Канфэрэнцыя падзеленая на тры блёкі: гісторыя, геапалітыка і эканоміка. Мадэраваць дыскусію будзе польскі гісторык беларускага паходжаньня Мікола Іваноў.
«Паводле апошняй інфармацыі, сваю прысутнасьць пацьвердзіў і беларускі амбасадар у Варшаве Аляксандар Авяр’янаў. Гэта будзе новае адкрыцьцё. Спроба інакш глянуць на Беларусь. Удзельнікаў канфэрэнцыі запрашаў ня я, таму падрабязнасьцяў ня ведаю» — сказаў Свабодзе Мікола Іваноў
У дыскусіях з польскага боку прымуць удзел былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР, польскі гісторык зь Літвы Ян Цехановіч, публіцыст і дзяяч так званага «крэсовага» руху ў Польшчы Рамуальд Велікаселец і былы эўрадэпутат ад нацыяналістычнай парты Ліга польскіх сем’яў Анджэй Запалоўскі. Апошняга СМІ ў Польшчы называюць блізкім паплечнікам заснавальніка прарасейскай партыі "Зьмена" Матэвуша Піскорскага, які знаходзіцца пад арыштам па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Расеі.
Адкрые канфэрэнцыю старшыня партыі «Свабодныя і салідарныя», дэпутат Сэйму Корнэль Маравецкі. Гэта найстарэйшы дэпутат польскага парлямэнту, які выконвае абавязкі ганаровага віцэ-сьпікера Сэйму. Маравецкі — адзін з колішніх лідэраў «Салідарнасьці», які нават пасьля ўсталяваньня ў Польшчы дэмакратыі крытыкаваў новую ўладу за кампраміс з камуністамі падчас «круглага стала».
Зь Беларусі на канфэрэнцыі выступяць праўладныя палітолягі Аляксей Дзермант, Аляксандар Шпакоўскі і Пётра Пятроўскі. Яны прымуць удзел у дыскусіях пра Міжмор’е, украінскі крызыс, перамены ў польска-беларускіх адносінах і дыялёг з афіцыйным Менскам. Першапачаткова анансаваўся ўдзел і былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Але ў інтэрвію Свабодзе палітык заявіў, што адмовіўся ад запрашэньня.
«Мяне калісьці запрашалі. Я паабяцаў, што буду, але тады ў мяне не было праграмы. Але я не паеду. Я не хачу ўдзельнічаць у антыэўрапейскіх размовах. Я не разумею, якая мэтай гэтай сустрэчы. І, ўрэшце рэшт, я не адношу сябе да праварадыкалаў, якія там зьбіраюцца».
У эканамічнай частцы канфэрэнцыі возьмуць удзел дырэктар польскай кампаніі вытворчасьці хімічных прадуктаў для будаўнічай галіны Atlas S.A Гэнрык Сёдмак, аўтар сайту ImhoClub Ягор Дробыш і намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч.
Дарэчы, на мінулым тыдні партыя Гайдукевіча падпісала дамову аб супрацы з партыяй «Адзінства народу», якая суарганізуе канфэрэнцыю. Гэтая эўраскептычная партыя працуе пакуль у статусе аргкамітэту. У сваёй дзейнасьці, як гаворыцца ў Статуце, яна кіруецца навукай сьв. Яна Паўла ІІ.