Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: музыка Яўген Петрашэвіч


Яўген Петрашэвіч
Яўген Петрашэвіч

Пайшоў з жыцьця беларускі самадзейны кампазытар, настаўнік музыкі, кіраўнік дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля «Гарадзенскія дударыкі», акампаніятар Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, руплівец беларускай справы.

Яўген Петрашэвіч у 1930 годзе нарадзіўся ў вёсцы Падбараны Мастоўскага раёна. Скончыў Менскае музычнае вучылішча. У розныя часы кіраваў аркестравымі групамі пры народным ансамблі «Нёман», Вянок«, кіраваў узорным дзіцячым фальклорным ансамблем «Гарадзенскія дударыкі», які акрамя Беларусі выступаў у Польшчы, Літве, Францыі, Нарвэгіі, Швэцыі. У Гданьску ансамбаль атрымаў Гран-Пры «Zloty Kogucik».

Пра Яўгена Петрашэвіча ўзгадвае беларускі бард, гарадзенец Віктар Шалкевіч. Ён кажа, што пра Петрашэвіча нельга не ўзгадаць, бо чалавек у Горадні ён быў вядомы, запомніўся яму з усьмешкай і быў, паводле Шалкевіча, вельмі свой чалавек:

у ім была нейкая пружыначка, якая доўга-доўга грала і падштурхоўвала яго нешта рабіць

— Яўген Петрашэвіч вельмі любіў наш горад і вельмі любіў пісаць песьні пра яго. Вось і зараз у мяне на вуснах ягоныя словы: «Дзень добры, гарадняне, мае сябры...». Ён пры ўсім выкарыстоўваў вершы мясцовых паэтаў і ў яго атрымоўваліся дастаткова прыстойныя песьні. І калі ён выступаў са сваімі «Дударыкамі», то на гэта варта было глядзець, паколькі і весела, і захапляльна і цікава, і музычна. Ён, канешне, быў малайчына, у ім была нейкая пружыначка, якая доўга-доўга грала і падштурхоўвала яго нешта рабіць. Шкада, што Яўгена Петрашэвіча ня стала, але я думаю, што ў акрэсьленай часткі насельніцтва ягоныя творы ў памяці застануцца.

Пра Яўгена Петрашэвіча ўзгадвае Аляксандар Місьцюкевіч. Іх лецішча былі побач, яны часта сустракаліся, сябравалі. Сын спадара Місьцюкевіча, таксама Аляксандар, браў удзел у калектыве «Гарадзенскія дударыкі».

«Гарадзенскія дударыкі» — гэта прыклад таго, як праз пашану да яго дзеці вучыліся шанаваць беларускую культуру

— Найперш гэта быў вельмі добразычлівы чалавек, сапраўдны беларус. Яго паважалі людзі, зь ім цікава было размаўляць, ён шмат распавядаў. І сам увесь час быў заняты творчасьцю. Згадваецца, як ён любіў дзетак, магчыма таму, што ня меў сваіх. І вось ягоныя «Гарадзенскія дударыкі» — гэта прыклад таго, як праз пашану да яго дзеці вучыліся шанаваць беларускую культуру. Цікава, што нават з усімі бацькамі сваіх выхаванцаў Петрашэч імкнуўся падтрымліваць кантакты, заўсёды перадаваў прывітаньні, цікавіўся іх справамі. За гэта яго таксама вельмі паважалі людзі. Асабліва цікава спадар Яўген распавядаў пра розныя беларускія песьні. Ён сам пісаў вершы і ніколі не сказаў, маўляў, на вось прачытай, а заўсёды сам дэклямаваў свае творы. Жыцьцё, вядома, у спадара Петрашэвіча было няпростым. Ягоныя бацькі былі рэпрэсаваныя. Ён шмат распавядаў пра сваю маці і нават помнік, ейны барэльеф, сам асабіста высек на камяні. Дарэчы, ён амаль зрабіў помнік і сабе, але сказаў мне, што не хапіла сілаў давесьці справу да завяршэньня паколькі вельмі балелі рукі...

Калі міністар культуры Беларусі Барыс Святлоў уручыў Яўгену Петрашэвічу адмысловы знак «За ўклад у разьвіцьцё культуры Беларусі» у Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Петрашэвіч падышоў да мікрафона і на дудачцы зайграў «Саўку ды Грышку». А ў адказ яму з залі прагучалі дружныя аплядысмэнты...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG