Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдзіч: «Я яшчэ не дарабіў плян круглага стала»


Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч
Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч

Тры тыдні таму галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч сам-насам сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і выступіў зь ініцыятывай арганізаваць «нацыянальны круглы стол».

13 лютага па выніках той сустрэчы Ёсіф Сярэдзіч распавёў: «Я, не паглыбляючыся ў дэталі, накідаў схему наконт таго, як, на мой погляд, можна арганізаваць работу „Нацыянальнага круглага стала“... І я прапанаваў Аляксандру Рыгоравічу паспрыяць таму, каб самыя разумныя галовы Беларусі — няхай іх будзе сто, дзьвесьце — селі разам з прадстаўнікамі ўлады за адзін круглы ці квадратны стол і памазгавалі над праблемай».

Ці ёсьць нейкія зрухі праз тры тыдні, ці вядзецца падрыхтоўка да нацыянальнага круглага стала? На гэтае пытаньне Свабоды Ёсіф Сярэдзіч адказаў так:

«Сёньня я на гэтае пытаньне адказваць ня буду. Бо я яшчэ не дарабіў тое, што я павінен быў прапанаваць. За наступны тыдзень я павінен усё дарабіць. Цяпер мне трэба больш дэталёва, у распрацаваным пляне прадставіць матэрыялы і пакласьці на стол прэзыдэнту. Гэта трэба сур’ёзна рыхтаваць».

Размаўляючы з Аляксандрам Лукашэнкам, галоўны рэдактар «Народнай волі» выканаў даручэньне сваіх калег, расказаў, што вось ужо колькі гадоў шэраг незалежных рэгіянальных газэт пазбаўлены мясцовымі чыноўнікамі права свабодна распаўсюджвацца праз шапікі, падпісныя каталёгі, ёсьць перашкоды з друкам. Аляксандар Лукашэнка адказаў тады Ёсіфу Сярэдзічу: «Лічыце, што ўсе сродкі масавай інфармацыі ў нашай краіне зь сёньняшняга дня будуць мець аднолькавыя правы».

Ці ёсьць у спадара Сярэдзіча спадзяваньне, што абяцаньне кіраўніка дзяржавы будзе выканана?

«Лукашэнка сказаў сваё слова, а цяпер справа за чыноўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта, Белсаюздруку, Белпошты. На мінулым тыдні я меў размову з прэсавым сакратаром прэзыдэнта Натальляй Эйсмант, яна папрасіла ў мяне той сьпіс незалежных рэгіянальных СМІ, які я паказваў Аляксандру Лукашэнку пры сустрэчы. Як я разумею, гэта ёй трэба для таго, каб даць даручэньні адпаведным структурам — „Белпошце“ і „Белсаюздруку“. Сьпіс выданьняў я перадаў. Мяркую, што гэтае пытаньне на кантролі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG