Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яна Шут і яе знакамітыя сябры: як беларуска скарае вяршыні ўсясьветнага снукеру


Яна Шут
Яна Шут

19-гадовая Яна Шут зь Менску — адна з наймацнейшых прадстаўніц усясьветнага снукеру. Нягледзячы на малады ўзрост, у багажы ўжо ўзнагароды ўсясьветных і эўрапейскіх першынстваў, а рэйтынг паступова набліжаецца да першай дзясяткі. А ці жаночая гэта справа — узброіцца більярдным кіем?

Як разнавіднасьць більярду снукер узьнік пры канцы ХІХ стагодзьдзя ў Індыі, якая тады была брытанскай калёніяй, але канчатковы звод правілаў быў зацьверджаны без малога 100 гадоў таму, у 1919-м. Снукер вымагае выбітных аналітычных і разумовых здольнасьцяў, а па ступені элітнасьці ён займае прыблізна тыя ж пазыцыі, што і гонкі «Формулы-1».

Падарунак на 16-годзьдзе — чэмпіёнскі тытул

Для бальшыні абывацеляў більярд застаецца спадарожным атрыбутам кавярняў ды бараў. Але Яна Шут занялася ім прафэсійна. Кажа, што выдатна памятае дзень, калі спартовыя прыярытэты кардынальна зьмяніліся:

З татам Вадзімам
З татам Вадзімам

«Я займалася гімнастыкай, але аднойчы мяне з залі выставілі. Было мне тады 7 гадоў. Канечне, я вельмі расстроілася. Але ў той дзень тата якраз зьбіраўся зь сябрам пагуляць у більярд, і каб адцягнуць ад дурных думак, паклікаў з сабой. Пайшлі ў клюб, празь нейкі час ён падводзіць мужыка і кажа: „Яна, знаёмся, гэта твой трэнэр. Цяпер будзеш займацца більярдам“. Так усё і пачалося. Спачатку быў пул — адзіны стол, да якога магла дацягнуцца. Часта мяняліся трэнэры, пакуль не сустрэла Натальлю Ўладзімераўну Казлоўскую — яна вельмі шмат дала ў разуменьні азоў гульні. А дзесьці гадоў ад 12 пачала прыглядацца да снукера».

У 10 гадоў пэрспэктыўная більярдыстка выканала кандыдацкі нарматыў, а ў 12 стала майстрам спорту, выйграўшы чэмпіянат Беларусі сярод жанчын — супраць спартовак, старэйшых за яе ў 2–3 разы.

Студэнтка і спартоўка Яна Шут
Студэнтка і спартоўка Яна Шут

Снукерную навуку таксама давялося асвойваць у жорсткіх умовах. Паколькі жанчын у гэтай дысцыпліне ня так шмат, першымі спарынг-партнэрамі былі дарослыя мужчыны. Зрэшты, гэта дазволіла хутка набраць патрэбныя кандыцыі — ужо ў 16-гадовым узросьце Яна выйграла свой першы ўсясьветны тытул:

«Паступова пачала адбірацца на ўсясьветныя, эўрапейскія першынствы. Па-сапраўднаму вялікі посьпех здарыўся ў 2014 годзе, калі я брала ўдзел у камандным чэмпіянаце сьвету ў англійскім Лідсе. У катэгорыі дзяўчат да 21 году ўзяла срэбра, а ў зьмяшаным разрадзе былі першымі разам з брытанскім прафэсіяналам Бэнджамінам Вуластанам. Незадоўга да гэтага мы з Насьцяй Туміловіч пачалі выступаць у камандным чэмпіянаце Эўропы: спачатку занялі трэцяе месца, праз сэзон былі другімі. Можна сказаць, што на эўрапейскім узроўні ўжо стандартна ўваходзім у прызы».

У гульні — беларуска
У гульні — беларуска

У 2015-м Яна скарыла чарговую вяршыню — першае месца на чэмпіянаце сьвету сярод юніёраў да 18 гадоў. Цяпер жа пасьлядоўна ідзе да таго, каб заслупаваць месца ў дарослым спорце. Стартавыя пазыцыі зусім нядрэнныя: згодна з рэйтынгам Міжнароднай фэдэрацыі більярду і снукеру, беларуска ўшчыльную падабралася да топ-12 лепшых снукерыстак сьвету, займаючы 13-ты радок. Хто складае канкурэнцыю на шляху да снукернай кароны?

