Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў перагледжаны ўказ, які часова забараняе ўезд у Злучаныя Штаты грамадзянам з шасьці краін, дзе пераважае мусульманскае насельніцтва, пасьля таго, як яго першапачатковы ўказ быў заблякаваны фэдэральнымі судзьдзямі.
Белы дом пацьвердзіў, што Трамп падпісаў загад 6 сакавіка — замарозіўшы выдачу новых віз для грамадзян Ірану, Сырыі, Судану, Лібіі, Самалі і Емэну на 90 дзён. Грамадзяне гэтых шасьці краінаў, якія ўжо маюць дзейныя візы, могуць імі скарыстацца.
Перагледжаны парадак, які ўступае ў сілу 16 сакавіка, таксама прыпыняе дзеяньне праграмы па прыёме ўчекачоў на 120 дзён.
Першы ўказ Трампа аб іміграцыі, выдадзены 27 студзеня часова забараніў ўезд грамадзян тых самых шасьці краін — а таксама Іраку на пэрыяд 90 дзён. Паводле новага, перагледжанага парадку, аднак, не забараняецца выдача новых віз для грамадзян Іраку. Указ таксама не ўключае пастаянных жыхароў ЗША з шасьці пералічаных краін.
Трамп настойвае на тым, што забарона на ўезд неабходная, каб гарантаваць бясьпеку краіны, у той час як крытыкі абвінавачваюць яго ў дыскрымінацыі паводле рэлігійнага прынцыпу, што Белы дом адхіляе.
У лютым фэдэральны суд у Сіэтле (штат Вашынгтон), разгледзеўшы пазоў мясцовых уладаў, увёў часовую забарону на выкананьне прэзыдэнцкага ўказу. Міністэрства юстыцыі падало апэляцыю на гэтае рашэньне, але яна была адхіленая.