Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальства само падстроіла пратэсты?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У навучальных установах пачалі «пісьмова» знаёміць з законам аб масавых мерапрыемствах. Трэба паставіць подпіс пад абавязкам ня ўдзельнічаць у мітынгах і грамадзкіх акцыях, якія «парушаюць грамадзкі парадак».

Зрабіць дапушчэньне, што начальства спачатку ледзь не само нябачна арганізавала акцыі пратэсту, каб народ крыху выпусьціў пару і каб «завадатараў» выявіць, можна. Але гэта гучыць заўсёды крыху наіўна, калі мова ідзе аб такіх рэжымах, як беларускі. Занадта «тонкая» гульня. З кім гуляць тут? Гуляюць толькі, калі адчуваюць сілу з другога боку. Толькі з роўнымі. Іншым досыць кулака. Нават проста паказаць. Ці трымаць да часу ў кішэні — толькі ў гэтым і можа быць у нашым выпадку пэўная гульня. Ня больш.

Успомнім 2011-ы. Бацька на новым тэрміне, як бы сьвежаабноўлены, чаму не пагуляць у айца народу? А што было летам? Людзі выходзілі памаўчаць на плошчу, максымум — папляскаць. Ніхто не выступаў. Якую гэта выклікала непрыхільнасьць! Пажарным чынам закручваць гайкі зусім не ў лібэральным законе аб масавых мерапрыемствах пасьпяшаліся. Па-стаханаўску працавалі. На плошчу зайсьці нельга было, як дагэтуль, толькі праз агляд, праз мэталашукальнікі. А прыходзілі зусім ня тысячы і не дзясяткі тысяч, сотня-другая-трэцяя.

Усё! Пахапалі. Каму штраф, каго ў кутузку. Хапалі нямых за выгукі, бязрукіх за плясканьне. Цяпер забаронена стала нават масава знаходзіцца ў адным месцы і маўчаць. На ўвесь наступны час.

Жорсткага ўроку хапіла на пяць — пяць з паловай год.

Кожны такі рэжым як агню баіцца любога непадкантрольнага чыну. Скурай адчувае, што канец заўсёды будзе, што канец наступае часам зусім неспадзявана, штосьці зусім нязначнае можа стаць яго пачаткам. А канец заўсёды будзе, гэта разумее кожны рэжым, пабудаваны на страху, жалезнай рукой. Сказана ж было — гаварыць у прынцыпе можна, але — на кухні. Як ў добрыя савецкія, брэжнеўскія часы. Не на плошчы!

Памятаю, рабіў некалі вулічныя апытаньні, і адзін украінец сказаў мне: беларусамі вельмі зручна кіраваць, Лукашэнка гэта вельмі добра адчуў, усьвядоміў. Апроч многіх станоўчых якасьцяў нашага народу, ён яшчэ і паслухмяны і баязьлівы. Як жа не кіраваць! Але такое жыцьцё, што аднойчы страшаньне, напрыклад, вайной, аранжавай рэвалюцыяй, майданам і гэтак далей перастае дзейнічаць. Паслухайце звычайных людзей: яны часта ўсё разумеюць, што адбываецца ў краіне Беларусь, ім усё гэта надакучыла, указы, дэкрэты, і нават больш няма былой палкай любові да аўтара. Стомленасьць мэталу наступае.

І любы рэжым гэтай стомленасьці мэталу баіцца як агню. Цар апошні гэтага не зразумеў. Але гэта быў асобны выпадак: яму не хацелася асабліва кіраваць, драйву не адчуваў, асалоды. І так было ад самага пачатку… Было ў 1918-м спачатку рашэньне ў Крым яго перасяліць з сям’ёю. І яго гэта цалкам магло задаволіць. Але час наступіў занадта жорсткі. Так што прыклад цара застаўся ў гісторыі. Але не састарэла іншае: з гаечным ключом у руках — такое праўленьне ня можа адпавядаць сучаснаму жыцьцю, ня могуць у эўрапейскай краіне сёньня быць 1930-я гады.

Гэта — гістарычны тупік.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG