Буйны мор рыбы заўважылі грамадзкія эколягі на Выганашчанскім возеры. Эколяг Аляксандар Іваноў зь Целяханаў лічыць, што кіраўніцтва лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае» аддало загад сабраць дохлую рыбу з Агінскага каналу, каб схаваць сьляды безгаспадарнасьці.
На возеры і на Агінскім канале, які зь яго выцякае, лёд толькі-толькі пачынае сыходзіць. Дзе ён празрысты, на працягу значнай часткі каналу каля вёскі Выганашчы прасьвечваецца памерлая рыба. Мор заўважны на канале, дзе глыбіня два-тры мэтры. На самім возеры глыбей, але і серавадароду ў вадзе значна больш. Таму, мяркуе Аляксандар Іваноў, маштабы мору будуць відавочныя пасьля таго, як лёд зусім сыдзе:
«Рыба пацягнулася з возера ў Агінскі канал. Пад тоўстым ільдом ёй не засталося паветра, а тут помпа стаіць, таму і кіслароду больш. Але калі помпы адключылі, рыба апынулася ў пастцы. Неўзабаве тут скончылася паветра, і рыба загінула.
Калі падыйсьці з розумам, то можна было б паволі пампаваць ваду, рыба сюды б і прыплыла. Зрэшты, яе можна было б вылавіць. Раней жа так і рабілася. Людзі прабівалі дзюры, глядзелі, ці зьбіраецца рыба падыхаць, і лавілі. А цяпер стала так, што мясцовыя жыхары ня могуць трапіць на возера. Таму і здарыўся мор. І, наколькі я ведаю, пробы вады пачалі браць толькі тады, калі пабачылі дохлую рыбу. А раней жа на Выганашчанскім возеры ледзь не штодня бралі пробы вады, маніторылі сытуацыю. Калі бачылі, што ўзровень кіслароду нізкі, прабівалі лёд і нават тонамі выцягвалі рыбу».
Уладзімер Загароўскі, кіраўнік лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае», на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода адмовіўся адказваць праз тэлефон і запрасіў на размову да сябе ў кабінэт. Але ўжо на наступны дзень адмовіўся і сустракацца. Аляксандар Буры, кіраўнік Нацыянальнага парку «Белавеская пушча», у гэтыя дні ў шпіталі. Яго намесьнікі камэнтаваць сытуацыю не пажадалі.