«У мужчын плянку традыцыйна трымаюць ірляндцы, шатляндцы — агулам кажучы, падданыя Вялікай Брытаніі. Тут легенда на легендзе: Стыў Дэвіс, Стывэн Хэндры, Роні О’Саліван, Джон Хігінс, Марк Уільямс і г.д. Плюс да ўсяго вельмі шпарка прагрэсуюць Кітай, Ганконг, Тайлянд. У жанчын на першых пазыцыях англічанка Рыэн Эванс і прадстаўніца Ганконгу Нг На Йі. Наагул, добрых снукерыстак шмат, нават калі гаварыць пра нашых суседзяў: у Латвіі моцна гуляе Тацяна Васільева, у Расеі цікавыя дзяўчаты. Але паступова ўхіл аб’ектыўна ссоўваецца ў бок Паўднёва-Ўсходняй Азіі».

Сябра і настаўнік Бэнджамін Вуластан
Сябра і настаўнік Бэнджамін Вуластан

Соценны брэйк — запаветная мара снукерыста

Акурат гэтымі днямі Яна Шут выступае ў новай для сябе дысцыпліне — кітайскім пуле. Спаборніцтвы праходзяць непадалёк ад Шанхая — Кітай у апошнія гады ператвараецца ў лякаматыў усясьветнага снукеру. Як вынік, усё большая колькасьць спартоўцаў з Паднябеснай штурмуюць самыя прэстыжныя турніры:

«Гадоў ад 13–14 усе сілы я сканцэнтравала на снукеры, нават перастала выступаць у пуле. Але апошнім часам пацягнула на разнастайнасьць, час ад часу заяўляюся на спаборніцтвы. Вось запрасілі ў Кітай — пагадзілася, бо гэта нешта іншае. Пагуляем, паглядзім, магчыма, пачнём разьвіваць новы від у Беларусі. У Кітаі інтарэс да більярду надзвычайны: салідныя спонсары, маштабныя турніры. Адкрыцьцё спаборніцтваў, на якія я еду, як парад: удзельнікі на рухомых плятформах, абапал фанаты, якія вітаюць, фатаграфуюць. Адзін з наймацнейшых на сёньня снукерыстаў сьвету Дынк — другі паводле пазнавальнасьці спартовец у Кітаі, з адкрытым тварам нідзе не зьяўляецца. Мой знаёмы хадзіў зь ім у кавярню, не пасьпеў той зьняць павязку, адразу ж яго абступіў натоўп. Папулярнасьць проста шалёная».

Зь легендай снукеру Маркам Уільямсам
Зь легендай снукеру Маркам Уільямсам

У Беларусі досыць багата аматараў снукеру, якія не прапускаюць ніводнай трансьляцыі рэйтынгавых турніраў на тэлеканале Eurosport. Аднак тычыцца гэта перадусім мужчынскіх спаборніцтваў. За жаночымі баталіямі можна сачыць хіба ў інтэрнэце:

«Калі параўноўваць мужчынскі і жаночы снукер, дык жаночы ўсё ж не настолькі відовішчны, — адкідае Яна падазрэньні ў гендэрным перакосе. — Таксама цікава назіраць, але жаночы снукер больш павольны, разважлівы. А галоўнае, што ў мужчынскім ёсьць брэйкі — сэрыі больш за 100 ачкоў. Некаторыя жанчыны таксама могуць іх рабіць, аднак у асноўным пераважае тактычная барацьба — адыгрышы, снукеры і г.д. Калі ахарактарызаваць жаночы снукер адным словам, то перадусім гэта тактыка. А мужчынскі больш агрэсіўны: гуляюцца складаныя шары, гульцы, як кажуць, «зачышчаюць паляну».

Яна прызнаецца, што на турнірах пакласьці сотню пакуль не ўдалося, але па ходу практыкаваньняў часам атрымліваецца. Зрэшты, за ўсе афіцыйныя турніры ў Беларусі такі вынік скарыўся толькі аднойчы — у 2015-м аўтарам соценнага брэйку стаў Дзьмітры Чупроў.

Зь сяброўкай па камандзе Анастасіяй Туміловіч
Зь сяброўкай па камандзе Анастасіяй Туміловіч

Хоць на першы погляд більярд — рэч нескладаная, маўляў, што за бяда пахадзіць вакол стала — фізычныя нагрузкі выпадаюць істотныя. Як кажа Яна, на нагах даводзіцца прастаяць не адну гадзіну:

«Фізычная падрыхтоўка павінна быць вельмі добрая. Напрыклад, у жаночым снукеры кожная партыя цягнецца ў сярэднім хвілін 40, а часам і больш. Скажам, у мяне былі выпадкі, калі адыгрываліся і расьцягвалася на гадзіну з гакам. Нават калі паводле рэглямэнту матч да трох перамог — адпаведна, гуляюцца мінімум тры партыі. Гэта значыць, павінен адстаяць у сярэднім тры гадзіны. Ня так лёгка, бо нагрузка на сьпіну, на ногі. Шмат хто лічыць, што фізычная падрыхтоўка не абавязковая, але калі рэгулярна падтрымліваць сябе ў форме, папросту будзе лягчэй гуляць».

Адзін зь лепшых снукерных рэфэры Ян Верхас
Адзін зь лепшых снукерных рэфэры Ян Верхас

Беларускія дзяўчаты — спадарожніцы гульцоў і рэфэры

Мэтодыкі фізычнай і духоўнай гармоніі Яна Шут спасьцігае ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры. І хоць для більярдыстаў існуе спэцыялізаваны факультэт, сабе яна абрала шырэйшае поле дзейнасьці:

«Насамрэч ва ўнівэрсытэце ёсьць факультэт аздараўленчай фізычнай культуры, дзе, у сваю чаргу, ёсьць спэцыяльнасьць трэнэра па більярдзе. Але я паступіла на катэдру мэнэджмэнту спорту і турызму, спэцыяльнасьць — мэнэджмэнт у спорце. Буду, відаць, у будучым нейкім чынам прыцягваць турыстаў у Беларусь».

Магчыма, дзякуючы цяперашняй трэцякурсьніцы нарэшце падцягнуцца снукерныя зоркі першай велічыні. Шмат з кім дзяўчына знаёмая асабіста, а некаторыя і так маюць тут свой інтарэс — як мінімум прыватны. Як, прыкладам, суаўтар Яны Шут у чэмпіёнскім званьні Бэн Вуластан. Ягоная жонка Тацяна Тарчыла — снукерная рэфэры, абслугоўвала турніры ў Беларусі і за мяжой. Або адзін з самых аўтарытэтных судзьдзяў, галяндзец Ян Вэрхас — тры гады таму ў Дзень закаханых ён прапанаваў руку і сэрца яшчэ адной беларусцы, Алене Скорабагатай.

Бэльгійскі сябра Джэф Якабс
Бэльгійскі сябра Джэф Якабс

У сваю чаргу, сама Яна сустракаецца з 21-гадовым бэльгійскім студэнтам і снукерыстам Джэфам Якабсам. Па яе словах, ён ужо наведваўся ў Менск і ў захапленьні ад беларускай сталіцы:

«Мы пазнаёміліся на чэмпіянаце Эўропы. Былі зьмяшаныя спаборніцтвы, у маёй групе аказаўся хлопец з Бэльгіі. На эўрапейскім узроўні лічыцца добрым гульцом, я яму прайграла ў кантравой партыі, ён потым дайшоў да 1/8 фіналу. Пазнаёміліся, адно аднаму спадабаліся. Цяпер езьдзім у госьці, Джэф наведваецца ў Беларусь, яму тут вельмі камфортна. Кажа, што ў нас шмат прасторы, прагулачных зонаў, прыгожых паркаў; уразілі высокія будынкі, бо ў ягоным горадзе ўсё малапавярховае і шчыльна забудавана. Нават сказаў, што хоча пераехаць сюды, на што я адказала — трэба добра падумаць (сьмяецца). Тым часам прыцягваю да нацыянальнай культуры: глядзелі спачатку опэру, потым балет; падчас тыдня беларускай кухні дэгуставалі тутэйшыя стравы. Джэф у захапленьні практычна ад усяго».

У асабістым фотаархіве Яны Шут багата здымкаў і відэаролікаў, дзе зь ёю — найлепшыя гульцы ўсясьветнага снукеру. Ад вэтэрана Стыва Дэвіса да знакавых гульцоў розных гадоў — Марк Уільямс, Джон Хігінс, Ніл Робэртсан, Марк Сэлбі, Стывэн Магуаер, Кен Доэрці, Джад Трамп, Марк Алан. Як удалося сабраць такі «іканастас»?

Яна Шут, «вэтэран» Стыв Дэвіс і расейская снукерыстка Ірына Гарбатая
Яна Шут, «вэтэран» Стыв Дэвіс і расейская снукерыстка Ірына Гарбатая

«Шмат можна расказваць, бо сустрэчы сапраўды незабыўныя. Упершыню я трапіла ў такую кампанію на турнір сэрыі Players Tour Championship — цяпер яны ўжо не праводзяцца. Там гуляў мой добры сябра Бэн Вуластан, я збольшага паехала паглядзець, паназіраць. Надрукавала фатаграфіяў памеру А4, Бэн мяне пазнаёміў з гульцамі, яны мне напісалі пажаданьні. А ня так даўно, літаральна мінулым летам, запрасілі ў Англію на выставачны матч — там папулярны такі спосаб кантактаваньня публікі з гульцом. То бок галоўная мэта — пазабавіць гледачоў. Згуляла з Кенам Доэрці, Джадам Трампам і Маркам Аланам. Быў яшчэ камандны фрэйм, у якім мы з Аланам перамаглі Трампа і ягоную напарніцу».

Сьцяг павесілі — краіну на мапе не знайшлі

А як рэагуюць арганізатары міжнародных турніраў на беларускую прысутнасьць? Ці даводзілася Яне тлумачыць, што за краіну прадстаўляе і дзе тая на мапе сьвету?

З чэмпіёнам сьвету, аўстралійцам Нілам Робэртсанам
З чэмпіёнам сьвету, аўстралійцам Нілам Робэртсанам

«Я калі апынулася ў Англіі на чэмпіянаце сьвету сярод жанчын, у більярдным клюбе віселі сьцягі краінаў, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Пасьля таго як мы з Бэнам перамаглі і прайшла цырымонія ўзнагароджаньня, падыходзіць жанчына і цікавіцца: „Яна, ты адкуль?“. Кажу, зь Беларусі. Сьмяецца: „Дык вось сьцяг якой краіны мы вывешвалі! Нават у Гугл забівалі, але так і не зразумелі...“ Ну, а цяпер ужо ў курсе, дзе тая Беларусь і якія гульцы там жывуць. Раз-пораз цікавяцца, ці ня частка гэта Расеі. Цяпер дакладна ведаюць: Беларусь — незалежная дзяржава і дакладна ня частка Расеі. Таму некаторым адкрываць Беларусь усё ж даводзіцца (сьмяецца)».

За гады міжнароднай актыўнасьці Яна Шут выдатна авалодала ангельскай мовай, хоць прызнаецца, што доўгі час саромелася заводзіць размову першай. А ці не зьдзіўляе яе новых сяброў, што беларусы ангельскую пачынаюць ведаць лепш за родную?

У кампаніі з Джадам Трампам і Маркам Аланам
У кампаніі з Джадам Трампам і Маркам Аланам

«Сапраўды, калі прыяжджаю на турнір, замежнікі часьцяком цікавяцца: на якой мове размаўляеце, свая ці нейкая іншая? На жаль, даводзіцца казаць, што бальшыня карыстаецца расейскай... Я ня ведаю, чаму такая сытуацыя. Асабіста для мяне беларуская мова надзвычай прыгожая, вельмі падабаецца. Нягледзячы на тое, што мая школа была расейскамоўная, урокаў на беларускай было шмат — гісторыя, літаратура, грамадзкія навукі. Плюс ва ўнівэрсытэце заняткі. Вядома, школа дае толькі пачатковую базу. Да таго ж у нас ці не бальшыня жыхароў — выхадцы зь іншых рэгіёнаў, чыстых беларусаў ня так і шмат. Мне складана параіць, чым зацікавіць дзяцей, моладзь. Шмат залежыць ад атачэньня: калі не гавораць па-беларуску ў сям’і, дзе яшчэ размаўляць?».

Сёлета ў ліпені Яна Шут адзначыць 20-гадовы юбілей. Яшчэ праз год пасьля гэтага зможа ўдзельнічаць у спаборніцтвах, дзе суперніцы будуць зь першай дзясяткі. Адпаведна, зьявіцца магчымасьць умацаваць свае пазыцыі ва ўсясьветным табэлі. Але выглядае, што збольшага даводзіцца цягнуць снукерны воз малымі сіламі. Ці шмат дзяўчат, жанчын займаюцца ў Беларусі элітным більярдам?

