Прэс-канфэрэнцыя Асанжа з нагоды публікацыі дакумэнтаў, якую ён праводзіў у Фэйсбуку і дадатку Periscope, была сарваная невядомымі хакерамі. Тым ня менш дакумэнты былі апублікаваныя на сайце WikiLeaks.
Публікацыя пад кодавай назвай Vault 7 зьмяшчае 8 тысяч 700 дакумэнтаў і файлаў з унутранай сеткі Цэнтру кібэрвыведкі ў штаб-кватэры ЦРУ ў Лэнглі, штат Вірджынія. У ёй гаворыцца, што на тэрыторыі ФРГ у консульстве ЗША ў Франкфурце-на-Майне знаходзіцца сакрэтны хакерскі цэнтар ЦРУ. Паводле WikiLeaks, яго супрацоўнікі працуюць там пад дыпляматычным прыкрыцьцём і могуць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Эўразьвязу. Консульства ЗША ў Франкфурце-на-Майне ёсьць базай ЦРУ для арганізацыі кібэратакаў на дзяржавы Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
WikiLeaks сьцьвярджае, што ЦРУ ўмее перахопліваць паведамленьні мэсэнджэраў WhatsApp, Telegram і Signal да стадыі шыфраваньня. Паводле WikiLeaks, ЦРУ навучылася атрымліваць інфармацыю з камэраў і мікрафонаў смартфонаў, а таксама тэлепрыставак. У прэс-рэлізе гаворыцца, што спэцыялісты ЦРУ працуюць над пошукам слабых месцаў, пра якія ня ведаюць распрацоўнікі. У прыватнасьці, выведнае агенцтва зацікавілася апэрацыйнай сыстэмай iOS, бо яна папулярная сярод палітычных, дыпляматычных і бізнэс-элітаў.
WikiLeaks — гэта міжнародная некамэрцыйная арганізацыя, якая апублікавала шэраг важных дакумэнтаў аб выдатках на вайну ў Афганістане, файлы наконт турмы Гуантанама, сакрэтныя дакумэнты Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША і электронную перапіску Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША. Джуліян Асанж хаваецца ад амэрыканскага правасудзьдзя, якое абвінавачвае яго ў раскрыцьці і абнародаваньні фактаў, якія адносяцца да катэгорыі сакрэтных.