Тым часам у цэнтры Менску, паводле зьвестак парталу Tut.by, былі заўважаныя прынамсі пяць адмысловых машынаў для разгону дэманстрацыяў. На іх усталяваныя вадамёты і прыстасаваньні для расчысткі барыкадаў.
АМАП у Гомелі напаў на актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых
Раніцай 15 сакавіка Ўладзімера Няпомняшчых забралі з падворку, пырснулі ў вочы сьлезацечным газам, павалілі на зямлю і моцна пабілі. Цяпер яго даставілі ў Чыгуначны РАУС Гомелю. Актывіст кіраваўся ў Менск.
Як паведаміў Свабодзе Няпомняшчых, а 6.10 ён выйшаў з дому, каб паехаць у Менск на дазволеную акцыю «Марш недармаедаў». Каля пад’езду яго чакалі невядомыя ў цывільным, кінуліся на яго, тры разы пырснулі з балёнчыка ў твар, павалілі, заламалі рукі і шыю, адабралі фотаапарат.
Потым Няпомняшчых даставілі ў Цэнтральны РАУС гораду Гомелю, дзе на актывіста склалі пратаколы аб хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі:
«Я расцэньваю гэта як гвалт і рабаваньне. Фотаапарат потым вярнулі, але відаць зь ім добра папрацавалі. Буду патрабаваць завесьці крымінальную справу за напад і рабаваньне», — заявіў Свабодзе Ўладзімер Няпомняшчых.
Уладзімер Няпомняшчых — грамадзкі актывіст, сябра АГП, былы афіцэр міліцыі.
Актывіста Грышанава з Воршы вызвалілі
Тэлефоны актывіста на момант публікацыі не адказваюць, але дакладна вядома, што дахаты ён ужо дабраўся. Грышанаў нічога не пасьпеў патлумачыць сябрам, бо зьехаў ад ізалятару на машыне разам са сьледчым Сяргеем Трашчанком.
Сьледчы праводзіць праверку дзейнасьці каапэратыву па газыфікацыі з вёсцы Стаўры, старшынём якога да нядаўняга часу быў Грышанаў. Ці распачатая крымінальная справа супраць Грышанава з гэтай нагоды, пакуль невядома.
На блогера Філіповіча, які знаходзіцца ў турме, склалі яшчэ адзін пратакол — за акцыю ў Берасьці
На гомельскага блогера Максіма Філіповіча складзены яшчэ адзін пратакол. На гэты раз — за ўдзел у акцыі «Марш недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.
Пра гэта Філіповіч змог паведаміць сваёй маці праз тэлефон. Блогер знаходзіцца ў турме, 13 сакавіка ён быў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, якая адбылася ў Гомелі 19 лютага.
Паводле словаў Філіповіча, «яго хочуць трымаць у турме як мага даўжэй».
Паводле зьвестак каардынатара прафсаюзу РЭП Андрэя Стрыжака, другі суд над Філіповічам мае прайсьці сёньня. Справу будзе разглядаць суд Савецкага раёну Гомеля.
У Бабруйску пачаўся суд над Максімам Буйніцкім. Яму інкрымінуюць парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства як арганізатару.
Максім Буйніцкі і яшчэ адзін актывіст Юрась Грынявецкі былі затрыманыя пасьля «Маршу недармаедаў» у Бабруйску, які прайшоў 12 сакавіка.
Ўладзімера Шанцава асудзілі на 15 сутак арышту
Суд Ленінскага раёну Магілёва пакараў 15 суткамі арышту Ўладзімера Шанцава за арганізацыю «прагулкі недармаедаў» 19 лютага. Міліцыянты прывезьлі яго ў цывільнай машыне, праз чорны ўваход увялі ў суд, ніхто з журналістаў і актывістаў на суд трапіць ня змог.