Надзея беларускага жаночага більярду
Надзея беларускага жаночага більярду

«Зусім не абавязкова займацца толькі снукерам, каб выступаць на турнірах. Прыходзяць гульцы з пулу, з рускага більярду. То бок няма абмежаваньняў. Але калі казаць пра тых, хто спэцыялізуецца на снукеры, лік сапраўды на адзінкі. Скажам, Альбіна Ляшчук займаецца толькі снукерам, мы разам езьдзілі на чэмпіянаты сьвету, Эўропы, на турніры ў Расею. Пасьпяхова выступала Анастасія Туміловіч, праўда, кажа, што цяпер не трэніруецца. Агулам няшмат. Дзеля папулярызацыі трэба яго больш актыўна разьвіваць і прасоўваць у грамадзтва. Па тым жа пуле шмат дзіцячых школаў, у якіх па 10 дзяцей і больш, снукерная ж толькі адна. А паколькі падмурку не было, магчыма, гадоў праз 5–6 тыя, хто цяпер трэніруецца, усё ж вырастуць да адпаведнага ўзроўню і зробяць масавасьць на турнірах».

Мужчыны зарабляюць — жанчыны ў астатку

Мужчыны-прафэсіяналы зь першай абоймы ўсясьветнага снукеру — праз аднаго мільянэры. А ці можна існаваць толькі за кошт гульні жаночай палове? Ці разьлічвае сама Яна Шут зарабляць прафэсійнай кар’ерай снукерысткі?

№ 1 усясьветнага рэйтынгу Рыэн Эванс (у цэнтры)
№ 1 усясьветнага рэйтынгу Рыэн Эванс (у цэнтры)

«У жаночай частцы, думаю, такое малаверагодна, хоць тая ж брытанка Рыэн Эванс жыве на прыбытках ад снукеру. Праўда, яна выйграе практычна ўсе рэйтынгавыя жаночыя спаборніцтвы, а таксама ўдзельнічае ў мужчынскіх турнірах. Дарэчы, Эванс і Нг На Йі з Ганконгу — адзіныя жанчыны, якія бралі ўдзел у кваліфікацыі да мужчынскага чэмпіянату сьвету, звычайна „слабы пол“ туды проста так не пускаюць. Асабіста я не разглядаю снукер як асноўны артыкул зарабляньня грошай. За выключэньнем Англіі, Ганконгу, магчыма, Кітая, ня думаю, што ў іншых краінах гэта вельмі прыбыткова. Каб мы разьвілі снукер да такога ўзроўню, як у Вялікай Брытаніі, тады можна было б гэта лічыць сфэрай заробку. Але калі ў іх на аматарскія турніры заяўляецца 120 чалавек, у нас ад сілы 30, і то столькі было ўжо даўно».

Як і ў іншых неалімпійскіх відах спорту, найбольш важная падзея ў прафэсійным снукеры — чэмпіянат сьвету, які ладзіцца ад 1927 году (за выключэньнем Другой усясьветнай вайны і пэрыяду 1958–1963 гадоў). Апошнія чатыры дзесяцігодзьдзі галоўны турнір праводзіцца ў знакамітым тэатры Крусібл (Crucible) у Шэфілдзе. Нядаўна там упершыню зьявілася афіша з выявай беларускі Яны Шут.

Афіша з выявай Яны Шут перад арэнай Crucible ў Шэфілдзе
Афіша з выявай Яны Шут перад арэнай Crucible ў Шэфілдзе

Перамога на чэмпіянаце сьвету мае высокі статус: трыюмфатар атрымлівае 250 тысяч фунтаў стэрлінгаў і 10 тысяч рэйтынгавых пунктаў — больш, чым на любым іншым турніры. Ня кажучы пра тое, што быць чэмпіёнам — пачэсна і прэстыжна.

«Прыгожай палове» да такога прызнаньня яшчэ далёка, але Яна Шут усё ж верыць у сьветлую будучыню жаночага снукеру.

Выставачны матч паміж Янай Шут і Кенам Доэрці, травень 2016 году:

Error rendering VK.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG