Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры не плянуе пераглядаць межы ахоўнай зоны вакол Курапатаў


У ток-шоў тэлеканалу АНТ «Справа прынцыпу» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што ў канфлікце вакол будаўніцтва офіснага цэнтру побач з Курапатамі ёсьць «прамая віна Міністэрства культуры», якое ў сьнежні 2014 году зьмяніла межы ахоўнай зоны вакол урочышча.

Загадчыца аддзелу арганізацыйнай працы і інфармацыі Ілона Немава сказала Свабодзе, што афіцыйным адказам Міністэрства культуры на запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка можна лічыць камэнтар Міністэрства культуры, апублікаваны на БелТА.

У камэнтары Мінкульт фактычна «адхрысьціўся» ад адказнасьці за будоўлю:

«У сувязі з тым, што ўчастак па вуліцы Мірашнічэнкі, 49 разьмешчаны па-за межамі зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці, прыняцьце рашэньняў па магчымасьці будаўніцтва на ім знаходзіцца па-за кампэтэнцыяй Міністэрства культуры».

На пытаньне Свабоды, чаму камэнтар «безыменны», хоць вядома, што пастанову аб зьмяненьні ахоўных зонаў у Курапатах 1 сьнежня 2014 году падпісала першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга, Ілона Немава адказала так:

— Ну чаму безыменны? Можна лічыць, што гэта прэс-служба Міністэрства культуры дала. А Ірына Дрыга падпісала дакумэнт таму, што ў той час, у сьнежні 2014 году, менавіта яна выконвала абавязкі міністра культуры.

— Але ж дэпутат Ігар Марзалюк цалкам канкрэтна казаў, што ў канфлікце, які нядаўна адбыўся вакол Курапатаў, ёсьць прамая віна Мінкульту. Мне цікава, колькі гэта каштавала — памяняць межы ахоўнай зоны? Мне цікава, хто націснуў на Міністэрства культуры? Я ня веру ў альтруізм» , — сказаў Марзалюк. І дадаў, што гэта ўскосны запыт да сьледчых органаў. Ці будзе Міністэрства культуры рэагаваць на гэтыя словы дэпутата?

— На гэтую тэму вам лепш перагаварыць з намесьнікам міністра Аляксандрам Яцко, які курыруе пытаньні гісторыка-культурнай спадчыны. Больш за тое, ён зьяўляўся распрацоўшчыкам гэтага дакумэнту ў той час. Ці будуць неяк інакш камэнтаваць, я ня ведаю.

— Але ці магчымы перагляд межаў ахоўнай зоны пасьля гэтых скандалаў і гучных заяваў?

— Міністэрства культуры пакуль не плянуе пераглядаць гэтыя зоны.

Зьвязацца з намесьнікам міністра культуры Свабодзе пакуль не ўдалося — тэлефоны не адказваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG