэстоўцах як аб «тараканах».